Мінсувязі прапануе пачаць адключэнне аналагавага тэлебачання ў Беларусі з 2012 года
Міністэрства сувязі і інфарматызацыі прапануе пачаць адключэнне ў Беларусі аналагавага тэлебачання з 2012 года. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік сектара тэлебачання, радыёсувязі і радыёвяшчання ўпраўлення электрасувязі Мінсувязі Віктар Зайцаў.
Адпаведную прапанову Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ўнесла на разгляд Савета Міністраў. Урад у сваю чаргу павінен вызначыцца з тэрмінамі адключэння аналагавага тэлебачання ўжо 19 верасня.
Адключэнне аналагавага тэлебачання плануецца пачаць з пробнага аб'екта ў Гродзенскай або Віцебскай вобласці.
"Мінсувязі зацікаўлена ў найхутчэйшым пераходзе да лічбавага тэлевяшчання, якое дасць магчымасць развіваць новыя тэхналогіі і паслугі на вызваленых ад аналагавага тэлебачання радыёчастотах", — адзначыў начальнік сектара.
Нагадаем, дзяржпраграмай укаранення ў Беларусі лічбавага тэлевяшчання прадугледжана, што да 2015 года краіна поўнасцю адмовіцца ад аналагавага тэлебачання. У Мінсувязі прапануюць паскорыць гэты працэс. Па стане на 12 ліпеня ахоп насельніцтва Беларусі наземным тэлевяшчаннем складае 94,25 працэнта.
У Беларусі развіваецца лічбавае тэлевяшчанне стандарту DVB-T з прымяненнем кадзіравання MРЕG-4 АVС/Н.264. Яно накіравана на забеспячэнне насельніцтва абавязковым агульнадаступным пакетам тэлевізійных праграм, які складаецца з васьмі тэлеканалаў і адной радыёпраграмы (так званым сацыяльным пакетам тэлевізійных праграм стандартнай дакладнасці без дадатковых сэрвісаў).
Для прыёму сацыяльнага пакета тэлевізійных праграм стандартнай дакладнасці без дадатковых сэрвісаў неабходны лічбавая тэлевізійная прыстаўка або тэлевізійны прыёмнік, які падтрымлівае стандарт кадзіравання MРЕG-4 АVС/Н.264.