РОЗГАЛАС
На прысядзібным участку ў Ельску загінула двухгадовая дзяўчынка, паведамілі ў прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама. Малая засталася адна ля штучнай сажалкі, якая знаходзіцца на тэрыторыі домаўладання, і трапіла ў ваду, адкуль дасталі толькі цела дзіцяці.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Другакласнік спаліў 25 тон саломы?Пасля 18 гадзін у Пружанскае падраздзяленне МНС патэлефанаваў сведка пажару на тэрыторыі ААТ "Агра-Калядзічы" ў вёсцы Дабучын. Там гарэла салома.
Калі пажарныя ў складзе двух аддзяленняў прыбылі на месца, стог саломы, а гэта 25 тон, быў цалкам ахоплены агнём. Полымя пагражала суседняму стогу, аднак яго ўдалося адстаяць. Як мяркуецца, прычынай пажару стала свавольства з агнём мясцовага хлопчыка, вучня другога класа.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Не зямлі, ні грошайІндывідуальны прадпрымальнік з Івацэвічаў, які раней ужо адсядзеў за крадзеж, прапанаваў купіць жыхару г.п. Целяханы зямельны ўчастак і ўзяў з чалавека 5 млн 750 тыс. рублёў.
Але мінуў месяц, пайшоў другі, а зямлі няма, і грошай таксама. Падаўся тады пацярпелы ў міліцыю. У выніку — крымінальная справа.
Сымон Свістуновіч.
Шляхі дызпаліва вядомыяУ Жыткавіцкім раёне затрыманы непрацуючы з Мікашэвічаў Брэсцкай вобласці, які без адпаведных дакументаў перавозіў 180 літраў дызельнага паліва. Столькі ж нафтапрадукту было знойдзена ў грузавым адсеку аўтамабіля "Фальксваген Транспарцёр". За рулём аўто знаходзіўся жыхар Жлобіна, у дачыненні да якога таксама складзены адміністрацыйны пратакол. А вось жыхар Рэчыцы ў сваім "Сітраен-Івасьён" перавозіў 340 л дызпаліва без суправаджальных дакументаў. Некалькі раней пры правядзенні аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў з нелегальнымі 140 літрамі гаручай вадкасці быў затрыманы яшчэ адзін жыхар Рэчыцы — на машыне "Форд-Эскорт". Усё дызпаліва канфіскавана.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Хутка з'явяцца новыя манетыНацыянальны банк уводзіць у абарачэнне адразу чатыры новыя памятныя манеты, паведамляе ўпраўленне інфармацыі Нацбанка.
20 верасня з'явяцца сярэбраная (наміналам 10 рублёў, пробай сплаву 925, масай 16,81 грама, дыяметрам 32 міліметры) і медна-нікелевая (наміналам 1 рубель, масай 13,16 грама, дыяметрам 32 міліметры) манеты "Вялікі кулён" з серыі "Птушка года". А 27 верасня ўводзяцца манеты "Крузенштэрн" з серыі "Парусныя караблі": сярэбраная (наміналам 20 рублёў, пробай сплаву 925, масай 28,28 грама, дыяметрам 38,61 міліметра) і медна-нікелевая (наміналам 1 рубель, масай 13,16 грама, дыяметрам 32 міліметры).
Усе чатыры манеты адчаканеныя на АТ "Манетны двор Польшчы". Якасць манет серыі "Птушка года" — "пруф" (сярэбраная) і "пруф-лайк" (медна-нікелевая). Манеты серыі "Парусныя караблі" абедзве маюць якасць "брыльянт-анцыркулейтэд". Тыраж усіх манет, акрамя сярэбранай "Крузенштэрн" (7000 штук), — 2000 штук.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.