На наступным тыдні прыпячэ да +32
Сёння ўдзень надвор'е ў Беларусі будзе фарміравацца пад уплывам франтальнага раздзелу, што рухаецца да нас з боку Заходняй Еўропы, паведаміла рэдакцыі начальнік аддзела метэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Святлана Рыбакова.
Таму ўдзень у паўночна-заходнім рэгіёне будуць кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Максімальная тэмпература паветра ўдзень 18—24, на поўдні краіны да 26 цяпла. У сталіцы 21—23, часам кароткачасовы дождж.
Ужо ў суботу з боку паўднёвага захаду Еўропы да нас пачне зацягвацца даволі цёплае паветра. Уначы будзе 9—16, мінімальная тэмпература ўдзень 21—28 градусаў. Аднак актыўны атмасферны фронт прынясе месцамі невялікія навальнічныя дажджы. У нядзелю атмасферны ціск крыху паменшыцца, але пацяплее. Месцамі зноў кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Уначы будзе 11—17, удзень — 22—29, на паўднёвым усходзе каля 30 градусаў.
А вось у першай палове наступнага тыдня чакаецца чарговая хваля моцнай спякоты. Уначы будзе сапраўды цёпла — 13—19, максімальная тэмпература ўдзень — 24—29, месцамі прыпячэ да 30—32 градусаў. У панядзелак, аўторак і сераду месцамі кароткачасовыя навальнічныя дажджы. Сіноптыкі падлічылі, што ў гэтыя тры дні сярэдняя тэмпература паветра будзе прыкладна на 3—5 градусаў вышэй за кліматычную норму.
Спецыялісты амаль упэўнены, што ў гэтыя дні ў Беларусі будзе назірацца апошняя хваля такой моцнай спякоты. І сапраўды, ужо ў другой палове наступнага тыдня, паводле папярэдніх прагнозаў, у нашай краіне стане значна свяжэй. Крыху пахаладае, але лета яшчэ працягваецца...
Сяргей КУРКАЧ.