РОЗГАЛАС
У Віцебскай вобласці ў выніку праверак супрацоўнікі падатковых органаў з нелегальнага абароту канфіскавалі больш як 3 тысячы літраў алкагольнай прадукцыі і нехарчовых тавараў: больш як 830 літраў піва, 621 тысячу штук тытунёвых вырабаў. І гэта толькі сёлета за першыя восем месяцаў. У тым ліку канфіскавалі і 2,8 тысячы літраў нафтапрадуктаў.
Паводле інфармацыі Віцебскай абласной падатковай інспекцыі, па выніках праверак структурам прадпрымальніцкай дзейнасці, якія ажыццяўляюць вытворчасць і абарот падакцызных тавараў, трэба даплаціць у бюджэт падаткаў на суму звыш 630 мільёнаў рублёў.
Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі каля ста суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці і каля 270 грамадзян. Сума штрафаў перавысіла 250 мільёнаў рублёў.
Пайшлі ў лес у грыбы і заблудзілісяУ Дубровенскім раёне 70-гадовая жанчына пайшла ў лес у раёне вёскі Шабаны ў грыбы і заблудзілася. Пры сабе мабільнага тэлефона бабуля не мела. Пра яе знікненне вечарам паведаміў выратавальнікам сын пенсіянеркі.
Адпаведную інфармацыю перадалі і ў раённы аддзел унутраных спраў. Адразу ж быў арганізаваны пошук, у якім бралі ўдзел акрамя выратавальнікаў і міліцыянераў, таксама работнікі лясніцтва і добраахвотнікі. Жанчына толькі на наступны дзень раніцай здолела самастойна выйсці з лесу.
І літаральна на наступны дзень у лесе шукалі пару: мужчыну і яго грамадзянскую жонку. Яны таксама пайшлі ў грыбы, ды не вярнуліся дадому своечасова. Мабільны быў ды, на жаль, разрадзілася батарэя. У рэшце рэшт мужчына і жанчына самі выбраліся з ляснога палону, у якім знаходзіліся больш як суткі, да цывілізацыі.
Тэлевізар і халадзільнік загарэліся саміУ раённым цэнтры Міёры адбыўся пажар у доме з-за таго, што загарэўся тэлевізар. Сын гаспадыні ўключыў тэлевізар, які быў выраблены больш за дзесяць гадоў таму і выйшаў з пакоя. Калі вярнуўся — убачыў полымя. У выніку пажару ніхто не пацярпеў, агонь толькі пашкодзіў сцены і маёмасць.
А ў Віцебску прычынай пажару стаў стары халадзільнік. Гаспадыня кватэры, пенсіянерка, не пацярпела.
Спецыялісты раяць не пакідаць без прыгляду электрапрыборы і абавязкова выключаць іх з разеткі. Што тычыцца халадзільнікаў, калі ім больш за дзесяць гадоў, то абавязкова штогод трэба выклікаць майстра і своечасова праводзіць тэхнічнае абслугоўванне.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.
У Польшчы — гран-пры, у Беларусі — глядацкія сімпатыіМультфільм "Кінематограф" польскага рэжысёра Томека Багінскага атрымаў галоўны прыз ХІV Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў "Анімаёўка-2011", якія завяршыўся ў Магілёве. У ім бралі ўдзел 50 анімацыйных студый з 20 краін свету.
За пяць фестывальных дзён гледачы ўбачылі больш за сотню новых мультфільмаў. Конкурсную праграму ацэньвала міжнароднае журы. Прыз глядацкіх сімпатый атрымала стужка "Курачка Раба" мінскага аніматара Уладзіміра Пяткевіча. Спецыяльныя прызы фестывалю таксама атрымалі рэжысёры з Латвіі, Літвы і Арменіі. "Прызам майстру" адзначаны ўклад у развіццё анімацыі вядомага расійскага рэжысёра Леаніда Носырава.
Упершыню ў фестывалі прайшла конкурсная праграма "Я не чараўнік, я толькі вучуся". У ім бралі ўдзел 24 студыі з Беларусі і Расіі, дзе мультфільмы робяць самі дзеці. Прыемна, што дыплом першай ступені атрымала дзіцячая студыя "Мы ёсць!" з Мінска за фільм "Дзіўныя хлопчыкі". Віншуем пераможцаў!
Ілона Іванова.