Дакрананне

Источник материала:  

Гэта аднойчы адбываецца з усімі — дакрананне да мінуўшчыны. Аднойчы некага яно пранізвае раз і назаўжды, а іншаму такіх дакрананняў трэба не адно, а шмат, каб адчуць водгук у сваімі сэрцы і розуме: хоць я і мала жыву, але мне шмат гадоў. Столькі, колькі на Беларусі існуе мой род. Прасцей тым, хто жыве там, дзе можна бачыць сляды папярэднікаў, уявіць, дзе і як яны маглі жыць. У гэтым сэнсе пашчасціла нясвіжцам: на адным з дамоў ля Слуцкай брамы ёсць сцяна, на якой зроблена выява гравюры Томаша Макоўскага. Глядзі на мапу Макоўскага — і ўяўляй гісторыю, і рассоўвай рамкі ведаў пра адзін пункт на карце да ўзроўню цэлай краіны. Адна сцяна, зусім невялічкая, а так цёпла ля яе, нават звонку.

Каб гэтая цеплыня не гублялася, трэба, каб рысы мапы не страчвалі яркасці ліній. Гэта значыць, гравюра на сцяне час ад часу патрабуе рэстаўрацыі, аднаўлення. Зрабіць гэта выпала мастаку Алесю Квяткоўскаму. Але сам ён лічыць, што такія дакрананні і прыцягненні адбываюцца не проста так. Нібыта трэба замкнуць нейкае радавое кола, вярнуўшыся і зрабіўшы нешта там, дзе былі твае продкі. Мы рэдка пра гэта думаем, таму што сёння ці не кожны заклапочаны сабой, кожны жыве ў той краіне, ад якой нешта хоча. Але ж каб хацець — трэба заслужыць, трэба спачатку добра падумаць, які падмурак быў закладзены дзеля ажыццяўлення тваіх жаданняў папярэднікамі. І тады зразумела, што тое, што маеш (маем) — дадзена не проста так.

Дакрананне— Нясвіж — мая любоў і маё жыццё, гэта ішло ад дзеда. Квяткоўскія адтуль ідуць, — гаворыць Алесь Квяткоўскі. — Калісьці ў Адама Мальдзіса я вычытаў, што нейкі Квяткоўскі ў 1816 годзе ўзяў і прадаў частку бібліятэкі Радзівілаў... Для мяне гэта таямніца. Сама бібліятэка і гэтая гісторыя. Што мы ведаем пра тых, хто быў перад намі? Якімі людзьмі былі і што і дзеля чаго рабілі? Вось я ведаю, што я з тых мясцін. У вёсцы Салтанаўшчына пахаваныя родныя майго дзеда, яго сёстры. Вельмі шмат радні там на могілках.

Я ведаю, што дзеду было 36 ці 37 гадоў, а маёй бабулі было 17-18, калі ён яе ўзяў. Ён быў кіраўніком маёнтка недзе паміж Капылём і Нясвіжам, жыў у вёсцы пад назвай Свідзічы (яны там і пахаваныя абое). Пані яму сказала: "Адась, трэба ўжо жаніцца". З кім? "Ну, Гэлю вазьму..." Узяў Гэлю. Бабуля Гелена Трафімаўна была са Случчыны. Яна з усходу, а ён заходнік. Яна яго на "вы" ўвесь час называла — такая розніца ва ўзросце. Але гэта ім не перашкодзіла стварыць сям'ю, нараджаць дзяцей, заслужыць у іх добрую памяць, каб не забываліся пра іх пасля сыходу.

Я вось думаю, што кожны род на гэтым свеце павінен мець свой летапіс, хоць бы ў памяці нашчадкаў. Ведаю, што адзін мой дзядзька загінуў у Порт-Артуры. Цётку Ядзю немцы забілі ў 43-м годзе. Заставаліся мой бацька і дзядзька Аркадзь, якому ў пазамінулым годзе было б 85 гадоў... Разумею, чаму нават калі іх ужо няма, хочацца пра іх гаварыць, як пра жывых: яны з намі працягваюць быць. Вось толькі няма каму нас ужо сустрэць...

— Нясвіжчына — ці не адна з самых удзячных тэм для беларускіх мастакоў. Вы, напэўна, таксама выказаліся?

— У мяне пакуль не атрымлівалася з Нясвіжам, я маю на ўвазе па-мастацку. Гэтая зямля, яе гісторыя і асобы ўжо столькі разоў увасобленыя ў мастацтве, што баішся паўтарыцца: вось Радзівіл Чорны, вось Радзівіл Руды... Мой настаўнік па Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце Уладзімір Іванавіч Стальмашонак наогул стварыў серыю партрэтаў, паказаў іх такімі, як сам адчуў. Зараз таксама ёсць мастакі, якія актыўна займаюцца гэтай тэмай. Валодзя Ракіцкі, мой аднакурснік, і Віця Альшэўскі, пачалі галерэю Радзівілаў рабіць.

А мне больш хочацца выказвацца пра сябе і пра той свет, які я люблю. Насамрэч ёсць цудоўныя мясціны, якія мяне натхняюць і радуюць па-чалавечы, якія я з задавальненнем маляваў. А вось Нясвіж чамусьці не паддаваўся. Можа, чакаў свайго часу. Цяпер праз працу над мапай на сцяне можа адбыцца дакрананне да самога сябе і той радзімы, якая здольная даваць сілы — калі ты сам ёй нешта даеш. Магчыма, будзе яшчэ цікавая праца: ёсць праект Дома культуры, распрацаваны Армэнам Сардаравым, дэканам архітэктурнага факультэта БНТУ. Там павінна быць кавярня "Пане Каханку", ёсць ужо эскізы па афармленні. А зараз, калі адчынілася галерэя ў самім замку, магчыма, усё-такі будзе магчымасць неўзабаве правесці там маю персанальную выставу.

— А якія мясціны больш паўплывалі на чалавечы і мастацкі светапогляд?

— Я сню амаль што кожны месяц Капыльшчыну... Я пасвіў коней у дзяцінстве, быў просты хлопец, ад зямлі. А калі ўпершыню прачытаў Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім" у 10-м класе, то была думка, што гэта нібыта пра мяне: адбылося такое ж адкрыццё, як у галоўнага героя, пра тое, што хавае тая самая зямля. А яшчэ кранула шчырасць, шляхецтва, гонар і годнасць. З Караткевіча і пачалося сталенне чалавечае, разуменне самога паняцця "радзіма". І ўсё ж, калі пытаюць, што такое малая радзіма, то для мяне адказ будзе абсалютна канкрэтны: гэта Капыльшчына. А зараз, калі паездзіў па Беларусі, то больш хачу ў Дзятлаўскі раён, на бераг Нёмана. Там столькі грыбоў! Лірыка...

— Калі пра лірыку далей, то вы бярэцеся маляваць вершы. Адкуль гэта пайшло?

— У мяне ёсць партрэты майго сябра Толіка Сыса. Ні ў каго няма такога Сыса, як у мяне. І карціны паводле яго вершаў. Як я іх адчуваю. А нехта можа адчуць і зразумець інакш. Вось як у мяне твор называецца "Колеры лесу". Але ж можна прачытаць і так: "Колеры лёсу"... Выяўленчае мастацтва, як і паэзія, нясе вобраз, эмоцыю. Яна зашыфраваная аўтарам — альбо праз словы, альбо праз выявы. Але кожны раз, дакранаючыся да іх, чалавек вымушаны разгадваць гэтыя шыфры. Маляваць вершы цікава і значна складаней, чым ствараць сваё, таму што звязаны пэўнымі сюжэтамі, тэмамі, паняццямі. Вось я ўзяў і пачытаў Віктара Шніпа — на ягоныя маленькія вершыкі намаляваў карціны. У яго ёсць верш пра пчол, вось і ў маім творы пчолы лётаюць. У яго вершы пра неба, ваду, зорку. І ў кожнага з нас ёсць і неба, і вада, і зорка. Свае. Напрыклад, карціна "Кош". У аснове — Віцеў верш. У яго там напісана пра тое, што ў кашы котка сядзіць. Але ў мяне на карціне, акрамя коткі, шмат чаго: напрыклад, вайсковыя рэчы, — я тут свой код увёў, нібыта яго планшэтыст ставіць. Для мяне "Кош" — гэта цэлае наша жыццё, у якое ўсё ўмясціць можна... Мае "паэтычныя" творы прадставіў Валожын.

— Вы працуеце са студэнтамі, якія стануць архітэктарамі. Наколькі важна архітэктарам умець бачыць вобразы ў жыцці? А то здаецца, што сучасная архітэктура наогул вельмі рацыянальная, без паэзіі.

— Зараз ёсць такая праблема, што сучасны архітэктар сядзіць за камп'ютарам, ён не можа маляваць рукамі. А калі маецца на ўвазе вобраз, то ўхапіць яго спачатку трэба толькі рукамі. У той жа Германіі пры навучанні робяць націск на тое, каб архітэктары ўмелі ствараць сваімі рукамі, а не з дапамогай камп'ютарных праграм. Калі зрабіў эскіз, тады можаш праварочваць яго, ландшафты прадумваць і гэтак далей. Галоўнае — умець бачыць вобразы. Я студэнтам кажу: трэба больш слухаць і музыку, і паэзію. Яны, студэнты, павінны быць асобамі. Адчуваць архітэктуру як творчасць, як тую ж паэзію. Таму мы на практыку ў Мінску пайшлі на вуліцу Паўночную, што за чыгункай. Там яшчэ засталіся аднапавярховыя будынкі ХІХ стагоддзя — іх памаляваць, намацаць, магчыма, сувязь з тым Мінскам, якім ён быў калісьці. Хацеў бы з'ездзіць са студэнтамі ў Валожын. Якія там маёнткі графаў Тышкевічаў! Касцёл — як Парфенон; вышэйшая яўрэйская духоўная школа, дзе равінаў рыхтавалі, засталася да сённяшняга дня. Ды там толькі ў цэнтры памаляваць — працы не на тыдзень. Проста мы ў звычайным рэжыме, калі жывём, можам усяго гэтага не заўважаць, а галоўнае — не ведаем каштоўнасці. Для большасці нашых суграмадзян старыя будынкі — гэта проста старыя будынкі. Але ж за імі жыцці, лёсы, лес лёсаў. Яны як жывыя, маюць душу. Ствараюць вобраз горада. А за гарадамі — вобраз краіны.

— Раскажыце пра сваю краіну: што вы ў ёй любіце? Памятаеце, калі ў вас упершыню ўзнікла адчуванне радзімы?

— О, у мяне сёлета ўтварылася свая краіна — "Краіна Палесся". Гэта назва маёй выставы на Гомельшчыне, у Тураве. Трэба было напісаць "Краіна Палессе", але арганізатары так гэта ўбачылі. Карціны, якія мы выстаўлялі, прысвячаліся балотам. Я ведаю Палессе. Ведаю Прыпяць. Ведаю Нёман, Днепр, вельмі люблю Асвейскае возера. У Беларусі шмат мясцін, якія западаюць у душу.

Але асабліва я люблю Пацвілле — гэта ў Глыбоцкім раёне. У мяне ёсць вельмі пранікнёны верш, напісаны там пасля восьмага класа школы імя Ахрэмчыка. Я тады футболам захапляўся, і мяне ўшчувалі, што не малюю. Я паехаў у Пацвілле да цёткі. Як перадаць тыя адчуванні?.. Раніцой прачынаешся, выходзіш з хаты — пахі лета навокал, усё буяе, адчуваеш сябе гаспадаром усяго свету. І парное малако з раніцы. Устаеш і ідзеш пісаць сваю карціну. Я столькі там тады напісаў! Адчуў сябе мастаком. І зноў на наступны год быў у Пацвіллі, дзе так утульна і душа радуецца. А потым усвядоміў, што я на сваёй зямлі — і на сваім месцы...

Ларыса ЦІМОШЫК.

←Можно ли жить без дизайна?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика