Кавуновы эксперымент у Юнішчах
Вось ужо больш за дзесяць гадоў на прысядзібным участку Бароўскіх растуць кавуны. Эксперымент, ініцыятарам якога была Наталля Аляксееўна Бароўская, удаўся. Хоць першапачаткова ніхто не верыў у гэтую ідэю.
— Угаворвала сваю свякроў: "Давайце пасадзім". А ў адказ чула, што гэта не мае сэнсу, — дзеліцца Наталля Аляксееўна.
І вось паспрабавалі. Проста пасадзілі зярняткі ў зямлю на невялікім участку, а восенню сабралі ўраджай. Першая пасадка кавуноў была перад домам: кожны, хто праходзіў ці праязджаў па вуліцы, мог назіраць гэтае дзіва: у беларускай вёсцы каля сялянскай хаты на градцы грэлі свае бакі вялізныя паласатыя ягады.
Першапачаткова кавуны былі пасаджаны з купленага насення і выбранага са смачных экзэмпляраў, завезеных да нас з-за мяжы. Аднак гаспадыня заўважыла, што лепш за ўсё яны растуць са свайго насення. Так з года ў год, адбіраючы лепшыя кавуны, выводзіла свой сорт.
Ніякай лішняй работы пры вырошчванні гэтага віду гаспадыня не робіць. З вясны на ўвесь агарод уносяць угнаенне. У маі — дзесьці з шостага па дзясятае (як звычайна агуркі ў адкрыты грунт) высявае насенне. Адлегласць паміж радкамі — крыху больш за метр. Прыкладна метр паміж лункамі ў радку. У кожную з іх, не шкадуючы, Наталля Аляксееўна засыпае насенне — па штук дзесяць. А далей проста чакае.
Вядома, патрэбна папалоць — а гэта ў дачыненні да бахчы вельмі далікатная справа: плеці лёгка ламаюцца.
Нават у гэтае спякотнае, без дажджу ў першай палове лета яны не палівалі градку з кавунамі. З калодзежа на такі ўчастак вады не нацягаешся. Сёлета пад кавунамі ў Бароўскіх крыху больш за сотку зямлі. Плеці расліны ўжо выйшлі за межы сваёй тэрыторыі і папаўзлі на суседнія градкі.
Ураджай пачынаюць збіраць з канца жніўня. Прыкладна да сярэдзіны верасня паспяваюць усе кавуны. Далей іх захоўваюць у склепе. Такім чынам, сям'я, яе госці, родныя і знаёмыя ласуюцца сакавітай ягадкай аж да лістапада.
Летась Наталля Аляксееўна дзесьці ў канцы жніўня пералічыла кавуны на градцы. Налічыла крышку больш за сто штук! Нядрэнны ўраджай. Самыя вялікія дасягаюць сямі-васьмі кілаграмаў. Бываюць, вядома, і крыху меншыя, аднак усе яны ўражваюць і памерам, і колькасцю, і смакам.
Наталля Аляксееўна пачаставала кавуном — спелым, сакавітым, салодкім. Не верылася, што ён вырашчаны вось тут — на Палессі, а не прывезены з Астрахані.
Сама Наталля Аляксееўна працуе паштальёнам у Столінскім раённым вузле паштовай сувязі. Жыве ў кватэры. На Юнішчанскія хутары прыязджае па выхадных. Дапамагаюць дзеці, свой пасільны ўклад уносяць і ўнукі — пяці- і шасцігадовыя хлапчукі. Хоць часцей за ўсё яны ласуюцца гэтым юнішчанскім дзівам, якое стала для іх звычным. Яны ж з першых гадоў свайго дзяцінства назіраюць, як тут на агародзе іх прабабулі Алены Ануфрыеўны растуць кавуны.
Наталля Аляксееўна — не мясцовая. Сям'я пераехала на радзіму мужа з Кемерава ў 1990 годзе. Хоць яна мае карані тут — на Століншчыне, на тых жа Юнішчанскіх хутарах. Менавіта там жылі яе дзядуля і бабуля, да якіх яна прыязджала на лета.
Так, родная зямля дапамагае і жыць, і расціць, і праводзіць эксперыменты. Нават вось з такой зусім не мясцовай ягадай.
Таццяна СЕГЕН. Фота аўтара.
Столінскі раён.