Парыж, які ніколі не канчаецца

Источник материала:  

Меры бяспекі

Мы былі ў Берліне, калі іх паліцыя адзначала прафесійнае свята — нешта накшталт нашага 4 сакавіка. З гэтай нагоды на адной са старых плошчаў горада праходзілі паказальныя выступленні паліцэйскіх парашутыстаў. Яны выраблялі ў паветры розныя выкрунтасы, "гарэлі і падалі", але ў рэшце рэшт прызямляліся ўдала. Паводле маіх падлікаў, на плошчы было да дзесяці тысяч людзей. І мы абышлі палавіну гэтага натоўпу па перыметры, бо трымалі шлях да будынка рэйхстага, але нідзе ніякіх кардонаў з металашукальнікамі, як гэта бывае ў нас, не заўважылі. Ва ўсім натоўпе я ўбачыла толькі аднаго паліцэйскага ў форме.

Што такое строгія меры бяспекі, мы даведаліся пры наведванні ў Парыжы Луўра — музея, у які за дзень прыходзяць многія тысячы людзей. Каб туды трапіць, трэба прайсці больш за кіламетр чаргі-лабірынту, што займае добрую гадзіну. На ўваходзе ў знакаміты комплекс палацаў скануюць сумкі наведнікаў. Сумку ставіш на эскалатар, яе прасвечвае рэнгенная ўстаноўка, і ветлівы цемнаскуры ахоўнік з дзяжурнай усмешкай падае яе табе праз хвіліну. Такі ж самы служачы просіць кожнага другога наведніка Дыснэйлэнда адкрыць сваю сумку, пасля чаго ветліва дзякуе і абавязкова ўсміхаецца. Апошняе і ёсць сімвалічны акт, бо на дне такіх вялікіх сумак, з якімі падарожнічалі мы з сяброўкай, можна было б схаваць не толькі гранату, але і ў разабраным выглядзе караткаствольны аўтамат ізраільскай вытворчасці, толькі нікога гэта не цікавіла. Мы ж, прызвычаеныя да пільнасці і да мер бяспекі наогул, нават крыху пакрыўдзіліся, калі, напрыклад, на ўваходзе ў Дрэздэнскую галерэю альбо пры пад'ёме на Эйфелеву вежу змесцівам нашых сумак наогул ніхто не пацікавіўся.

Шопінг

Мы ехалі ўбачыць Еўропу, і часу на крамы было не вельмі многа. Але, улічваючы тое, што абсалютную большасць пасажыраў брэсцкага турыстычнага аўтобуса складалі жанчыны, запланаваць паездку без шопінгу не ўяўляецца магчымым. У самым пачатку наш мудры гід Таццяна Суханава заклікала нас: "Толькі не пераводзьце ў памяці цэны на беларускія рублі, гэта не мае сэнсу". Сапраўды так, тым больш цяпер. "Знаўцы" папярэджвалі, што купіць што-небудзь можна на летніх распродажах у Германіі, а ў Францыі цэны зашкальваюць. Усё аказалася і так, і не. У Берліне і Дрэздэне сапраўды асобныя рэчы можна купіць вельмі танна — праўда, калі знойдзеш адпаведныя магазіны. Так, летнія майкі многія набылі за 2-3 еўра, па 5-7 еўра прадаваліся асобныя блузкі, сукенкі. Па прымальнай цане можна было знайсці жаночыя штаны і модныя кашулі. Але ўсё самае прыгожае мы з сяброўкай набылі ў гандлёвым цэнтры "Еўропа", недалёка ад парыжскага Дыснэйлэнда. Там на асобныя тавары былі сезонныя зніжкі. Мы прыдбалі прыстойныя сукенкі, касцюмы, спадніцы ў сярэднім па цане ад 19 да 29 еўра. Танныя ў Парыжы таксама кава і віно, можна дазволіць сабе французскі шакалад і сыр. У спецыялізаванай краме французскай касметыкі мы амаль усёй групай купілі духі і парфумную ваду, нам нават зрабілі 15-працэнтную зніжку. Так, 30-грамовы флакон папулярнай цяпер вады "Сальвадор Далі" абышоўся мне прыкладна ў 30 еўра. Гэта нядорага, калі не пераводзіць у нашы грошы.

Супастаўляць нешта складана. На прадукты цэны ў еўрапейскіх супермаркетах у многім падобныя да нашых. Напрыклад, у Дрэздэне я купіла бутэльку зусім нядрэннага віскі за 7 еўра. А ля падножжа Эйфелевай вежы за паўлітра вады заплаціла 3 еўра. Спякота была за 30, а мы цэлы дзень — на нагах. На тое і разлічана, што за глыток вады аддасі колькі заўгодна. Потым мы бачылі ў магазінах тую ваду па 30 цэнтаў за бутэльку. Наогул прадукты і напоі там лепш набываць у супермаркетах. Хоць для нашага чалавека, напрыклад, непрывычна, што за карыстанне цялежкай у вялікай краме трэба плаціць.

Парыж, які ніколі не канчаецца

Такі парадак, прынамсі, у гандлёвым цэнтры "Еўропа". І давялося назіраць адзін кур'ёз, звязаны з іх парадкамі. Гэты вялікі гандлёвы комплекс нечым падобны на наш падземны комплекс "Сталіца". Стомленая, з пакупкамі, ваша пакорная слуга выйшла з супермаркета, каб перадыхнуць у мяккіх крэслах ля фантанчыка і пачакаць сяброўку. Жанчыны, што ўжо сядзелі, вызвалілі мне месца, якое раней займалі іх пакункі. Падзякаваўшы кароткім "мерсі", я не магла падумаць, што насупраць — мае суайчынніцы. Яны таксама нічога не падазравалі — а як жа бывае прыемна, уставіўшы смачнае слоўца, палаяць іх парадкі, калі ўпэўнены, што цябе не разумеюць. Вось і кабета насупраць, акінуўшы мяне абыякавым позіркам, пачала: "Поўная фігня іх супермаркеты — у нас, у Бабруйску, і то лепш: і пакет табе дадуць, і два, а тут набраў усяго, і хоць у зубах нясі!"

Экалагічнае мысленне

Пасля таго, як я ўступіла ў размову, настала кароткая нямая сцэна. Але ж я вымушана была падказаць суайчынніцам, як знайсці пакеты. Проста пластык там не заахвочваецца. Тамтэйшыя людзі ходзяць у краму з палатнянымі альбо сінтэтычнымі торбамі. А той, у каго тары няма, бярэ яе сам разам з пакупкамі, потым на касе вылічваюць за гэта нейкія капейкі. Толькі ляжаць тыя пакеты не навідавоку, а ў спецыяльным тупічку, за стэлажамі. Хто ведае — той знойдзе.

Я прыйшла да высновы, што так людзі паступова адвучваюцца ад засілля пластыка. Упакоўка ж прадуктаў у іх у асноўным папяровая. Чаму не грэх і павучыцца. Мы ж пакуль паспяхова праводзім экалагічныя форумы, б'ём у бубны, а да экалагічнага мыслення яшчэ далёка. А калі пабываеш у Парыжы, Берліне, многіх польскіх гарадах, дзе зялёныя зоны — гэта дзясяткі гектараў, вельмі крыўдна робіцца за родны Брэст: боязна, каб да 1000-годдзя горада, якое праз восем гадоў, не высеклі апошняе дрэва...

Прастата арыенціраў і арыентацый

Мусіць, з усіх гарадоў Еўропы самы зялёны — Берлін. Акрамя таго, што ў горадзе 1600 мастоў, там самыя вялікія паркі, у якіх нават дзікія жывёлы водзяцца. У кожным горадзе нас суправаджаў экскурсавод, бо Еўрасаюз надзейна абараняе сваіх вытворцаў тавараў і паслуг, прыезджы не мае права гэта рабіць без ліцэнзіі. Дык вось берлінскі экскурсавод сказала, што калі гараджане з пэўнай іроніяй ставяцца да "блакітнай" арыентацыі свайго мэра, то яго "зялёную" арыентацыю яны вельмі падтрымліваюць і шануюць.

У Берліне пакажуць не толькі рэзідэнцыі каралёў і курфюрстаў, але і канцылярыю спадарыні Меркель, якую ад будынка рэйхстага аддзяляе вялікі зялёны лужок. На траве адпачываюць мясцовыя жыхары і турысты. Гэта месца даўно палюбілася гараджанам, і на іх густы ніяк не паўплывала ўзвядзенне будынка для кіраўніка дзяржавы. Дарэчы, падчас адной з экскурсіі нам паказвалі дом, на трэцім паверсе якога знаходзіцца кватэра федэральнага канцлера Ангелы Меркель.

А на Елісейскіх палях тамтэйшы гід звярнула ўвагу турыстаў на рэстаран, дзе прэзідэнт Сарказі адзначаў сваё апошняе вяселле. Расіяне з нашай групы весела паправілі рускамоўную парыжанку, сказалі, што паводле рускага звычаю, лепш казаць "крайняе", а не "апошняе": "Невядома, як складзецца лёс..."

Што яшчэ найбольш кідаецца ў вочы ў еўрапейскіх гарадах чалавеку з Беларусі? Тое, што ў любой гандлёвай кропцы цябе сустракаюць як жаданага госця. "Бонжур!" — бяжыць насустрач элегантная парыжская прадавачка і аж свеціцца ўсмешкай. У Германіі і Польшчы вітаюць стрымана-ветліва: "Гутэн таг!" ("Добры дзень!"). А калі ты ўжо дайшоў да касы, цябе прывітаюць яшчэ раз і абавязкова адораць усмешкай. На наступны дзень пасля прыезду вымушана была забегчы ў нятанны павільён на нашым рынку "Кавалёва", бо не ўсім купіла падарункі. Сумная прадавачка моўчкі паглядзела на мяне амаль з нянавісцю. У вачах яе чыталася: "Усё роўна нічога не купіш па гэтых цэнах". Я канчаткова зразумела, што вярнулася на радзіму.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

←"Купляйце беларускае". Взгляд из России

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика