У Беларусі прайшоў першы чэмпіянат сярод пекараў
Аказваецца, добры пекар мала чым адрозніваецца ад мастака, а яго кулінарныя вырабы, створаныя са звычайных беларускіх прадуктаў (яек, мукі, солі, цукру, вады і г. д.), сапраўды вартыя звання шэдэўр. З гэтым можа пагадзіцца кожны мінчанін ці госць сталіцы, хто зазірнуў учора ў Нацыянальны выставачны цэнтр “БелЭкспа” на вуліцы Янкі Купалы, каб стаць сведкам першага чэмпіянату Беларусі сярод пекараў.
У гэтым конкурсе бралі ўдзел дванаццаць наймацнейшых пекараў нашай краіны. У якасці хатняга задання яны стваралі (інакш, гледзячы на гэтыя цуды кулінарнага мастацтва, і не скажаш) каравай на тэму “Сінявокая Беларусь”, а непасрэдна на выставе “Хлебная і кандытарская справа” гатавалі піцу.
Фантазія беларускіх пекараў даволі багатая. Зірнеш на іх караваі — і, здаецца, узмахваюць сваімі крыламі лебедзі, буслы і ластаўкі, а валошкі і рамонкі так і хочацца хутчэй схапіць, каб сплесці з іх вянок. Нават не верыцца, што гэтыя птушкі і кветкі з карамелі і звычайнага салёнага цеста. Немагчыма прайсці міма гэтых “твораў”: на іх арыгінальнымі сродкамі паказана ўся наша краіна. І, што цікава, кожная з удзельніц конкурсу знайшла свой асабісты рэцэпт перадачы хараства нашай сінявокай краіны.
Караваі выглядалі як натуральны млын, ажыўшая Чырвоная кніга Беларусі, і нават цэлы Мірскі замак, і беларусачка, на сукенцы якой можна было пабачыць усё багацце беларускай прыроды. “Месца такім незвычайным экспанатам, на якіх гуляюць зубры і растуць каласы, толькі ў музеі кулінарнага мастацтва, а не на конкурсе”, —толькі і змагла падумаць, гледзячы на ўсю гэтую прыгажосць
Адным з самых арыгінальных падаўся каравай мінскага пекара Людмілы Хакімавай, якая шмат гадоў працуе на хлебазаводзе № 1. У адрозненне ад іншых кулінарных вырабаў ён быў не круглым, а ў форме трапецыі. На кожным яе баку паўставала карцінка з традыцыйнага жыцця беларусаў.
Напрыклад, тут было паказана, як расце жыта, як гаспадыня пячэ хлеб.
— Мой сакрэт смачнага каравая просты: патрэбна, каб дрожджы былі свежыя, не сухія. А яшчэ трэба добра вымесіць цеста, дачакацца, каб яно падышло. Стаяць цеста павінна не менш за 40 хвілін, — расказвае Людміла Хакімава. — Каб каравай атрымаўся прыгожы, з прыгожай скарыначкай, неабходна яго змазаць непасрэдна перад выпяканнем жаўтком, змешаным з вадой. А яшчэ трэба, каб каравай пастаяў прыкладна паўгадзіны да таго, як вы паставіце яго ў духоўку.
Кандытар “Гроднахлебпрама” з дваццацігадовым стажам Таццяна Сяргейчык падзялілася з чытачамі “НГ” сакрэтам добрай піцы.
— Правільнае цеста, як кажуць італьянцы, вельмі тонкае, таму яго трэба добра раскатаць. І зусім неабавязкова рабіць цеста на дражджах. Напрыклад, мае дзеці любяць піцу на простым смятанным цесце, — расказвае гаспадыня. — Зрабіць яго вельмі проста: вазьміце два яйкі, баначку смятаны, прыкладна 300 грамаў мукі, крышачку солі і цукру, усё замясіце. Цеста павінна быць рэдкім. Спачатку прыгатуйце з яго аснову для піцы (запякайце да паўгатоўнасці), а потым пакладзіце наверх начынку — на свой густ. Гэта могуць быць і морапрадукты, і каўбаса, і грыбы, і гародніна.
Дарэчы, у час прыгатавання конкурснай піцы мы падглядзелі ў удзельніц чэмпіянату некалькі сакрэтаў. Спачатку тонка раскатанае цеста прафесіяналы змазвалі таматнай пастай, а потым клалі на яго кавалачкі сыру, перамешваючы з начынкай. Цёртым сырам таксама пасыпалі і зверху — кажуць, што так яшчэ смачней. Піцу ўпрыгожвалі памідорамі, пятрушкай, аліўкамі і косамі, сплеценымі з рэшткаў цеста. Аднак галоўнае правіла, якім карысталіся пекары, — усё трэба гатаваць ад душы. Тады каравай, піца ці іншая страва атрымаюцца і прыгожымі, і вельмі смачнымі!
Будзь у курсе!Як зрабіць упрыгожанні на каравай?
Як расказала пекар Наталля Макаранка з Уздзенскага раёна, упрыгожанні для караваяў рыхтуюць вельмі проста: змяшайце дзве часткі мукі з адной часткай солі (у залежнасці ад таго, колькі вам патрэбна цеста) і дабаўце крыху вады. Усё перамяшайце. З гэтага цеста вы можаце зляпіць што толькі прыдумаеце — кветкі і дрэвы, птушак і звяроў, казачных герояў. Выпякаць іх трэба ў духоўцы пры тэмпературы 150 градусаў.