Беларускі вінаград: толькі хобі альбо прамысловы кірунак? Айчынныя ягады, здараецца, нават лепшыя за імпартныя
"Часам такое адчуванне, што калі б не наша зіма, то людзі ўжо пачалі б і бананы вырошчваць" — кажа кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт кафедры плодаагародніцтва і лугаводства Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта Сяргей СОБАЛЕЎ.
Мы сустрэліся ў горадзе над Нёманам на ўжо традыцыйнай выставе "Вінаград-2011", дзе было прадстаўлена каля 80 гатункаў гэтай, даволі экзатычнай для Беларусі, культуры.
Зрэшты, Сяргей Собалеў, для якога вырошчванне вінаграду — не толькі хобі, але і сур'ёзная навуковая праца, з вызначэннем "экзотыка" не згодны. У нашай гісторыі шмат звестак пра гэту старажытную культуру. Пасля вайны, у пачатку 50-х гадоў Беларусь спрабавалі нават пераўтварыць ледзь не ў вінаградную дзяржаву: прымаліся пастановы савецкага ўрада, з усёй краіны дастаўлялі самалётамі саджанцы і чаранкі, ствараліся адпаведныя саўгасы і калгасы. У 1950-1960-я гады, паводле статыстыкі, у нас налічвалася да 150-400 гектараў вінаграднікаў. Праўда, ад іх ужо нічога не засталося.
— Тым не менш, энтузіястаў-вінаградараў, мяркуючы па выставе, нямала. Значыць, аўчынка, як кажуць у народзе, усё ж можа быць вартай вырабу?
— Сапраўды, толькі на Гродзеншчыне ведаю каля ста чалавек, якія маюць значныя калекцыі вінаграду. А ў паўднёвых абласцях рэспублікі, дзе лепшыя ўмовы для яго вырошчвання, энтузіястаў вінаградарства, мусіць, значна больш. Хто хоча — ураджай атрымлівае. А хто прыходзіць на выставу і просіць саджанцы буйнога, смачнага, салодкага вінаграду, які павінен сам расці і не патрабаваць асаблівага догляду — такія, як правіла, церпяць фіяска. Бо вінаград — гэта культура, якая не падобна ні на адну іншую, нельга ўзяць прыклад з вырошчвання яблыкаў ці нейкай агародніны. Таму веды, звычкі, якія мае садавод, не ў поўнай меры адпавядаюць патрабаванням вінаграду. А адсюль часцяком і няўдачы.
— Дык як жа вырасціць у Беларусі вінаград? Якім гатункам варта аддаць перавагу ў нашых умовах?
На жаль, людзі часта купляюць незнаёмыя гатункі на рынку альбо прывозяць іх з Украіны, Малдовы, Сярэдняй Азіі ці іншых "вінаградных дзяржаў", але ў беларускіх умовах добры ўраджай не атрымліваецца. Праходзяць гады, а надзеі, якія ўскладаліся на прывезены саджанец, так і не спраўджваюцца, бо ў гэтага гатунку занадта позні тэрмін паспявання. Даводзіцца яго выкідваць і саджаць новы, а ўпушчаны час не вярнуць. Таму будзьце асцярожныя пры выбары гатунку вінаграда для развядзення на ўчастку.
Для даведкі.
Існуюць тры кірункі вырошчвання вінаграду, кожнаму з якіх адпавядае свая група гатункаў — укрыўных, неўкрыўных і цяплічных.
Укрыўныя гатункі ў вясенне-летні перыяд растуць пад адкрытым небам як звычайнае пладовае дрэва. А на зіму надземную частку расліны ўкладваюць на зямлю і ўкрываюць тэрмаізаляцыйным матэрыялам (зямля, салома, лапкі і інш.).
Неўкрыўныя гатункі зімой і летам знаходзяцца пад адкрытым небам, не патрабуючы ад вінаградара ўцяпляльных мерапрыемстваў.
Цяплічныя гатункі даюць добры ўраджай толькі ў садовых цяпліцах. У адкрытым грунце ім цяпла не хапае, што прыводзіць да адсутнасці ўраджаю альбо да моцных падмярзанняў куста.
Сяргей Собалеў зазначае, што ў кожнага з гэтых кірункаў у нашых рэаліях ёсць свае плюсы і мінусы. Неўкрыўныя гатункі, большасць з якіх мае прыбалтыйскія карані, не надта патрабавальныя да глебы і месца росту, даволі ўстойлівыя да маразоў і хваробаў. Але ягады невялікія, з сунічным прысмакам і слізістай мякаццю.
Ягады ўкрыўных гатункаў не толькі большыя па памеры, прыгожыя, але і вельмі разнастайныя па смакавых якасцях: і з мускатным прысмакам, як у зоне традыцыйнага вінаградарства, і з ананасным... Але яны менш устойлівыя да капрызаў надвор'я і хвароб, патрабуюць больш апрацоўкі.
Што тычыцца цяплічных гатункаў, то яны ў нашых умовах не тое што канкурэнтаздольныя, але часта нават пераўзыходзяць паўднёвы вінаград, які прадстаўлены на рынках — і па знешніх, і па смакавых якасцях.
— Я не хачу праводзіць антырэкламу, аднак сур'ёзная вартасць нашага вінаграду ў тым, што ён больш экалагічна чысты, паколькі значна менш апрацоўваецца ў параўнанні з імпартным, — лічыць Сяргей Собалеў. — У якасці доказу — класічны прыклад. Любы вінаградар вам скажа, што трэснутую ягаду пчолы і восы аб'ядаюць да костачкі. А ці шмат гэтых насякомых вакол рыначнага вінаграду? Бывае, але большая частка ляжыць — ніводная пчала не падляціць.
З іншага боку, цяплічны вінаград патрабуе больш затрат (будаўніцтва цяпліцы, падрыхтоўка глебы) і працы па доглядзе плантацыі, асабліва па ахове ад шкоднікаў і хвароб. Няправільна апрацаваў, спазніўся — страціш значную частку ўраджаю.
— Якія хваробы найперш перашкаджаюць беларускаму вінаграду?
— Галоўная, так бы мовіць, хвароба — гэта наша зіма. Вопыт паказвае, што якія б ні былі маразы, аднак калі ёсць устойлівае снежнае покрыва, вінаград цудоўна зімуе. Укрыўны, неўкрыўны — вялікай розніцы няма. Аднак калі стаіць бясснежная зіма з частымі адлігамі, дык тут пачынаюцца асноўныя праблемы.
Вывесці гатункі, якія добра пераносяць тэмпературу мінус 30 градусаў, асаблівай праблемы няма. Але атрымаць гатункі, якія прыстасаваныя да гэтай "гайданкі" (то адліга, то моцны мароз) — праблема вельмі сур'ёзная не толькі для вінаграду, а ўвогуле для раслінаводства.
А летам асноўныя ворагі вінаграду — гэта, у першую чаргу, мілдзью (несапраўдная мучністая раса) і аідыум (сапраўдная мучністая раса). Вялікай праблемы яны не складаюць толькі ў тым выпадку, каля праводзяцца прафілактычныя работы. Мілдзью апрацоўваецца тымі ж прэпаратамі, што і бульба ці таматы супраць фітафтарозу. Аідыум лечыцца такімі ж сродкамі, што і парша яблыкаў альбо іншых культур. Самае галоўнае — зрабіць гэта своечасова.
— Вінаградарства ў Беларусі — справа толькі энтузіястаў на ўзроўні хобі?
— Вядома, атрымаць вынікі на прысядзібным участку, на невялікай плошчы (многія гаспадаркі Гродзеншчыны маюць 8-10 сотак вінаграднікаў) — адно, а прамысловы варыянт — зусім іншае, гэта куды больш праблематычна. І ўсё ж, мяркую, можна казаць аб фарміраванні нейкага кірунку ў прымяненні да паўднёвых абласцей — Брэсцкай і Гомельскай. Скажам, раней у нас не звярталася асаблівай увагі на вінныя гатункі вінаграду, але ў апошнія гады інтарэс да іх узрастае. Некаторыя вінаробныя прадпрыемствы цяпер актыўна закладваюць даволі вялікія па плошчы вінаграднікі. Так, мы ніколі не зможам вырабляць са свайго вінаграду дарагое марачнае, каньячнае віно, але супастаўнае па якасці з папулярным недарагім крымскім нам, лічу, па сілах. І трэба ім займацца, бо гэта ж не сурагат, а чысты вінаградны сок і дрожджы.
На дадзеным этапе для вінаробства ў Беларусі, у хатніх умовах Сяргей Собалеў рэкамендуе неўкрыўныя гатункі вінаграду, якія характарызуюцца высокім выхадам соку і, галоўнае, больш высокай цукрыстасцю. Віно атрымліваецца з сунічным прысмакам, але яно смачнае, прыемнае.
А што тычыцца прамысловых тэхналогій вырошчвання цяплічнага вінаграду, то, на жаль, пакуль нельга прывесці прыклад, які б быў падмацаваны практычным вопытам. Праўда, у адной з гаспадарак Гродзеншчыны закладзена цяплічная плантацыя. Прапанова, з якой звярнуліся ў аграрны ўніверсітэт, тлумачыцца тым, што стала неэфектыўна вырошчваць грунтовыя таматы і агуркі. Мо альтэрнатыву ім складзе вінаград, які не патрабуе рэгулярнай замены грунту? Згодна з папярэднімі разлікамі, гэта ідэя можа сябе апраўдаць. Але час пакажа, што атрымаецца на практыцы.
Барыс ПРАКОПЧЫК.