Бізнэсмен падмануў студэнтаў больш чым на мільярд рублёў
Маладыя людзі аддавалі яму грошы на паездку ў ЗША
33-гадовы дырэктар адной са сталічных фірмаў падазраецца ў махлярстве ў асабліва буйным памеры. Следчыя разбіраюцца ў аферах кіраўніка, у выніку якіх выкрадзены грошы беларускіх студэнтаў, што хацелі працаўладкавацца ў ЗША на летнія канікулы. Зараз міліцыя мае звесткі аб 300 пацярпелых, і мяркуе, што на самой справе іх значна больш.
Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, першапачаткова гаворка ішла аб 35 мільёнах, якімі завалодаў прадпрымальнік, аднак за два месяцы ў міліцыю звярнулася шмат пацярпелых, і цяпер урон складае больш за мільярд рублёў. Свой бізнэс мінчанін пачаў у 2003-м: арганізатар паездак набіраў групы студэнтаў, якія жадалі падзарабіць за мяжой, і накіроўваў іх у ЗША. У апошні год у працы фірмы з'явіліся пэўныя нечаканасці: грошы збіраліся, а свае абавязкі кампанія выконвала не цалкам: дакладней, большасць з тых, хто аплаціў паслугі, у ЗША так і не трапіла. Адна з прычын — страсць дырэктара да азартных гульняў і таталізатара. Следчымі ўжо ўстаноўлены махлярскія схемы дзеяння бізнэсмена, а ўсім пацярпелым аператыўнікі раяць звяртацца з заявай у міліцыю.
Алена АЎЧЫННІКАВА.