"Ёсць Востраў у мяне"
Калі прыедзеш у Востраў, дык абавязкова павядуць цябе ў школу, бо школьны музей Міхася Рудкоўскага — галоўная славутасць Вострава. Тут ганарацца земляком, першым прафесійным паэтам Ганцаўшчыны. Зараз кніга, у якой пакідаюць запісы наведнікі, стала тоўстым фаліянтам. А пачыналася ўсё з энтузіязму настаўнікаў і іх вучняў.
Расказвае Марыя Якімчык, стваральніца і нязменная захавальніца музея: "Аднойчы, пасля смерці паэта давялося сустрэцца з вершам, у якім ён спрабаваў уявіць свой лёс пасля адыходу. Там ёсць такія радкі:
Пагавораць усе, пашкадуюць
Ды й забудуць усе пакрысе...
Яны кранулі мяне да глыбіні душы. Я зразумела, што так не павінна быць. Разам з выхаванцамі літаратурнага аб'яднання мы пачалі дзейнічаць. Экспанатамі дапамагла сям'я паэта, недалёка жывуць яго сёстры. Стэнды, паліцы, падстаўкі рабілі сваімі рукамі ў школьнай майстэрні. Мы сабралі ўсе зборнікі вершаў. Іх пры жыцці выйшла роўна дзесяць, а гэта нямала. А не так даўно пабачыла свет кніга "Трохперсце", зборнік лірыкі Міхася Рудкоўскага, Міколы Пракаповіча і Алеся Каско. Кніга была адзначана абласной літаратурнай прэміяй. Зараз яна займае сваё пачэснае месца ў музеі.
Галоўнае, што музей жыве. Тут нярэдка праводзяць урокі літаратуры са сваімі вучнямі амаль усе настаўнікі-літаратары раёна. А школьнае літаб'яднанне "Верасок" нават мае свой зборнік паэзіі "Палёт жаўрука". Дзеці цягнуцца да паэтычнага слова, спрабуюць пісаць. І гэта цудоўна".

Зацікаўленасць, улюбёнасць у паэзію Марыі Якімчык падхопліваюць маладзейшыя настаўнікі. Завуч школы Валянціна Мікалаеўна Хваль накіроўвае сваіх вучняў на творчы пошук, на падрыхтоўку сапраўдных навуковых работ, на здымкі фільмаў. Значыць, музей працягвае жыць у новых сучасных формах. Работа вучаніцы 9-га класа Алёны Барысевіч "Стылеўтваральныя экспрэсіўныя сродкі паэтычнай мовы Міхася Рудкоўскага" адзначана дыпломам на абласным конкурсе. А відэафільм, які здымалі старшакласнікі, зроблены на добрым узроўні. У ім ёсць кадры, якімі падзялілася Брэсцкая студыя тэлебачання, дзе сам паэт чытае вершы. Ёсць родная хата паэта, так любімыя ім краявіды. Зноў і зноў гучаць яго радкі:
Мне не трэба нічога-нічога,
Толькі б ціха ў свеце было,
Толькі ў край мой вяла дарога,
Толькі ў небе трымала б крыло!
Толькі б золата тое жывое
І высокі той бераг круты,
Толькі б тое святое-святое —
І вялікая грэшніца — ты!
Святлана ЯСКЕВІЧ.
Ганцавіцкі раён.