Па святых слядах - Частка першая

Источник материала:  

Пазнаць Беларусь

— Кожная вандроўка непаўторная. Падчас адной мы наведваем святыя мясціны — камяні, крынічкі, курганы. Часам едзем менавіта на фэсты. Іншы раз прыпадае багатая экскурсійная праграма, ёсць магчымасць паглядзець помнікі архітэктуры. А бываюць і падарожжы, падчас якіх можна не толькі паглядзець мясцовыя помнікі, але і з бабулямі пагутарыць, пра традыцыі даведацца. Хтосьці ездзіць з навуковымі мэтамі, а хтось для душы, — такая гаворка заходзіць у аўтобусе, які кіруецца на Міншчыну. Гэта 117-я вандроўка этнагістарычнага цэнтра "Явар". На гэты раз з "Яварам" падарожнічаюць не толькі навукоўцы, але і проста цікаўныя — настаўнік, журналісты, пісьменніца, студэнткі, хобі якіх — падарожнічаць па Беларусі... Дарэчы, выправіцца з "Яварам" можа любы ахвотны. Маршрут распрацоўваецца загадзя, прычым тут улічваюцца і звесткі, сабраныя мясцовымі краязнаўцамі, і архіўная інфармацыя. Вандроўнікі скідваюцца на мікрааўтобус і вандруюць па Беларусі, адкрываючы для сябе яе таямніцы: цікавыя аб'екты, паданні, традыцыі, людзей... Як вынік падарожжа — у даследчыкаў выходзяць навуковыя артыкулы і кнігі, а ў тых, хто падарожнічае проста "для душы", — назапашваецца шмат уражанняў і адкрыццяў старажытных духоўных скарбаў. На Беларусі захавалася багата паселішчаў, дзе яшчэ жывуць людзі, верныя традыцыям, ёсць такія месцы, куды ходзяць яшчэ з дахрысціянскіх часоў... Гэта цудоўная магчымасць не толькі пабачыць Беларусь, але і пазнаць яе. Такія вандроўкі могуць быць цікавыя самым патрабавальным экскурсаводам, тут яны могуць пазначыць для сябе шмат адметных аб'ектаў...

Па святых слядах - Частка першаяСярод цікавых момантаў гэтага падарожжа — знаёмства з бабулямі Вандай і Ганаратай у вёсцы Шэметава Мядзельскага раёна. Бабуль мы заспелі ў касцёле Божай Маці, які яны ўпрыгожвалі да свята — Уздзвіжання Святога Крыжа. Бабулі прынеслі ў касцёл шматметровы вянок, сплецены з аксамітак, ці, як у іх гавораць у вёсцы, — гваздзікоў. Жанчыны распавялі, што, каб стварыць яго, неабходна было ўсяго гадзіны дзве, праўда, плялі вянок адразу чалавек дзесяць...

У касцёле Маці Божай у вёсцы Шыманэлі Смаргонскага раёна ўразіў бакавы алтар з абразамі і рэліквіямі Святога Ізыдора (маленькімі прыладамі працы — граблямі, рыдлёўкамі, баронамі, косамі). Святы лічыцца заступнікам земляробаў. Пра яго ёсць і легенда, што ў маленстве Ізыдор быў парабкам у заможных суседзяў. Да гаспадара дайшлі чуткі, што хлопчык толькі моліцца, а не працуе. І тым не менш усе даручэнні, што даваліся малому, своечасова выконваліся. Высветлілася, што пакуль Ізыдор маліўся, працу за яго выконваў анёльчык. Між іншым, у Нястанішскім прыходзе 10 ліпеня ладзіцца фэст у гонар Святога Ізыдора.

Але наведванне архітэктурных помнікаў — гэта, так бы мовіць, дадатковая праграма, асноўная мэта падарожжаў даследаванне малавядомых помнікаў духоўнай культуры. І падчас гэтай вандроўкі нам выпала паглядзець гарадзішча, святую крыніцу, каменныя крыжы і камяні.

Маршруты ад краязнаўцаў

Вілейскі раён можна назваць сапраўдным запаведнікам, дзе захавалася шмат старажытных камянёў. Тут да нас далучаюцца мясцовыя краязнаўцы. Сярод іх адзіны ў Беларусі спецыяліст па ямкавых камянях — Аляксандр Зайцаў. Між іншым, Аляксандр Пятровіч рыхтуе кнігу аб сакральных помніках Вілейшчыны, удзельнічае ў міжнародных канферэнцыях, прысвечаных гэтай праблематыцы.

Камяні з ямкамі (альбо лункамі) найбольш часта сустракаюцца ў Паўночнай і Сярэдняй Еўропе. Прычым існуюць розныя версіі наконт прызначэння лунак. Так, згодна з адной з іх, яны выкарыстоўваліся для збірання ахвярнай крыві, па другой — гэта выемкі для розных ахвяраванняў. Хаця большасць навукоўцаў схіляецца да меркавання, што падобныя камяні звязаны з культам продкаў. У старажытнасці ля валуноў закопвалі рэшткі спаленых нябожчыкаў, а пасля ў памяць пра іх выбівалі лунку. Калі сваякі памерлага сустракаліся ля каменя, яны пілі малако, рэшткі якога лілі ў паглыбленне. З камянямі звязаны розныя легенды. Так, на Вілейшчыне гэта легенды пра тое, што з такой лункі ваду піў Бог; што ямка — гэта адбітак божага следу; што гэта акамянелі валы. Паводле аднаго падання, камень з'явіўся на месцы хаты шаўца, калі ў яе ўдарыў Пярун.

Па святых слядах - Частка першая

Але, калі я запыталася ў Аляксандра Зайцава, якая знаходка (а гэта не толькі камяні) яго больш за ўсё ўразіла, яму цяжка было знайсці адказ. Можа, таму, што сёння ў яго "калекцыі" больш за сотню такіх аб'ектаў. Сярод іх у тым ліку і комплекс камянёў у вёсцы Сцеберакі з загадкавымі малюнкамі, якія, па адной з версій, нагадваюць астралагічныя сімвалы.

Між іншым, адзін з лепшых знаўцаў Вілейшчыны родам з Літвы. Ён працуе азеляняльнікам і ахоўнікам. А падарожнічае ў вольны час на веласіпедзе. Часта разам з ім выбіраецца і жонка Галіна, як яна прызнаецца: "Я падумала, чым сядзець на канапе і злавацца, што мужа няма дома, ці не паехаць мне разам з ім". Сёння сужэнцы могуць распавядаць ужо пра падарожжы не толькі па Вілейшчыне, але і па Літве і Эстоніі. Сабрана ў іх і калекцыя акамянеласцяў, у якой ёсць нават зуб маманцяняці...

У гэта падарожжа Аляксандр Пятровіч паказвае нам "свежанькія" знаходкі: камень з адтулінай у вёсцы Дзедзічы і камень з дзіркай у Тарасавічах. Між іншым, пра камень у Тарасавічах ведаюць і ў Сібіры. Пісьменнік і былы вайсковец Леанід Лукша, якога мы сустрэлі ля каменя, распавёў, што калі служыў у Сібіры, сустрэўся там са сваякамі (туды яны пераехалі ў пошуках зямлі і лепшай долі падчас сталыпінскай рэформы). Яго не прызнавалі за роднага, пакуль хлопец не адказаў на пытанне, што адметнага ёсць у іх вёсцы. А ўзгадаў ён менавіта пра камень з дзіркай...

Па святых слядах - Частка першаяКалі мы едзем па раёне, Аляксандр Пятровіч, бясконца распавядае пра свой край. Так, мы праязджаем, здавалася б, звычайнае поле, а некалі тут было Дурное балота, пра якое расказваюць, што яно было бяздонным і тут з'яўляліся розныя здані. Што ў вёсках можна знайсці шмат "адмецін" з часоў Першай сусветнай вайны. Мы даведваемся, што сучасная назва "Вароніна гняздо" не супадае з той, якая даецца ў старых дакументах, — "Варонін дуб". Што ёсць на Вілейшчыне памежны камень, пра які сустракаюцца звесткі яшчэ з 1599 года. Ляжыць ён паміж вёскамі Іжа і Каралеўцы. Валун той мог бы выкарыстоўвацца ў турыстычных маршрутах. Усё ж камень стаяў на некалькіх межах: мяжы ВКЛ і Расійскай імперыі, Мінскай і Віленскай губерняў, Вілейскага і Завілейскага паветаў, а яшчэ і на мяжы ледавіка. Не менш варты ўвагі і раённы геалагічны помнік — агаленне на рацэ Нарачанка, якое "распавядае" пра гісторыю раёна за апошнія... 17 тысяч гадоў.

Ды і ўвогуле, як не запытацца ў чалавека, які так дасканала ведае свае мясціны, пра тое, якія турыстычныя маршруты маглі б з'явіцца на Вілейшчыне?

— Маршрут, які зараз распрацаваны, на мой погляд, атрымаўся нецікавым: калі трэба ехаць па палях, па асфальце кіламетраў 40 і пры гэтым паглядзець усяго 2-3 аб'екты. А можна паехаць на Куранец, Багданава, паглядзець рэчкі з падзямеллямі, потым накіравацца у Даўгінава і Каменава. Гэта быў бы добры маршрут, на якім шмат аб'ектаў. Напрыклад, гарадзішча каля вёскі Рэчкі, якое адкрыў яшчэ Адам Кіркор у 1854 годзе. У глыбіні гары — незвычайны праход з калонамі з вапны і глыбокая адтуліна. Людзі казалі, што, калі засунеш туды руку, яна адсохне. Кіркоў засоваў доўгую жэрдку і краю так і не намацаў; пісаў, што "рука ў яго не адсохла". Некалі тут было культавае месца. Тут ходзяць легенды пра замак, які праваліўся. Мясцовыя і зараз гэтую гару называюць Замак (ці Гарадок), а прыезджыя — выпраўляюцца на пошукі скарбаў і руйнуюць унікальную мясціну.

Альбо нядрэнна было б зрабіць веламаршрут па лесе праз Губскую пушчу. Паглядзець гарадзішча Свяцілішча. Там ёсць і культавыя валуны, а пад святой гарой у Губах — крыніца з паданнем пра жанчыну, якая лётала і размаўляла на невядомай мове. Межы Губскай пушчы не мяняліся прыкладна з ХV стагоддзя. Ніколі яе моцна не секлі, не "разорвалі", і на картах 1820-ых яна мае прыкладна такія ж межы, як сёння.

Альбо можна выправіцца на веласіпедзе з Вілейкі, паглядзець Памежны камень, у Більцэвічах — камень з ямкамі, а ў Цынцавічах — нават два камені з ямкамі. Можна завітаць на радзіму мастака Сільвановіча, у Любані агледзець рэшткі маёнткаў, каменны крыж, прыехаць у Каралеўцы, Іжу, павярнуць на Папоўцы і накіравацца да Цітовіча ў Заброддзе, а потым па крузе выехаць на Вілейку. Чым дрэнны такі маршрут?

Адзначу яшчэ, што Вілейшчыне пашанцавала: тут склаўся моцны краязнаўчы калектыў. Энтузіястамі падрыхтаваны нават мультымедыйны дыск "Шляхамі Вілейшчыны", на якім сабрана больш за тысячу фатаграфій. Ён распавядае пра цудоўныя мясціны краю, касцёлы, цэрквы, маёнткі, пра знакамітых людзей.

Калі ж я запыталася ў краязнаўцаў, што трэба для таго, каб сабраная імі багатая інфармацыя "працавала" на карысць краю, пачула адказ пра недахоп зусім не грошай, а... неабыякавых людзей.

Алена Дзядзюля.

Фота аўтара.

←Распачаўся традыцыйны візіт шведскіх школьнікаў у гомельскую гімназію № 10

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика