Пры выдачы льготных крэдытаў будзе ўлічвацца наяўнасць жылля на ўсёй тэрыторыі Беларусі

Источник материала:  
03.09.2011 18:01 — Новости Общества

Пры выдачы льготных крэдытаў будзе ўлічвацца наяўнасць жылля на ўсёй тэрыторыі Беларусі


Пры выдачы льготных крэдытаў будзе ўлічвацца наяўнасць жылля на ўсёй тэрыторыі Беларусі
Фото: photo.bymedia.net
Аб перспектывах змянення ўмоў жыллёвага будаўніцтва ў гутарцы з карэспандэнтам "Звязды" расказвае начальнік упраўлення жыллёвага будаўніцтва Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Горваль.

— Сёння ў вашым ведамстве распрацоўваецца новая канцэпцыя па прадастаўленні льготных крэдытаў пэўным катэгорыям насельніцтва, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Разам з тым, днямі пачаў дзейнічаць указ кіраўніка дзяржавы, дзе зніжаны крытэрый патрэбнасці ў жыллі ў Мінску з 15 да 10 квадратных метраў агульнай плошчы на чалавека. Раней у Беларусі, ды і ў Мінску, ільготны крэдыт давалі пад будаўніцтва кватэры ў разліку 20 метраў на чалавека. Гэты нарматыў цяпер будзе неяк карэкціравацца?

— Зараз норма льготнага крэдытавання ў памеры 20 метраў на чалавека ў новай канцэпцыі захоўваецца.
Аднак ёсць прапанова змяніць яе менавіта ў сталіцы нашай краіны ў сувязі з новымі ўмовамі прыняцця грамадзян на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Спецыялісты разглядаюць варыянт па памяншэнні нормы плошчы кватэры, на якую будзе давацца льготны крэдыт, да 15 метраў на чалавека. Па рэспубліцы норма застаецца 20 квадратных метраў на чалавека, а ў Мінску, магчыма, будзе 15 м кв. Зараз такі праект дакумента па змяненні крэдытнага нарматыву актыўна абмяркоўваецца спецыялістамі і кіраўнікамі самых розных узроўняў. Пытанне сацыяльнае і патрабуе асаблівай увагі. Ужо сёння існуе мноства варыянтаў такога дакумента.

— Бадай, самае галоўнае пытанне, якое цікавіць нашых чытачоў, тычыцца катэгорый насельніцтва, што падпадаюць пад ільготнае жыллёвае крэдытаванне. Вядома, што да канца года сёлета на льготныя крэдыты могуць разлічваць толькі шматдзетныя сем'і, а таксама жыхары населеных пунктаў з колькасцю насельніцтва да 50 тысяч чалавек і ў гарадах Кобрын, Слуцк, Рэчыца і Светлагорск. 
А вось сёння можна дакладна казаць, хто ў наступным годзе можа разлічваць на атрыманне льготных крэдытаў пад жыллё?

— Калі казаць канцэптуальна, то падыход такі. Ільготныя крэдыты змогуць атрымліваць тыя катэгорыі насельніцтва, якія і сёння маюць статус першачаргавікоў. Гэта шматдзетныя сем'і, ліквідатары наступстваў аварыі на ЧАЭС, людзі з пэўнымі хваробамі, сем'і з дзецьмі-інвалідамі, той, хто жыве ў вельмі старым жыллі і шэраг іншых грамадзян, якія сапраўды маюць патрэбу ў сур'ёзнай дзяржаўнай падтрымцы пры будаўніцтве жылля або маюць сёння права на атрыманне сацыяльнага жылля. Акрамя таго, у гэты раней складзены пералік ільготнікаў далучылі катэгорыю тых людзей, якія пражылі больш за 10 гадоў у інтэрнатах. Па вайскоўцах працягне дзейнічаць указ № 195 кіраўніка дзяржавы, які чапаць не будуць.
 
 
— Днямі сярод знаёмых пачала гуляць пагалоска пра тое, што неўзабаве пачнуць улічваць усё ўласнае жыллё будучага крэдытаатрымальніка, нават тое, якое бабуля падаравала яму ў вёсцы...

— Цяпер разглядаецца варыянт уліку ўласнай жылплошчы па ўсёй рэспубліцы, пры вызначэнні памераў ільготнага крэдыту. Раней улічвалася толькі жыллё таго населенага пункта, у якім ты жывеш. Людзі мелі добрыя дамы ў вёсках ці кватэры ў райцэнтрах, але ў якасці чаргавікоў за льготныя крэдыты будавалі сабе дастатковае якаснае жыллё ў абласных цэнтрах або ў сталіцы. Заўтра такі фокус з мноствам жылля ў розных гарадах ці вёсках ужо не пройдзе. Сёння Дзяржаўны камітэт па маёмасці мае агульную цэнтралізаваную базу звестак па ўсіх жыллёвых аб'ектах і іх уласніках на тэрыторыі Беларусі. Карыстацца гэтай базай у электронным фармаце даволі проста. Таму неўзабаве тыя грамадзяне, якія маюць недзе на тэрыторыі Беларусі яшчэ ўласнае жыллё, на льготны крэдыт пры будаўніцтве жылля разлічваць не змогуць або атрымаюць гэты крэдыт у значна меншых памерах.
 
 
— Падобны прынцып уліку жылля будзе дзейнічаць і пры пастаноўцы ў чаргу тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў?

— Пры пастаноўцы на жыллёвы ўлік прапануюцца больш дэмакратычныя нормы. Тут амаль нічога не змянілася. Выключэнне мае толькі Мінск, калі грамадзян будуць ставіць у жыллёвую чаргу з улікам наяўнасці жылля не толькі ў сталіцы, але і ў Мінскім раёне.
 
Для відавочнасці разгледзім сітуацыю з жыхаром Мінска. Каб стаць на жыллёвы ўлік, ён і яго сям'я павінны мець ва ўласнасці жыллё ў Мінску і Мінскім раёне плошчай не больш за 10 м кв. на чалавека. Новы чаргавік павінен пражыць у Мінску не менш за 10 гадоў. Атрымаць ільготны крэдыт пад будаўніцтва жылля могуць толькі сацыяльныя першачаргавікі, шматдзетныя сем'і, вайскоўцы і тыя, хто пражыў у інтэрнатах больш за 10 год.
 
Аднак тое, што вы трапілі і ў гэты спіс, аўтаматычна не гарантуе атрыманне льготнага крэдыту. Цяпер ААТ "Беларусбанк" пацікавіцца ў крэдытаатрымальніка наконт таго, якое яшчэ жыллё ў яго ёсць на ўсёй тэрыторыі нашай краіны. Калі плошча ўласнага жылля ў грамадзяніна дастатковая, тады льготны крэдыт ён не атрымае.
 
 
— Зразумеў. Цяпер усе астатнія чаргавікі, але не льготнікі, павінны будуць шукаць нейкія іншыя шляхі вырашэння свайго жыллёвага пытання. Дзе выйсце?

— Рэцэпт тут просты. Гэта ўласныя зберажэнні і крэдыты ў банках на агульных падставах. У Беларусбанку для асобаў з патрэбай у паляпшэнні жыллёвых умоў прапануюцца доўгатэрміновыя жыллёвыя крэдыты пад 27 працэнтаў гадавых. Для нечаргавікоў кошт крэдытаў павялічваецца да 33 працэнтаў гадавых.
 
 
— Магчыма, запрацуе сістэма будзберажэнняў?

— Не. Цяпер гэты напрамак не актуальны. Каб сапраўды запрацавала сістэма будзберажэнняў, неабходна некалькі гадоў стабільнага развіцця эканомікі. Сёння, калі стаўка рэфінансавання павялічылася да 27 працэнтаў і інфляцыя з пачатку года крочыць у бок 50 працэнтаў, сістэма будзберажэнняў эканамічна не працуе. Гэтая сістэма можа дзейнічаць толькі ў такіх фінансавых умовах, калі ўзровень інфляцыі складае не больш за 8—10 працэнтаў.
 
 
— У сённяшніх эканамічных умовах, калі камерцыйныя банкі па дэпазітах даюць да 30 працэнтаў, ці плануецца перагледзець працэнты па льготных крэдытах у бок павелічэння?

— Не. Для шматдзетных сем'яў захоўваецца крэдыт на 40 гадоў пад 1 працэнт. Для астатніх ільготнікаў крэдыт на будаўніцтва жылля будзе выдавацца тэрмінам на 20 гадоў пад 5 працэнтаў гадавых.
←Чемпионат Беларуси "Лесоруб-2011" пройдет 9-10 сентября в Раубичах

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика