Жураўлі
У апошнія дні жніўня, у пачатку верасня назіралі за паводзінамі жураўлёў: "Калі жоравы палятуць, то ў сярэдзіне кастрычніка мароз пачнецца, а калі не — то зіма позна прыйдзе".
Жораў ва ўсім свеце з'яўляецца сімвалам зносін з боствамі. У культуры ўсходніх славян гэту прыгожую птушку заўсёды лічылі свяшчэннай, веснікам усяго добрага, станоўчага. Па ўяўленні нашых продкаў, увосень жураўлі пакідаюць наш край, адлятаюць на зімоўку і нясуць з сабой прэч грэшныя душы, а рана ўвесну вяртаюцца з выраю, каб прынесці з сабой душы будучых дзяцей, якія народзяцца ў гэты год.
Журавель заўсёды быў годнай, незалежнай, недасяжнай для чалавека птушкай. Калі ў жыцці чалавека ствараліся сітуацыі, у якіх неабходна было зрабіць выбар, у народзе казалі: "Лепш сініца ў руках, чым жораў (журавель) у небе". Пра нешта вельмі жаданае, але недасягальнае, казалі: "Што жораў у небе".
Забіць жорава значыла назаўсёды развітацца з асабістым шчасцем: ніва будзе бясплоднай, гаспадарка прыйдзе ў заняпад, у сям'і пачнуцца сваркі і хваробы.
Шматлікія рытуальныя дзеянні і прыкметы, звязаныя з жоравам, супадалі з дзеяннямі ў дачыненні да бусла. Так, на Палессі ранняй вясной, калі вы ўбачылі першага жураўля, неабходна было "пакачацца" па полі, каб на працягу года не было болю ў спіне.
Лічылі, што на тым полі, куды села шмат жураўлёў, будзе добры ўраджай.
Па палёце жораваў прадказвалі надвор'е:
— жоравы ляцяць высока — да дажджу;
— жораў заляцеў у вёску — чакай непагадзі, буры;
— калі жураўлі ў час адлёту на поўдзень ляцяць высока, не спяшаючыся, "перагаворваюцца" — будзе ціхая добрая восень.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.