Zамор'е
Кейптаўнская турма асабліва строгага рэжыму Роllsmооr — па-свойму славутая, тут правёў шэсць з дваццаці сямі гадоў свайго зняволення самы вядомы вязень ПАР — Нэльсан Мандэла. Менавіта тут, у турэмным блоку В 11 гадоў таму стартаваў незвычайны "птушыны" праект па карэкцыі паводзін зняволеных.
У рамках праекта злачынцы, якія сталі на шлях выпраўлення, з 2000 года клапоцяцца пра птушанят папугаяў і іншых птушак, якіх пазней прадаюць у якасці хатніх гадаванцаў. Прыняць удзел у праграме жадаюць многія, але яна разлічана ўсяго на 12 чалавек. Пры гэтым кожны ўдзельнік павінен дэманстраваць узорныя паводзіны — не піць, не смаліць, не мацюкацца, не ўжываць наркотыкі. Усе ўдзельнікі праграмы праходзяць спецыялізаваную падрыхтоўку, карыстаюцца пэўнымі прывілеямі і жывуць у аднамесных камерах, адмыслова абсталяваных так, каб можна было наглядаць за птушкамі. Кожны зняволены клапоціцца адразу аб некалькіх птушках. Па дасягненні ўзросту 10 тыдняў птушкі пакідаюць сваіх "нянек", пасля чаго іх прадаюць аматарам жывёл, якія хацелі б завесці ручнога папугая, але не маюць часу на тое, каб самастойна прыручыць птушачку. Зняволеным, якія ўдзельнічаюць у праекце, больш не дазваляецца пакідаць сваіх крылатых падапечных у якасці свойскіх жывёл — пасля інцыдэнту, у якім птушка выкарыстоўвалася ў якасці "наркакур'ера". Пры любым парушэнні турэмнага рэжыму кожны з удзельнікаў праекта рызыкуе неадкладна "вылецець" з праграмы і пазбавіцца ўсіх прывілей. Праект знаходзіцца на поўным самафінансаванні. Прыбытак ад продажу птушак пакрывае бягучыя выдаткі праекта і прыносіць невялікі прыбытак, які размяркоўваецца паміж зняволенымі блока B. Камеры і калідоры турэмнага блока В упрыгожаны тэматычнымі насценнымі малюнкамі, каб "птушкі адчувалі сябе як дома". Ідэя праекта належыць Вікусу Грэсе, старшыні камісіі па пытаннях умоўна-датэрміновага вызвалення турмы Роllsmооr і вялікага аматара птушак. Сама ідэя не новая — у 1962 годзе на экраны выйшаў фільм "Аматар птушак з Алькатраса" з Бертам Ланкастэрам у галоўнай ролі. Гэтая карціна, якая ўвайшла ў класіку кінематографа, была заснавана на рэальных падзеях.
Самы шкодны ў свеце рэстаранУ Даласе (штат Тэхас, ЗША) працуе самы шкодны ў свеце рэстаран — "Сардэчны Удар Грыль". Назваўшы свой рэстаран фаст-фуду ў гонар "сардэчнага ўдару", яго заснавальнік — былы трэнер па фітнесе Джон Бэсо і не хаваў, што ў меню там будуць толькі шкодныя, вельмі шкодныя і надзвычай шкодныя па тлустасці і калорыях стравы. Дэвіз рэстарана — "Смак, дзеля якога можна памерці" — кажа сам за сябе.
У меню гэтай установы — чатыры віды гамбургераў, якія змяшчаюць ялавічную катлету вагой ад 230 да 910 грамаў. Для аматараў ежы патлусцей ёсць бульба-фры, прыгатаваная на сапраўдным сале, і бургшэр з самай высокай колькасцю халестэрыну сярод усіх страў у свеце (так абвяшчае меню ўстановы). Самай вялікай стравай у меню з'яўляецца бургер Quаdruрlе Bураss Burgеr — у ім 2 фунты мясных катлет, цэлы памідор, палова цыбуліны, 8 кавалкаў сыру і 16 кавалкаў бекону. Усё разам — гэта 8000 калорый. Зрэшты, здзівіць тлустасцю і нездаровасцю страў амерыканскі фаст-фуд ужо даўно нікога не можа. Разынка рэстарана — у атмасферы ўстановы. Так, кожны наведнік, які зрабіў замову, называецца "пацыентам", а афіцыянткі ўяўляюць з сябе медсясцёр. Кожнага "пацыента" "медсястра" праслухоўвае стэтаскопам, кліентам таксама выдаюцца фартухі, якія нагадваюць бальнічныя піжамы. Тым жа, хто важыць больш за 160 кілаграмаў, ад установы прапаноўваецца дадатковая бясплатная страва. Нарэшце, "пацыенты", якія "ўтапталі" патройны ці чацвярны гамбургер, атрымліваюць магчымасць злёгку скінуць тлушч, пакатаўшыся на інвалідным крэсле. Увогуле, рэстаран сумленна кажа, што вядзе людзей наўпрост у бальніцу. Кліенты не супраць, і адбою ад наведнікаў установа не ведае.
Чарвякі з... аўтаматаУ горадзе Зеленаградск у Калінінградскай вобласці ўсталяваны аўтамат па продажы чарвякоў.
Аўтамат усталяваны на АЗС. Як указваецца ў аб'яве, размешчанай на ім, чарвякі жывыя і прызначаны для рыбалкі. 30 штук можна купіць за 50 расійскіх рублёў. Мясцовым журналістам, якія публікуюць паведамленне пра гэта са спасылкай на аднаго блогера, пакуль не ўдалося праверыць, ці адпавядае рэчаіснасці інфармацыя, размешчаная на аўтамаце. Аўтаматы для продажу дажджавых чарвякоў даўно выкарыстоўваюцца ў ЗША.
Зорка "Тытаніка" выратавала маці мільярдэраАскараносная актрыса Кейт Уінслет стала гераіняй у рэальным жыцці, выцягнуўшы з агню 90-гадовую маці прадпрымальніка Рычарда Брэнсана.
Зорка "Тытаніка" разам з сям'ёй гасцявала ў асабняку Брэнсана пад назвай "Вялікая хата". Будынак размяшчаўся на карыбскім востраве Некер, які знаходзіцца ва ўласнасці мільярдэра. Сам бізнэсмен пражываў у суседнім будынку. Ранкам 22 жніўня, падчас трапічнага шторму, у асабняк ударыла маланка, пасля чаго пачаўся пажар. Сын Брэнсана Сэм кінуўся ў падпалены будынак і дапамог яго насельнікам выбрацца вонкі — у доме тым часам знаходзілася 20 чалавек, уключаючы сваякоў абедзвюх славутасцяў. Як расказаў мільярдэр, падчас пажару адважная актрыса вынесла з падпаленага дома 90-гадовую маці Брэнсана. У выніку ўсе насельнікі асабняка засталіся цэлыя, а сам асабняк згарэў ушчэнт. Пазней Кейт прызналася, што ўсё, што адбылося, было амаль як на здымачнай пляцоўцы, за выключэннем таго, што рэжысёр не крычаў "Знята!". Кейт Уінслет стала вядомай у 1997 годзе пасля фільма Джэймса Камерона "Тытанік". Прэмію "Оскар" актрыса атрымала за ролю ў фільме "Чытальнік" у 2009 годзе.
Пенсіянерка адбілася ад рабаўнікоў хадункамі90-гадовая нямецкая пенсіянерка (яе імя невядомае) здолела прадухіліць рабаванне яе загараднага дома. Бабулька здолела адбіцца ад траіх зламыснікаў з дапамогай рамы для хады. Інцыдэнт адбыўся непадалёк ад горада Мюнстара.
Пажылая немка прагульвалася па доме, калі ўбачыла ў памяшканні патэнцыйных рабаўнікоў — двух мужчын і адну жанчыну. Пенсіянерка накінулася на іх з хадункамі і пачала біць імі зламыснікаў. Неўзабаве яны здолелі выбегчы з хаты і ўцячы з месца здарэння. З дома нічога не знікла. Прадстаўнік мясцовай паліцыі адзначыў, што пенсіянерка праявіла надзвычайную для свайго ўзросту адвагу, аднак падкрэсліў, што сваімі дзеяннямі яна падвергла сваё жыццё небяспецы. Няўдалых рабаўнікоў пакуль злавіць не атрымалася. У 2009 годзе ў Германіі ўжо быў зафіксаваны падобны выпадак. 80-гадовая нямецкая пенсіянерка з горада Бюрштадта кінулася за злодзеем, які выкраў яе сумачку, на веласіпедзе. Пажылая немка не толькі здолела дагнаць злачынца, але і вярнуць сумачку. Злодзей быў затрыманы.