Генпракуратура пацвердзіла, што журналістаў Еўрарадыё затрымлівалі безпадстаўна

Источник материала:  
22.08.2011 11:11 — Новости Общества

Генпракуратура пацвердзіла, што журналістаў Еўрарадыё затрымлівалі безпадстаўна

Еўрарадыё
Генпракуратура назвала 5 чалавек, якія затрымлівалі журналістаў Еўрарадыё. Пракуроры прапануюць міністру ўнутраных спраў Анатолю Куляшову прыцягнуць іх да дысцыплінарнай адказнасці.

Пры канцы ліпеня Еўрарадыё паскардзілася ў Генпракуратуру на незаконныя затрыманні журналістаў падчас “маўклівых” акцыяў. Ад дзеянняў міліцыянтаў у цывільным з 22 чэрвеня па 6 ліпеня пацярпелі трое карэспандэнтаў Еўрарадыё. Пракурорская праверка цягнулася крыху больш за месяц. Падрыхтаванае па яе выніках Прадстаўленне належыць да дакументаў “для службовага карыстання”, таму нам не дазволілі ні адсканаваць, ні сфатаграфаваць яго старонкі. Але мы перапісалі яго ад рукі, і таму маем магчымасць зацытаваць найбольш цікавыя месцы.

Найперш, праверка пацвердзіла, што журналіст Еўрарадыё Павел Свярдлоў быў двойчы затрыманы безпадстаўна.

“Дакладна выяўлена, што 22.06.2011 і 03.07.2011 Свярдлоў П.Л. не здзяйсняў дзеянняў, якія парушалі б грамадскі парадак. Акрамя таго, як вынікае з тлумачэнняў Ластоўскага А.А., супрацоўнікі органаў унутраных спраў мелі аб’ектыўную магчымасць пры неабходнасці непасрэдна на месцы высветліць асобу Свярдлова П.Л., яго прыналежнасць да СМІ і наяўнасць у карэспандэнта адпаведнай акрэдытацыі".

Генпракуратура прыйшла да высновы, што ў выніку затрымання “былі ўшчэмленыя правы Паўла Свярдлова, у тым ліку неабгрунтавана абмежаваныя яго правы як прадстаўніка СМІ”. Такія ж парушэнні адбыліся ў дачыненні да яшчэ аднаго карэспандэнта Еўрарадыё — Андрэя Елісеева.

Асаблівую ўвагу пракуратура надала затрыманню, якое двое супрацоўнікаў 4-й роты палка ППСМ ГУУС Мінгарвыканкама здзейснілі падчас параду на Дзень незалежнасці.

“…нягледзячы на адсутнасць доказаў здзяйснення Свярдловым П.Л. супрацьпраўных дзеянняў, старэйшым інспектарам ААПП УУС адміністрацыі Фрунзенскага раёна г. Мінска В. 03.07.2011 г. у дачыненні да затрыманага журналіста складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, прадугледжаным арт.17.1 “Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях” — дробнае хуліганства, пасля чаго прадстаўнік СМІ быў дастаўлены у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама”.

Сумным чынам склаўся лёс гэтага пратакола. Падчас пракурорскай праверкі выявілася, на наступны дзень пасля затрымання Паўла Свярдлова яго разам з усёй справай згубілі двое супрацоўнікаў Фрунзенскага УУС: К. і Г.! Наконт таго, чаму пратакол згубілі адразу два міліцыянты, у Генпракуратуры выказалі наступную здагадку: адзін перадаваў дакументы другому — і вось…

Што чакае вінаватых у незаконным затрыманні журналістаў? Генпракуратура прапануе Анатолю Куляшову “разгледзець пытанне аб прыцягненні да дысцыплінарнай адказнасці” супрацоўнікаў МУС, “чые непрафесійныя дзеянні пацягнулі за сабой грубыя парушэнні законных правоў і інтарэсаў прадстаўніка замежнага сродку масавай інфармацыі і абгрунтаваныя скаргі кіраўніцтва шэрагу мас-медыяў у Генеральную пракуратуру”.

Інфармацыю пра тое, як міністр унутраных спраў вырашыць пакараць сваіх падначаленых, пракуроры атрымаюць на пачатку верасня.
 
←Скончался белорусский историк, библиограф и архивист Виталий Скалабан

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика