Голуб — птушка пералётная
Памятаю такі малюнак з дзяцінства: сяджу я спінай да акна, раблю нешта, а матуля мне, ківаючы на акно, кажа: "Вунь, глядзі! Глядзі! Ляціць!.." А гэта ў небе над Любанню лунаў на дэльтаплане Васіль Голуб, жыхар вёскі Пласток Любанскага раёна. Сёння мы крыху пагаворым з ім пра ягонае захапленне небам.
— Васіль Уладзіміравіч, раскажыце, адкуль у вас з'явілася жаданне лятаць?
— Мабыць, яшчэ ў дзяцінстве, калі ўсе мараць лятаць. Мне ўдалося, як бачыце, сваю мару ажыццявіць. Лятаць пачынаў яшчэ ў 80-х, на пачатку развіцця ў нас дэльта- планерызму. Першы дэльтаплан рабіў сам па чарцяжах з савецкага часопіса "Мадэліст-канструктар". Маё тэхнічнае пакаленне вырасла на гэтым часопісе.
— А дзе вы знаходзілі патрэбныя матэрыялы?
— Чарцяжы дэльтапланаў былі даволі падрабязныя. Для дэльтапланаў выкарыстоўваюцца трубкі са спецыяльнага сплаву: алюміній і 16 працэнтаў тытану. Іх я набываў у Брэсце ў краме "Зрабі сам". Такія трубы і лёгкія, і трывалыя. Яны падыходзяць для канструявання лятальных апаратаў, для таго, каб палёт быў бяспечным.
— Колькі часу патрабуецца вам для таго, каб сабраць дэльтаплан?
— Сёння я ўжо маю вопыт у гэтай справе, бо сабраў 4 лятальныя апараты. Але зараз і патрабаванні да дэльтапланаў вышэйшыя. Яны больш тэхнічна складаныя, так што на зборку дэльтаплана ідзе ў сярэднім ад паўгода да года.— На якую вышыню падымаецца дэльтаплан?
— Увогуле дапушчальная вышыня, на якую можа падняцца дэльтаплан, — 4,5 кіламетра. Але ёсць рэкорд, па-мойму, француз яго здзейсніў, ён пераляцеў праз гару Джамалунгму, а гэта вышыня 8 848 метраў. Я ж у асноўным лятаю на вышыні да кіламетра. Падымаўся і да двух кіламетраў.
— І дзе знаходзіцца ваша ўзлётная паласа?
— Уздоўж рэчкі, што непадалёк ад дома. Для таго, каб дэльтаплан узляцеў, патрэбна 70-100 метраў. Без пасажыра — яшчэ менш, бо і вага адпаведна меншая.
— Раскажыце, як праходзілі вашы першыя палёты?
— О, гэта былі хутчэй падскокі па полі, перавароты! Ды мяне гэта не спыняла. Было ў мяне і некалькі вучняў. Няма такога пілота, які б напачатку ні разу жорстка не прызямліўся. Такога не бывае. Першы палёт я рабіў самастойна. Падаў, падымаўся і зноў падаў. Потым лятаў у Брэсцкім аэраклубе. У Мінску ў Доме тэхнічнай творчасці лятаць мяне вучыў Аляксандр Чарноў. Падалі мы з ім і ў возера. Гэты момант атрымалася нават зняць на відэа.
— Наколькі я ведаю, была ў вас задума ўвесці платныя паслугі на турыстычнай базе адпачынку і рыбнай лоўлі ...
— Гэта пакуль сапраўды на ўзроўні задумы: атрымаць дазвол на гэта вельмі складана, бо вялікая адказнасць — катаць людзей на дэльтаплане. Тым не менш, са мной лётала ўжо шмат людзей.
— Пасажыры пасля палёту дзеляцца з вамі ўражаннямі? Якія яны?
— А мы можам з вамі гэта зараз праверыць!
— Не! Дзякуй, але я баюся вышыні.
— Магу сказаць, што ўсе, хто лётаў са мной, былі ў захапленні. Вядома, уражанні ва ўсіх розныя: камусьці падабаецца, камусьці страшна. Але колькі адрэналіну! Ды і зямля з вышыні вельмі прыгожая.
— Раскажыце, калі ласка, пра злёты аматараў дэльтапланерызму ў Беларусі.
— Раней у Беларусі праходзілі злёты рэспубліканскага значэння. Акрамя беларусаў, на іх прыязджалі расіяне, палякі, чэхі. Зараз мы праводзім злёты на мясцовым узроўні. Бліжэйшы такі злёт адбудзецца 6 жніўня, на ім чакаецца пяць лятальных апаратаў: з Любанскага, Салігорскага, Акцябрскага, Калінкавіцкага, Мазырскага раёнаў. На такіх злётах мы дзелімся вопытам, лятаем на тэхніцы адзін аднаго. Летась былі сярод нас і парапланы — гэта такія парашуты з маторчыкам. Два падобныя злёты праходзілі ў маёй вёсцы, а сёлета я вырашыў перадаць эстафету свайму калегу з Акцябрскага раёна, злёт адбудзецца ў вёсцы Харомцы. Адлегласць невялікая, таму на месца збору палячу на сваім дэльтаплане. У мяне ёсць GРRS-навігатар, з дапамогай якога я магу знайсці шлях у любы пункт Беларусі, нават калі ён знаходзіцца ў лесе.
— Лятальныя апараты — гэта ваша хобі. Які ж у вас асноўны занятак?
— Фермерства. У мяне ёсць зямельны надзел у 7 гектараў, і зараз я рыхтуюся да жніва. А да гэтага больш за 10 гадоў працаваў у "Райаграпрамэнерга" электрыкам, дзе наладжваў складанае электрычнае абсталяванне ў сельскіх гаспадарках і на прадпрыемствах. І зараз мяне часта запрашаюць паправіць тэхніку ў розныя СВК раёна.Таксама на аматарскім узроўні займаюся фота- і відэаздымкамі. Для гэтага ў мяне ёсць прафесійная тэхніка. Фатаграфіяй увогуле захапляюся яшчэ з дзяцінства. Першая відэакамера ў свой час ў Любанскім раёне з'явілася менавіта ў мяне.
— Якія ў вас далейшыя планы?
— Ёсць задума гэтай зімой зрабіць адзін дэльтаплан. Кожны год ён удасканальваецца. Таму сёлета планую адсоткаў на 60 змяніць канструкцыю. У першую чаргу гэта тычыцца мотакаляскі.
— Чула, што вы зараз займаецеся і зборкай двухмеснага аднаматорнага самалёта...
— У мяне ўжо ёсць патрэбныя чарцяжы, хапае і матэрыялу на зборку самалёта. Але зараз няма часу займацца самалётам. Як з'явіцца час, дык адразу ж вярнуся да яго зборкі.
— Ваша жыццёвае крэда.
— Прыстойнасць і сумленнасць. Калі казаць пра мары, то яны ў мяне заўсёды канкрэтныя. Глабальных мэт перад сабой ніколі не стаўлю, а толькі тыя, якія магу здзейсніць.
Вольга Каспяровіч.
Фота з архіва Васіля Голуба.