Лабірынты асенніх вандровак

Источник материала:  
Чаму адны ходзяць у ягады і грыбы, а другія — па ягады і грыбы?
Восень — самая шчодрая пара года. Шмат у нашых лясах ягад і грыбоў. Канечне, суніцы і маліны ўжо наўрад ці сустрэнеш, прынамсі, у вялікай колькасці. А вось буякі ды журавіны, а з грыбоў апенькі і махавікі — дык калі ласка.
Многія ж дбайныя гаспадары ўжо здаволіліся, нарыхтавалі сабе дароў прыроды ўдосталь. І запаветныя слоікі з вітаміннай памяццю пра шчодрую пару занялі свае месцы на паліцах.
Аднак як бы ўтульна і камфортна цяпер ні было ў доме або кватэры, на свежым паветры лепш. Таму прапаную віртуальную вандроўку ў ягады і грыбы. А можа, па ягады і грыбы? Вось гэта пытанне! Але цалкам вырашальнае. Дарэчы, яно часта ўзнікае ў носьбітаў беларускай мовы.
Адразу заўважу, што можна хадзіць і ў ягады (грыбы), і па ягады (грыбы). Розніца толькі ў мэце, з якой ідзём, і ў месце, куды накіроўваемся.
Раз ужо вырашана гуляць на свежым паветры ды заадно назбіраць вітамінных дароў, то правільна — ісці ў ягады (грыбы). Такім чынам, гайда ў журавіны і ў апенькі на балота. Так-так, менавіта ў вільготных месцах яны адчуваюць сябе найлепш.
Тыя ж, хто баіцца камароў і гадзюк, аднак не супраць паласавацца, асабліва калі ёсць ужо запасы, адправяцца ў кухню да халадзільніка або ў пограб па ягады (грыбы).
Такім чынам, калі наша мэта — збор дароў лесу, дарэчны прыназоўнік у і правільна — пайсці ў лес у грыбы. Калі ж яны ўжо нарыхтаваны і наша мэта ўзяць іх з халадзільніка або пограба, то ўжываецца прыназоўнік па: накіравацца ў кухню да халадзільніка па варэнне або па замарожаныя ці нават свежыя ягады (грыбы).
Смачнай і нясумнай вам восені! І будзьце ўважлівыя да слова!

Падрыхтавала Вераніка Бандаровіч

←Лучшим сельским почтальонам – призы «Белорусской нивы»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика