Спроба паставіць крыж выклікала міжканфесійны скандал

Источник материала:  
06.08.2011 13:17 — Новости Общества

Спроба паставіць крыж выклікала міжканфесійны скандал


Спроба паставіць каталіцкі крыж у цэнтры мястэчка Крулеўшчына, што ў Докшыцкім раёне, натыкнулася на моцны супраціў праваслаўных. У выніку каталікі адклалі свае планы да таго часу, калі “сітуацыя крыху супакоіцца”.

Пачалося ўсё з таго, што каталіцкія вернікі пажадалі замяніць крыж, які стаіць на ўездзе ў Крулеўшчыну з боку Докшыц. “Крыж перашкаджаў лініі электраперадач, таму сталі шукаць іншае месца. Вырашылі паставіць у шматлюдным месцы, на скрыжаванні дарог”, - кажа каталічка Галіна Кіцько. Паставіць вырашылі на развілцы дарог на Докшыцы і Падсвілле, побач з крамай, вядомай у народзе пад назвай БАМ.

Ідэю ўстаноўкі крыжа ў Крулеўшчыне падтрымаў каталіцкі святар Уладзіслаў Завальнюк, пробашч Чырвонага касцёла ў Мінску. Ён паабяцаў прывезці капсулу, у якой будуць змяшчацца святыні з Палестыны - зямля з ваколіц Гроба Гасподняга, камень з гары Фавор, алей, асвечаны ў Іерусаліме.

Спроба паставіць крыж выклікала міжканфесійны скандал
Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк (злева) трымае капсулу з ерусалімскімі святынямі, справа - пробашч крулеўшчынскай парафіі кс. Юры Бараўнёў

Вечарам 4 жніўня, напярэдадні планаванай устаноўкі крыжа, праваслаўныя вернікі сабралі на гэтым месцы мітынг. На ім прысутнічаў і мясцовы настаяцель айцец Віктар Гмір. Праваслаўныя пастанавілі змагацца супраць каталіцкага крыжа. Маўляў, зямля тут спрадвеку праваслаўная, і да бацюшкавай хаты недалёка.

Каталікі таксама пастанавілі змагацца за сваё права паставіць крыж. Два дзясяткі вернікаў сабраліся 5 жніўня на месцы, дзе запланаваная ўстаноўка крыжа. Яны голасна абмяркоўвалі сітуацыю, выказваючы неразуменне абурэннем праваслаўных. “Я ж не супраць, што каля майго дома стаіць праваслаўная царква. Наадварот, я рада, я схіляю галаву перад царквой”, - кажа адна каталічка. Каталіцкія вернікі, навучаныя павазе да праваслаўных, не маглі зразумець, чаму праваслаўныя, на іх думку, не маюць гэткай жа павагі да каталікоў.

Спроба паставіць крыж выклікала міжканфесійны скандал

Прыезд святара Уладзіслава Завальнюка і мясцовага пробашча Юрыя Бараўнёва часова разрадзіў напружаную сітуацыю. “Я думаў, чаму сёння так цёпла, а тут вы свеціце як сонейкі”, - звярнуўся ксёндз Уладзіслаў да вернікаў. “Чаму б не паставіць тут і праваслаўны крыж. Будуць як брат і сястра”, - прапанаваў ён.

Праваслаўныя правы

Праваслаўныя не чулі прапановы ксяндза Завальнюка – трыццаць жанчын у хустках падыйшлі да месца падзей адразу пасля таго, як каталіцкія святары з’ехалі. Аргументы праваслаўнага боку выказаў настаяцель айцец Віктар Гмір. На яго думку, крыж у гэтым месцы нельга ставіць, бо каля яго могуць збірацца алкаголікі, якія набываюць віно ў краме, што праз дарогу. Святыня можа такім чынам апаганьвацца.

Другі аргумент айца Віктара – што побач знаходзіцца яго дом. Чаму крыж не можа стаяць за дзвесце метраў ад дому бацюшкі, ён не патлумачыў.

А шараговыя вернікі – каталіцкія і праваслаўныя – дадавалі свае аргументы. “На праваслаўную Пасху агонь у Ерусаліме загараецца”, - сказала адна жанчына, са злосцю ў голасе даказваючы правільнасць яе веры. “Хай палякі ў Польшчу едуць”, - гнеўна крычала іншая.

Карэспандэнту “Вестак”, які працаваў на месцы падзеі, таксама дасталося. “Напішы хоць слова, мразь, я цябя унічтожу. Із псіхушкі всю жызнь не вылезеш”, - пагражала адна шчырая праваслаўная верніца. – “Я заяўлю ў КГБ”, - дадала другая.

Спроба паставіць крыж выклікала міжканфесійны скандал
Праваслаўны святар спрабуе супакоіць людзей

Праваслаўны святар увесь час спрабаваў супакоіць людзей. Ён казаў пра сваё добрае стаўленне да каталіцтва: “Я і таму і таму крыжу хрышчуся”. Нагадваў пра этыку і правы чалавека. Але пры гэтым змагаўся за права праваслаўных забараніць каталікам ставіць крыж. На яго думку, прымірэнне можа адбыцца толькі на ўмовах праваслаўнага боку.

Часовае адступленне

Сутыкнуўшыся з супрацівам праваслаўных, каталікі вырашылі адкласці ўстаноўку крыжа.

Праваслаўныя гэтага не ведалі, таму жанчын сабраліся апалове на трэцюю пад крамай, чакаючы на ўстаноўку крыжа. “Мы змагаемся не таму, што крыж польскі, а таму, што ён будзе апаганьвацца”, - кажа жанчына з суседняй вёскі Ліпаўкі. Яна распавяла, што ў сваёй вёсцы разганяе мужыкоў, якія п’юць і лаюцца матам каля крыжа.

А тым часам каталікі сабраліся на Імшу ў гонар свята Перамянення Гасподняга. Служыў і прапаведваў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Ксяндзы выказалі шкадаванне, што паставіць крыж сёння не атрымалася.

Сёння ж ксёндз Завальнюк асвяціў абразы чатырох евангелістаў, змешчаныя побач з алтаром у касцёле, а таксама паабяцаў прывезці ў Крулеўшчыну звон. Устаноўку крыжа адклалі да таго моманту, калі сітуацыя больш-менш супакоіцца.
←Казімір Фарыно: "Гімназіі даказалі сваё права на існаванне"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика