“Світанак” набыткамі багаты
25.08.2011
—
Новости Общества
На рахунку беларускай суполкі ва Узбекістане шмат цікавых спраў
Пасля тэракту ў мінскім метро многія землякі з замежжа спачувалі пацярпелым і тым, хто страціў блізкіх. Газета давала падборку такіх допісаў. Адной з першых адгукнулася тады і старшыня Беларускага культурнага цэнтра “Світанак” з Ташкента Лілія Белазёрава. Хто яна, адкуль вядзе карані беларускія? На гэтыя пытанні мы папрасілі адказаць Лілію Станіславаўну.
Як вядома, пад час Вялікай Айчыннай вайны Узбекістан прыняў тысячы бежанцаў з Беларусі. Пазней, пасля землятрусу 1966 года, нашы суайчыннікі актыўна ехалі адбудоўваць Ташкент. І цяпер, паводле некаторых звестак, у гэтай сярэднеазіяцкай краіне жывуць каля 20 тысяч беларусаў.
Няпроста склалася жыццё Ліліі Белазёравай: у 1954 годзе па сямейных абставінах ім з маці прыйшлося выехаць з Беларусі да сваякоў у Казахстан, а з 1962-га яны — у Ташкенце. Нарадзілася ж Лілія Станіславаўна перад вайной, у 1940-м, у Мінску. Бацька, Станіслаў Іосіфавіч Бакіноўскі, 1912 года нараджэння, удзельнічаў у баявых дзеяннях і “знік без вестак у 1944 годзе ў званні старшага лейтэнанта”, — так напісала ў рэдакцыю Лілія Белазёрава.
А мама яе, Вольга Фёдараўна, — з беларускага роду Вітушкаў, з вёскі Рацькавічы на Лагойшчыне. Шмат гадоў Лілія Белазёрава працавала на Ташкенцкім трактарным заводзе на розных пасадах — ад прэсаўшчыцы да вядучага інжынера, займалася грамадскай працай. У сярэдзіне 90-х сышла на пенсію. Дзесяць гадоў таму была абрана намеснікам старшыні Беларускага культурнага цэнтра, а потым стала і старшынёй.
“Беларускі культурны цэнтр "Світанак" горада Ташкента быў створаны ў кастрычніку 1993 года, — паведамляе зямлячка. — Узначаліў яго спачатку першы сакратар дыппрадстаўніцтва Беларусі Кірыл Гром. З 1996-га да красавіка 2000-га старшынёй быў Сяргей Пратасевіч. Калі ж ён выехаў за межы краіны, кіраваць суполкай даверылі мне”. Цяпер у цэнтры зарэгістравана 212 чалавек, у складзе савета — дзесяць актывістаў. Сярод іх выкладчыца Ташкенцкага ўніверсітэта інфарматыкі і тэхналогій Святлана Дудзюк — яна родам з вёскі Ярцавічы, што на Брэстчыне, выкладчыца Маргарыта Філановіч, ураджэнка Ленінграда. З Гомельшчыны, з Рагачова, родам Марыя Чабатарова. А Ніна Шубнікава і яе сын Леанід трапілі ў Ташкент з Віцебшчыны — з вёскі Негаціно Дубровенскага раёна. У актыве таксама і Таццяна Навасёлава, дырэктар музея Славы Вялікай Айчыннай вайны і працы на трактарным заводзе.
Суполка найперш працуе на пашырэнне рознабаковых сувязяў паміж Беларуссю і Узбекістанам. “Дзякуючы пасольству мы падтрымліваем кантакты з этнічнай Радзімай, у нас ёсць прыгожыя нацыянальныя строі, якія надаюць нам адметнасць на фестывалях, сустрэчах, іншых мерапрыемствах”, — зазначае Лілія Белазёрава. З ліста бачна, што яе маці больш за 20 гадоў таму пры трактарным заводзе заснавала ветэранскі хор "Кацюша", дзесяць гадоў была яго мастацкім кіраўніком, а потым перадала гэтую справу дачцэ. З хорам, які ў 2008-м уганараваны званнем “Народны самадзейны мастацкі калектыў”, дыяспара працуе ў цесным кантакце. Цікавыя праекты і з дзіцячым танцавальным калектывам “Рух” пад кіраўніцтвам Надзеі Малдаханавай. “З гэтымі гуртамі наш цэнтр тройчы быў адзначаны пад час фестываляў “Узбекістан — наш агульны дом”, — удакладняе Лілія Белазёрава. — Разам праводзім канцэрты, удзельнічаем у акцыях іншых культурных цэнтраў Ташкента. Наш цэнтр мае нямала дыпломаў, грамат, падзячных лістоў ад арганізацый. Мы шмат робім для захавання беларускіх традыцый, знаёмім жыхароў Узбекістана з нашымі звычаямі, гісторыяй, культурнымі набыткамі”.
Цяпер “Світанак” узмацнеў, мае свой твар, і яго актывісты гатовы падзяліцца набыткамі з землякамі ў Беларусі. Робяцца захады, каб мастацкія калектывы “Кацюша” і “Рух” выступілі на Радзіме. Жывая сувязь з Айчынай у “світанкаўцаў” ідзе праз родзічаў, як гаворыцца, ад сэрца да сэрца. Любая вестка з Радзімы выклікае ўсеагульны інтарэс. Летась, дарэчы, газета “Вечерний Брест” расказала пра Ніну Ягораву і яе сясцёр з Пружанскага раёна Брэстчыны, якія ў вайну былі малалетнімі вязнямі і ўрэшце аказаліся ва Узбекістане.
Цікавыя гісторыі жыцця і ў іншых выхадцаў з Беларусі. Магчыма, “світанкаўцы” яшчэ раскажуць іх нашым чытачам. Раней, як піша Лілія Станіславаўна, ужо былі кантакты ў суполкі з рэдакцыяй, іх варта аднавіць. Выбрацца на Радзіму з Ташкента не часта ўдаецца, але бываюць і такія шчаслівыя дні. Напрыклад, у 2006-м Лілія Белазёрава была прадстаўніком ад “Світанка” на Трэцім з'ездзе беларусаў свету ў Мінску.
Беларускі культурны цэнтр “Світанак”
Старшыня — Белазёрава Лілія Станіславаўна
Паштовы адрас: вул. Бобура, 4, г. Ташкент,
Узбекистан, 100100
E-mail: beloliliya@rambler.ru
Іван Ждановіч