Да якой адказнасці прыцягнулі афіцэраў за гібель чатырох пагранічнікаў?
Да якой адказнасці прыцягнулі афіцэраў за гібель чатырох пагранічнікаў?
Артыкул пра трагічную гібель памежнікаў пад Давыд-Гарадком быў надрукаваны ў "Звяздзе" паўгода таму ("Чаму трагічна загінулі чатыры беларускія пагранічнікі", нумар за 1 сакавіка 2011 года).

Як аказалася, службовы "ГАЗ" занесла на слізкай шашы, стукнула аб дарожны слуп, перакуліла. Людзей з кузава павыкідала — каго ў кювет, каго на асфальт. Загінулі прапаршчык Уладзімір Слуцкі, малодшы сяржант Андрэй Цупа, радавы Васіль Казакевіч і старшы сяржант Мікалай Трушко.
"Кінуўся на дарогу, адзін пагранічнік ляжыць прама ўздоўж раздзяляльнай паласы, у яго, не пры нас кажучы, дзірка ў лобе, — распавёў журналісту "Звязды" непасрэдны сведка гэтай трагедыі. — А на грудзях — камянюка. Бардзюрная пліта. Яшчэ на хлопцаў высыпала маянез, батоны, спецыі, валялася зброя..."
Матэрыял выклікаў розгалас. Па-першае, высветлілася, што службовым "ГАЗам" кіраваў радавы, які не меў правоў. Аднак кампетэнтныя афіцэры з пагранкамендатуры "Рэчыца" (ваенная часць 1235), нягледзячы на гэты абуральны факт, прызначалі такога кіроўцу перавозіць асабовы склад.
Па-другое, як паказала аўтатэхнічная экспертыза, тармазная сістэма "ГАЗа" не функцыянавала належным чынам. Але група тэхнічнага забеспячэння пагранкамендатуры за гэтым не прасачыла.
І самае галоўнае, разам з памежнікамі ў машыну загрузілі незафіксаваныя бетонныя пліты, зброю, скрыні з харчаваннем. Перавозіць такі груз разам з людзьмі ў адным кузаве забараняе ключавы дакумент, які рэгулюе падобныя пытанні, — "Інструкцыя па арганізацыі эксплуатацыі аўтамабільнай тэхнікі".
Але судзілі толькі вадзіцеля — радавога Кананца, па частцы 3 артыкула 464 крымінальнага кодэкса ("Парушэнне правілаў кіравання альбо эксплуатацыі машын, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх альбо больш асоб").
Сваякоў загінулых пакрыўдзіла і тое, што ўсяго праз 12 дзён пасля гібелі чатырох пагранічнікаў, капітан А., які ехаў у трагічнай машыне і не прадухіліў парушэнні, атрымаў званне маёра. Маёр Дубойскі, які загадаў грузіць бетонныя пліты, таксама быў павышаны ў званні праз восем месяцаў пасля здарэння — стаў падпалкоўнікам. Камандзір вайсковай часці Б. быў пераведзены кіраваць іншым падраздзяленнем.
Сваякі загінулых памежнікаў звярталіся са скаргамі ва ўсе магчымыя інстанцыі і ўрэшце дамагліся, каб у сакавіку 2010 была заведзена крымінальная справа ў дачыненні Мікалая Дубойскага, які на момант трагедыі ў званні маёра выконваў абавязкі каменданта пагранкамендатуры "Рэчыца".
Але 15 лютага 2011 года Брэсцкі міжгарнізонны вайсковы суд апраўдаў афіцэра (Беларускі вайсковы суд 21 красавіка пакінуў гэта рашэнне без зменаў).
Калі наш папярэдні матэрыял пра гібель памежнікаў рыхтаваўся да друку, каментар "Звяздзе" даў намеснік старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Васіль Гарбаценка:
"Мы вельмі спадзяваліся на тое, што ў судзе ўсё будзе раскладзена па паліцах і вінаватыя будуць належным чынам пакараныя. Бліжэйшым часам мы, на падставе апошніх судовых пасяджэнняў, збяром усе дакументы, падвядзём канчатковыя вынікі. На мой погляд, вінаватыя людзі яшчэ будуць прыцягнуты да адказнасці, хоць і не крымінальнай. За тое, што машына была перагружаная, за тое, што вадзіцель не меў пэўнай катэгорыі, якая дазваляла б перавозіць такую колькасць людзей... Мы разгледзім правіну кожнага. Магчыма, мы збяром гэтых людзей разам і запросім матуль і жонак загінулых..."
Праз паўгода пасля выхаду папярэдняга матэрыяла пра трагедыю пад Давыд-Гарадком у рэдакцыю "Звязды" прыйшла афіцыйная папера за подпісам ЧВА Намесніка старшыні Дзяржпагранкамітэта — начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння палкоўніка Сяргея Байбарошы.
Нам стала вядома, што падчас праверкі камісіяй Дзяржпагранкамітэта, якая праводзілася неўзабаве пасля аварыі, да дысцыплінарнай адказнасці было прыцягнута сем службовых асоб вайсковай часці 1235, уключна з камандзірам часці і яго намеснікам па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні.
Апроч гэтага, у адпаведнасці з загадам камандзіра вайсковай часці 1235, да дысцыплінарнай адказнасці былі прыцягнуты 4 службовыя асобы.
"...У цяперашні час прававых падстаў для паўторнага прыцягнення службовых асобаў вайсковай часці 1235 да дысцыплінарнай ці іншай адказнасці няма, — пазначана ў дакуменце. — Разам з тым хачу падкрэсліць, што з дадзенага здарэння ў органах памежнай службы былі зроблены вельмі сур'ёзныя ўрокі і высновы, каб не паўтарыць трагедыі ў будучыні.
Аднак мы разумеем, што апроч крымінальнай і дысцыплінарнай адказнасці, якую панеслі ваеннаслужачыя, на іх сумленні застанецца цяжкім грузам памяць пра чатырох загінулых саслужыўцах..."
Таксама ў дакуменце нямала згадак пра тое, як Дзяржпагранкамітэт дапамог пацярпелым сваякам фінансамі: "Свой удзел у аказанні фінансавай дапамогі сем'ям загінулых прынялі практычна ўсе ваеннаслужачыя органаў памежнай службы.
У 2009 годзе, напярэдадні гадавіны з дня гібелі, кожнай сям'і на набыццё помнікаў выдаткавана па 3 000 000 руб. з ахвяраванняў ваеннаслужачых. Па хадайніцтве Дзяржпагранкамітэта рашэннем Пінскага гарвыканкама ўдаве загінулага ваеннаслужачага Трушко Ю.Н. з жылога фонду горада выдзелена кватэра. Апроч гэтага, па асабістай просьбе Трушко Ю.Н. была прызваная на воінскую службу па кантракце на пасаду кантралёра аддзялення пагранічнага кантролю. Удава загінулага ваеннаслужачага Цупа Т.В. пасля сканчэння навучальнай установы была накіравана на працу па размеркаванні ў горад Гомель. Пасля звароту па дапамогу аб прадастаўленні жылля, па хадайніцтве камандавання Гомельскай пагранічнай групы ёй быў прадастаўлены інтэрнат у Гомелі.
У 2011 годзе, у адпаведнасці з рашэннем Пінскага гарадскога суда, з вайсковай часці 1235 на карысць сваякоў пацярпелых у якасці кампенсацыі маральных страт дадаткова спагнана 63 мільёны рублёў..."
Нядаўна ў рэдакцыю "Звязды" быў дасланы доўгі ліст ад бацькоў загінулага Андрэя Цупы. Хоць пра гэта нямала было напісана, Вера Канстанцінаўна і Іван Міхайлавіч у чарговы раз ставяць пытанне рубам: "Чаму за смерць сына адказаў толькі вадзіцель, які парушыў правілы дарожнага руху? Яго ж, чалавека без правоў, пусцілі за руль афіцэры. Людзі з зорачкамі на пагонах загадалі ў парушэнне заканадаўства грузіць у кузаў бетонныя пліты. Але асуджаны толькі радавы, а афіцэры працягваюць ахоўваць дзяржаўныя межы..."