Ірына Ханунік-Рамбальская: яркая кропка ў шэрым натоўпе!
Каля невялікай сталічнай кавярні ў шэрым натоўпе з'яўляецца яркая кропка — эфектная даўганогая бландзінка ў сукенцы апельсінавага колеру. Мужчыны ўздоўж вуліцы зварочваюць шыі, а ўсе жанчыны пачынаюць лічыць сябе маленькімі таўстушкамі, у тым ліку і я. Але гэтае ўражанне тут жа развейваецца ад шчырай цёплай усмешкі: "Добры дзень! Гэта вы мяне чакаеце на інтэрв'ю?".
За кубкам духмянага чаю мы з Ірынай Ханунік-Рамбальскай, уладальніцай тытула "Супермадэль" на конкурсе "Місіс Сусвет-2011", тэлевядучай, мадэллю, актрысай, журналістам, юрыстам па адукацыі і мамай па прызванні, пагаварылі пра конкурс у Сафіі, праблемы піцерскай моладзі і маленькую дачку Ізабелу.
— Ірына, вы ў мадэльным бізнэсе з дванаццаці гадоў, за гэты час, напэўна, было шмат рознай і цікавай працы. Якая для вас найболей значная?
— Шчыра кажучы, сама не звязала б жыццё з гэтай сферай, таму што была вельмі сарамлівай. Зараз разумею, што заняткі ў мадэльнай школе дапамагаюць дзяўчынкам пераадолець комплексы, і адмаўляцца ад гэтай магчымасці — вялікая памылка. На шчасце, у мяне атрымалася інакш. Да маіх бацькоў проста падышлі на вуліцы з просьбай: "Прыводзьце да нас сваю дзяўчынку для ўдзелу ў паказах!". Пачыналася ўсё з дэманстрацыі прычосак. Гэта было не дэфіле па подыуме, а маштабныя пастаноўкі, для якіх неабходны харэаграфія і акцёрскае майстэрства. Шмат у чым менавіта гэтая школа дапамагла мне, калі я пачала шукаць сябе ў класічным мадэльным бізнэсе. Напэўна, самае прыемнае і важнае для мяне як мадэлі — быць тварам брэнда. Бо ў тым, што людзі выбіраюць менавіта цябе з тысячы, велізарны фактар даверу. Супрацоўнічала з нямецкімі, італьянскімі кампаніямі, але была шчыра рада працы з "Мілавіцай", "Керамінам", "Элемай", казіно "Шангры Ла" — як мне здаецца, нам удалося зрабіць прыгожую і якасную айчынную рэкламу.
Была б шчаслівая прыняць удзел у паказах Vісtоrіа Sесrеt. Ну, гэта, напэўна, самая распаўсюджаная мара кожнай мадэлі <І>(смяецца) .
— Ці часта здараліся складаныя сітуацыі ў гэтым працэсе?
— Ды яны ўвесь час адбываюцца! Даводзілася здымацца з тэмпературай за трыццаць дзевяць, фатаграфавацца для вокладкі сур'ёзнага выдання з апухлымі з-за алергіі вуснамі, пазіраваць у мокрай пясочніцы ўвосень, ствараючы вобраз "багіні" на пляжы — усякае здаралася! Уменне не панікаваць, трымаць твар і з добрай усмешкай выходзіць з любой сітуацыі — важная частка працы мадэлі.
— Што яшчэ неабходна для таго, каб самарэалізавацца ў мадэльным свеце? Дайце параду дзяўчатам, якія мараць звязаць сваё жыццё з подыумам.
— Калі гаварыць выключна пра знешнасць, то я за натуральнасць! Славянскія дзяўчаты вельмі часта не шануюць свае прыродныя даныя, якія ў Еўропе, дарэчы, на вагу золата. Пафарбаваць валасы, нарасціць пазногці і вейкі, не выходзіць з салярыя, мучыць сябе дыетамі, даходзячы да нервовага зрыву — зусім не формула поспеху. Галоўнае — харызма, унутраны пасыл, моцная энергетыка. Такія рэчы нельга развіць: або яны ёсць, або іх няма.
— У сваім інтэрв'ю вы неяк казалі пра тое, што не гатовы ўдзельнічаць у конкурсах разнастайных "Місіс", мабыць, з тых часоў штосьці змянілася?
— Я наогул ніколі не ўдзельнічала ў конкурсах прыгажосці. Мне заўсёды здавалася, спаборнічаць з кімсьці, спрабуючы даказаць, што ты лепшая — нясціпла. Так што "Місіс Сусвет" — мой першы конкурс. Прапанова паехаць на яго паступіла нечакана, і, вядома, я сама не стала б падаваць заяўку на ўдзел сёлета. Мне здавалася, для таго, каб прэтэндаваць на падобныя тытулы, трэба дамагчыся ў жыцці чагосьці глабальнага, мець шматдзетную сям'ю, сур'ёзна займацца дабрачыннасцю... Па факце ўпор рабіўся на іншыя рэчы, і сёння я інакш падыходзіла б да падрыхтоўкі з арганізацыйнага пункту гледжання: узяла б з сабой групу падтрымкі... і больш вячэрніх убораў (усміхаецца)! Як бы там ні было, я зрабіла ўсё магчымае, і мне не сорамна за тое, як я прадставіла нашу краіну ў Балгарыі.
— Як праходзіў конкурс у Сафіі?
— Першапачаткова ўсе ўдзельніцы з'явіліся перад журы ў аднолькавых сукенках простага крою для таго, каб зраўнаваць шанцы і зрабіць адзнаку максімальна аб'ектыўнай. Пасля — дэфіле ў вячэрніх сукенках і купальніках. Акрамя таго, быў вечар нацыянальных касцюмаў. За рамкамі конкурсу для нас была распрацавана культурная і забаўляльная праграма: мы пазнаёміліся з гістарычнымі славутасцямі Сафіі, пагутарылі з мэрам горада і, што асабліва важна, прынялі ўдзел у дабрачынных акцыях.
— Якія зносіны мелі паміж сабой дваццаць шэсць прэтэндэнтак на тытул "Місіс Сусвет"?
— У нас склаліся цёплыя адносіны. Калі конкурс скончыўся, доўга не маглі растацца і абмяняліся кантактамі, каб не страціць сувязь. Больш за ўсё пасябравала з удзельніцай з Украіны, увесь час былі разам і неаднойчы чулі, што мы вельмі падобныя вонкава і па манеры паводзін. Уразіла дамініканка! Усё ж кліматычныя ўмовы ўплываюць на пазітыўны склад характару — незвычайна жыццярадасная і прыязная дзяўчына! Не можа не захапляць канкурсантка з Новай Зеландыі, якая прыехала ў Сафію на пятым месяцы цяжарнасці, пры гэтым маючы дзевяць дзетак.
— А што можаце сказаць пра пераможцу?
— Венесуэла — краіна нафты і прыгожых жанчын. Іх удзельніца — каралева па прызванні. Яна была накіравана на перамогу і насамрэч заслужыла яе! Віншаванні ў яе адрас былі самымі шчырымі!
— Што дае тытул "Супермадэлі"? Ці зменіцца ваша жыццё?
— Я думаю, кардынальна нічога не зменіцца. Я і раней хацела дапамагаць людзям, займацца дабрачыннасцю. Буду працягваць гэта рабіць. Перамога такога кшталту дае штуршок да большай колькасці цікавай працы, што не можа не цешыць. Зараз ужо паступіла прапанова стаць тварам вялікай касметычнай кампаніі ў Балгарыі. Але самае галоўнае для мяне — гэта вопыт, які я атрымала. Напрыклад, чаго вартая падрыхтоўка даклада на тэму гвалту ў сям'і — трэба было падняць велізарны сацыяльны пласт, успомніць юрыдычную адукацыю! Але ў выніку атрымалася данесці свой пункт гледжання і даць практычныя парады, якія, спадзяюся, дапамогуць тым, хто ў іх мае патрэбу!
— Ірына, вы асоба, якая раскрывае сябе з самых розных бакоў. У якой сферы вам найбольш камфортна?
— Мне насамрэч усё цікава! У душы я заўзяты тэлевізійнік, не магу спакойна глядзець тэлепраграмы, таму што ўсё пачынаю разбіраць на дэталі і думаць, як можна было б зрабіць лепш! Абстрагавацца ад навакольнага свету і знайсці гармонію мне дапамагае жывапіс, заняткі па якім я стараюся не прапускаць. Хачу весці сваю калонку ў часопісе, дзе буду пісаць пра тыя дзіўныя дэталі, здавалася б, дробязі, з якімі я сутыкаюся. Вось нядаўна здзіўлена была, убачыўшы на канцэрце ў Піцеры маладую дзяўчыну ў вячэрняй сукенцы і зацыраваных калготках. У Кіеве збегла з экскурсійнай праграмы, каб знайсці маленькі, відавочна аматарскі тэатр, дзе паглядзела зусім нязвыклую і вельмі цікавую для мяне пастаноўку "Мёртвых душ" Гогаля...
— А маленькая дачка Ізабела паспявае бачыць сваю такую творчую маму?
— Я не толькі творчая, але і актыўная мама! Замест таго, каб "завісаць" у сацыяльных сетках ці перад тэлевізарам, мы з Ізабелай разам гуляем па парку, ходзім у дзіцячыя забаўляльныя цэнтры, на курсы па англійскай мове і заняткі танцамі. Бывае, што бяру яе з сабой на працу, але імкнуся не ўцягваць у працэс. Не трэба гадаваць у дзіцяці самалюбаванне і з дзяцінства надзяваць карону на галаву. Лічу сваю дачку асобай і сяброўкай, таму ніколі не буду прыгнятаць, але дапамагу ў пачынаннях і заўсёды буду побач!
Паліна Кузьміцкая.