Мазырскія ўлады прызналі загінулых 70 год назад габрэяў

Источник материала:  
31.08.2011 19:53 — Новости Общества

Мазырскія ўлады прызналі загінулых 70 год назад габрэяў

  • Кастусь ЛАШКЕВІЧ, ТUT.BY

30 жніўня мазырскія ўлады змянілі мемарыяльную пліту на месцы смерці габрэяў, якія здзейснілі самаспаленне на пачатку нацысцкай акупацыі Беларусі. Аб гэтым TUT.BY паведаміў прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў (ЗША) Якаў Гутман.

31 жніўня 1941 года, на 11-ы дзень акупацыі Мазыра нацыстамі, больш за 20 гараджан здзейснілі акт самаспалення. Такім чынам, мазырскія габрэі паўтарылі подзвіг воінаў іудзейскай крэпасці Масада, якія ў 73 годзе н.э. выбралі свабоду заміж рымскаму рабству і добраахвотна пайшлі з жыцця. Цэгла з падмурка мазырскага дома, дзе абарвалася жыццё 20 беларускіх габрэяў, прадстаўлена ў экспазіцыі Музея габрэйскай спадчыны ў Нью-Ёрку. Імя Герояў Мазыра носіць гарадскі парк у ізраільскім Ашдодзе.

У Беларусі памяць землякоў ўвекавечылі толькі ў лістападзе 2003-га. Высілкамі прэзідэнта Сусветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў (ЗША) Якава Гутмана, дзед якога быў адным з удзельнікаў Беларускай Масады, на месцы подзвігу (вуліца Кірава, паміж дамамі 9 і 11) быў усталяваны валун з мемарыяльнай дошкай і надпісам на іўрыце, ангельскай і беларускай мовах: " Беларуская Масада. На гэтым месца будзе ўсталяваны помнік мазырскім габрэям, якія здзейснілі самаспаленне восенню 1941 года. Яны палічылі за лепшае памерці, чым скарыцца ворагу. Сусветнае згуртаванне беларускіх габрэяў ... ".

Мазырскія ўлады прызналі загінулых 70 год назад габрэяў
Памятны знак, усталяваны Якавам Гутманам.

Аднак памятны знак прастаяў нядоўга. Мясцовыя ўлады дэмантавалі помнік, які быў ўсталяваны без ўзгаднення. Дамагчыся аднаўлення мемарыяла грамадскасці ўдалося толькі вясной 2010-га. Аднак у надпісе на новай гранітнай пліце ні словам не згадвалася пра габрэяў: "Месца самаспалення мірных жыхароў Мазыра восенню 1941 года". Чыноўнікі патлумачылі: гэта было зроблена, "каб не ўзнікала спрэчак, ці чыстакроўныя габрэі былі спалены".

Мазырскія ўлады прызналі загінулых 70 год назад габрэяў
Пліта, усталяваная мазырскімі ўладамі ў 2010 г.

І вось пад націскам Якава Гутмана і грамадскасці 30 жніўня, напярэдадні 70-й гадавіны смерці мазырскіх габрэяў, Мазырскі райвыканкам ўсталяваў мемарыяльную табліцу з новым тэкстам па-беларуску і на іўрыце: “На гэтым месцы ў час Вялікай Айчыннай вайны восенню 1941 года ўзнесліся ў нябёсы душы мазырскіх габрэяў, якія загінулі ў самаспаленні. Яны не скарыліся перад нацыстамі і пайшлі з жыцця вольным людзьмі. Вечная ім памяць…”.

Мазырскія ўлады прызналі загінулых 70 год назад габрэяў
Новы надпіс, усталяваны на месцы самаспалення мазырскіх габрэяў, 30 жніўня 2011 г.

"Каб аднавіць справядлівасць на дзяржаўным узроўні, спатрэбілася 16 гадоў. Першы пратакол аб намерах з тады яшчэ Мазырскім гарвыканкамам я падпісаў у жніўні 1995 года, — кажа Якаў Гутман. — Цяпер хачу стварыць на месцы подзвігу і трагедыі паўнавартасны музей-мемарыял, як паўсталы з попелу шведскі карабель-музей Ваза. Спадзяюся, гэта не зойме яшчэ 16 гадоў. Пакуль жа ўлады не даюць дазвол на раскопкі".

31 жніўня Якаў Гутман і яшчэ некалькі чалавек ўшанавалі памяць герояў духу ля абноўленага манумента. Другі год запар раённыя ўлады адмовілі ў правядзенні памінальнага мітынгу, прапанаваўшы перанесці яго на 27 студзеня, калі адзначаецца Сусветны дзень памяці ахвяр Халакосту.
←Для дошколят Гродно появились "родительские маршруты".

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика