Добрыя жарты Аляксандра Каршакевіча
01.09.2011
—
Новости Общества
Майстар сяброўскіх шаржаў з альманаха “Вожык” на Дні беларускага пісьменства ў Ганцавічах будзе раздаваць незвычайныя аўтографы

У Смаргоні, два гады таму, на свяце Слова ў яго раптам прарэзаўся талент бліц-шаржыста. “Былі “вожыкаўцы” ў гушчыні народу, і калегі папрасілі: Саша, памалюй шаржы.., — згадвае Аляксандр. — Не ўсе тут жа кінуліся “малявацца”: беларусы ж асцярожныя, спачатку баяліся падвоху... Але ж мы — зладжаная каманда, і сябры стваралі вакол “студыі” цудоўную, добразычлівую атмасферу. Юлія Францаўна Зарэцкая, галоўны рэдактар, усмешкай заваблівала смаргонцаў і гасцей свята ў наша кола, Павел Паўлавіч Саковіч дасціпным слоўцам падбадзёрваў, а я — алоўкам працаваў. Першых шаржаў пяць рабіў старанна, а потым бачу: людцы мае, народ паваліў! Пагалоска пайшла, бягуць з усіх канцоў: і мяне намалюй! Чарга ўтварылася. Ну я і перайшоў на бліцы. Дэталь у твары схапіў, яшчэ два-тры штрыхі — і наступны. Як на канвееры гадзіны дзве працаваў, аж спіна ўзмакрэла”.
Што добрую згадку пра свята атрымалі дзясяткі людзей — гэта адно. Але ж і падпісак на “Вожык” з рэгіёна пабольшала, бо пад сяброўскімі шаржамі мастак пакідаў два знакавыя словы: “Каршакевіч. Вожык”. Як аўтограф на памяць. А яшчэ, дадаюць калегі па выданні, людзі былі ў вялікім захапленні ад таго, як віртуозна ён працуе. Чысты ліст паперы, звычайны аловак... Але погляд мастака “сканіруе” натуру — і тут жа, на вачах, творыцца шарж. Казалі: во гэта майстар! Во штукар!
Вядома ж, адметнае майстэрства шліфавалася доўгі час. Аляксандр амаль трыццаць гадоў таму прыйшоў у слаўны сваімі традыцыямі, талентамі рэспубліканскі часопіс сатыры і гумару “Вожык”.
Цяга да малявання ў яго з маленства, набываў вопыт і пад час вучобы ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя Глебава. Цяпер ён — адзін з вядучых карыкатурыстаў краіны, ілюструе і розныя дзіцячыя выданні. У гутарцы са мной зазначыў, што гатовы да творчых кантактаў з беларусамі замежжа. “Мы, “вожыкаўцы”, адкрыты да супрацоўніцтва, а гумар, як вядома, межаў не мае, асабліва “маляваны”, — разважае Аляксандр. — Запросяць нас суайчыннікі на свае святы, імпрэзы — абавязкова адгукнемся, прывязем ім добры настрой з нацыянальным каларытам”. Малюнкі мастака друкаваліся на Кубе, у Польшчы і ў многіх іншых краінах. Сёлета і выстава Аляксандра Каршакевіча “Карыкатура = Журналістыка + Мастацтва” — амаль 200 работ! — з поспехам прайшла ў Міністэрстве інфармацыі. Аўтар прадстаўляў шаржы на вядомых пісьменнікаў, мастакоў, дзеячаў культуры на выставе “СМІ ў Беларусі”, ладзілася вялікая выстава і ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Цяпер Аляксандр Каршакевіч, яго паплечнікі з “Вожыка” на ніве сатыры і гумару Юлія Зарэцкая, Павел Саковіч ужо гатовы да сустрэч на ганцавіцкай зямлі. “На месцы” яны разгорнуць невялічкую экспазіцыю, каб прэзентаваць альманах-юбіляр “Вожык” (якому сёлета — 70 гадоў), і далучацца да сяброўскай бяседы са сваімі вершамі, жартамі, эпіграмамі, гумарэскамі. І абавязкова зноў будуць сяброўскія шаржы-аўтографы ад Аляксандра Каршакевіча — на добры настрой і доўгі ўспамін.
Іван Ждановіч