«Крыштальны» бацькоўскі клопат

Источник материала:  
АПОШНІМ часам прадпрыемствы харчовай прамысловасці постсавецкай прасторы актыўна адмаў- ляюцца ад на- біўшых аскому агульнасаюзных гандлёвых брэндаў. Беларускія вытворцы, каб надаць адметнасці сваёй прадукцыі, таксама ўсё часцей выкарыстоўваюць нацыянальны каларыт. Размешчаныя на фірмовых этыкетках і ўпаковачных матэрыялах выявы белавежскага зубра і палескага бацяна, прыгожыя арнаменты полацкіх ручнікоў і слуцкіх паясоў, вядома ж, прыцягваюць увагу пакупнікоў. А калі да гэтага яшчэ дадаць і агульнапрызнаную высокую якасць нашых харчовых тавараў, то можна з пэўнасцю сцвярджаць, што ўсё гэта ўмацоўвае аўтарытэт Беларусі ў замежжы.

Радуе, што беларускія вытворцы, нарэшце, павярнуліся тварам і да роднага слова. Адмысловыя айчынныя назвы мяса-малочных, хлебабулачных, кандытарскіх і лікёрагарэлачных вырабаў радуюць вока, цешаць слых. Але нярэдка, як кажуць у народзе, лыжка дзёгцю псуе бочку мёду. Прызнаюся шчыра, мне вельмі прыкра бачыць на брэндах, этыкетках і цэнніках праявы элементарнай непісьменнасці. Спашлюся на самы апошні выпадак. Нядаўна гасціў у Мінску адзін мой знаёмы прадстаўнік баларускай дыяспары з Рыгі, які вырашыў загадзя набыць у якасці падарунка латышскаму сябруку сувенірную пляшку гарэлкі.

Якое ж было яго здзіўленне, калі ва ўніверсаме пабачыў праяву звычайнай беларускай непісьменнасці. На бутэльцы ад РУП «Крышталь» ён прачытаў назву моцнага напою «Бацькова гарэлка асобая», і, як расказаў мне потым, быў вельмі засмучаны такім зняважлівым стаўленнем землякоў да роднай мовы. Вядома ж, пісаць трэба не «бацькова», а «бацькава» («Поле бацькава, матчына мова, і над хатай буслова жытло»). Ды і сама назва нейкая двухсэнсоўная. Не зусім зразумела, хто ж каго будзе частаваць моцным напоем — бацька-выпівоха сына ці наадварот. Як у першым, так і ў другім выпадку гэта наўрад ці паспрыяе ўмацаванню сямейных адносін.

Але для майго суразмоўцы толькі пачыналася адкрыццё нашых моўных перлаў. Адпачыць ён вырашыў на адной з прыгожых аграсядзіб у глыбінцы. Дабіраючыся туды, рыжскі госць быў здзіўлены непісьменнасцю нашых дарожнікаў. Назвы населеных пунктаў, размешчаныя абапал аўтатрасы, зроблены на трасянцы: «Аляксеевка» (замест «Алексеевка» або «Аляксееўка»), «Замасточье» (замест «Замосточье» або «Замасточча») і гэтак далей. Адразу было бачна, што супрацоўнікі Белаўтадора ніколі не трымалі ў руках нават «Кароткі тапанімічны слоўнік» прафесара Вадзіма Жучкевіча, не кажучы ўжо пра цесныя стасункі з навукоўцамі Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі.

Апошнюю кропку ў пагаршэнні настрою майго рыжскага беларуса паставілі гаспадары, якія запрасілі яго на агратур. Браму іх падворка ўпрыгожвала маляўнічае драўлянае пано з надпісам: «Сяліба «Слобода». Госць жа думаў, што едзе ў Слабаду.

Прызнаюся шчыра, мне была няёмка перад маім знаёмцам. Пры слабым веданні роднай мовы, відаць, лепш за ўсё параіцца з разумным чалавекам, а не смяшыць людзей. Кім бы ты ні быў — маркетолагам, дызайнерам, кіраўніком аўтадарожнага прадпрыемства, гаспадаром аграсядзібы, — перш чым карыстацца беларускай  назвай, звярніся хаця б да школьнага настаўніка-філолага, а лепш за ўсё — у Акадэмічны інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа.

←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика