Рэпетыцыя з аркестрам

Источник материала:  
Рыхтуючыся да “Дажынак”, харашэе Маладзечна — сёлетняя сталіца свята
Рэпетыцыя з аркестрамЯк вядома, сталіцай “Дажынак” у Беларусі кожны год становіцца іншы горад. І па добрай традыцыі да галоўнага хлебаробскага фэсту ў абранай гарадской гаспадарцы робіцца не проста “генеральная ўборка” — ідзе вялікая рэканструкцыя! А ўлады Маладзечна, па ўсім бачна, замахнуліся на праекты, пра якія іншым толькі марыць. Прыкладам, яшчэ ў сярэдзіне ліпеня пры ўездзе ў горад з боку Мінска ўстаноўлена велічная стэла з бронзавай выявай Божай Маці, а таксама гербам горада. Кампазіцыю “Пакроў Прасвятой Багародзіцы”, 15 метраў у вышыню, стваралі скульптар Аляксандр Фінскі і архітэктар Армэн Сардараў. Гэта і будзе галоўны ўязны знак сталіцы “Дажынак-2011”, а непадалёк ад яго расце новы мікрараён.
Яшчэ адной адметнасцю Маладзечна ўжо стала і незвычайная скульптура-фантан на тэму Купалля — яна была адкрыта якраз да ХІ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі. Дарэчы, у бронзава-гранітнай кампазіцыі скульптара Уладзіміра Жбанава і архітэктара Марата Гроднікава ёсць прыгожая закаханая пара, вакол якой у горадзе кіпелі немалыя страсці: некаму падалося, што маладыя людзі маглі б выглядаць і больш сціпла... Тым не менш, кампазіцыя з трыліснікам, задуманая як сімвал сям’і, гарманічна ўпісалася ў прастору Цэнтральнай плошчы Маладзечна, непадалёк ад гарадскога парка.
У горадзе грунтоўна рэканструявана дзіцячая бальніца, хуткімі тэмпамі ўзводзіцца Спартыўна-відовішчны цэнтр — з вялікай лядовай арэнай, аквапаркам, басейнам, боўлінг- і фітнэс-клубамі, трэнажорнай залай і кафэ. І, нарэшце, у парку Перамогі адкрыўся летні амфітэатр. Між іншым, упершыню галоўныя падзеі “Дажынак” пройдуць на стацыянарнай сцэне. Яе і “абкаталі” напрыканцы жніўня ўдзельнікі фестывалю беларускай песні і паэзіі. І для тэлевізійшчыкаў, гукарэжысёраў, святлатэхнікаў, якія будуць працаваць тут пад час “Дажынак”, гэта была і рэпетыцыя свята, прычым са знакамітым Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Фестываль беларускай песні і паэзіі жыве ў многім дзякуючы намаганням маэстра. Фэст задуманы для таго, каб зберагаць і развіваць традыцыі беларускай музыкі, мелодыку нацыянальных песень, якія маюць непаўторны каларыт. На фестывалі ў Маладзечне гучаць песні на беларускай мове ў выкананні беларускіх артыстаў. У 2007-м песенны форум прысвячаўся 125-м угодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа, а сёлета шмат кампазіцый спявалася на вершы Максіма Багдановіча.
Дарэчы, фэст ладзіцца ў Маладзечне з 1993 года, а сёлета ён прайшоў не ў чэрвені, як звычайна, а ў канцы жніўня — будаўнікі стрымалі слова, закончылі ў амфітэатры да фестывальнага гала-канцэрта асноўныя работы.
Сёлетні фэст прысвячаўся 70-мугодкам Уладзіміра Мулявіна: песні з рэпертуару “Песняроў” гучалі і пад час канцэрту-адкрыцця, і на конкурсе маладых выканаўцаў, дзе пераможцай стала Кацярына Худзінец. Увогуле ж свята ўпершыню праходзіла на розных пляцоўках горада: у Палацы культуры, Маладзечанскім музычным вучылішчы імя Міхала Клеафаса Агінскага. На гала-канцэрце ў амфітэатры, які ўмясціў амаль тры тысячы гледачоў, не было свабодных месцаў. Што ж, Маладзечна, услед за Віцебскам атрымаўшы зручную сцэну, мае ўсе шанцы ў будучыні запрашаць на свае фестывалі самых папулярных артыстаў — як Беларусі, так і замежжа. Ну а свой “галоўны экзамен” сцэна амфітэатра будзе трымаць пазней, калі сельскія працаўнікі збяруцца ў Маладзечне на “Дажынкі”.

Іван Ждановіч

←Пограничники пресекают попытки вывоза из Беларуси продовольственных товаров

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика