Наваселле справілі... сабакі ды каты
У Віцебску адкрыўся прытулак для бяздомных жывёл — пакуль адзін з нямногіх у краіне.
Як паведамілі "Звяздзе" ў Віцебскім гарвыканкаме, прытулак створаны фактычна за кошт спонсараў. Агульны кошт праектных і будаўніча-мантажных работ склаў 2,9 мільярда рублёў. 2,5 мільярда рублёў — гэта сродкі спонсарскай дапамогі, якія былі пералічаны ААТ "Віцебскі мясакамбінат". Астатнія сродкі асвоіў заказчык будаўніцтва прытулку — камунальнае дзяржаўнае прадпрыемства "Вясна".
Прытулак разлічаны на адначасовае ўтрыманне 200 жывёл. Для іх тут створаны прасторныя вальеры, ёсць памяшканні для каранціну, ізалятар для хворых, неабходнае ветэрынарнае абсталяванне, нават свая аперацыйная. У штаце супрацоўнікаў дырэктар, ветэрынарны ўрач, рабочы па наглядзе за жывёламі і кухар. Усіх гадаванцаў пасля агляду і неабходнага лячэння (а таксама абавязковых прышчэпак) аддаюць у добрыя рукі.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.