Мат — не фармат, альбо Думкі ўголас пра самую "калючую" частку нашага маўлен
Мікрааўтобус "Мёры-Мінск". Два мужчыны, якія сядзелі "на галёрцы", адразу ж прымусілі звярнуць на сябе ўвагу. Адзін з іх, на выгляд гадоў сарака, ужываючы ледзь не праз кожнае слова смачны мат, расказваў другому пра тое, як параніў руку электрапілой. Вельмі хацелася перасесці бліжэй да кіроўцы, але, на жаль, маршрутка была забіта пад завязку. Як на зло, яшчэ і навушнікі засталіся ў чамадане, які здала ў багаж. На шчасце, спадарожнікі, ад якіх, сказаць мякка, "вушы вялі", аказаліся кароткачасовымі, бо выйшлі на чарговым прыпынку.
Распавяду і яшчэ адзін свежы выпадак. У цягніку, у адным купэ са мной, ехала парачка. Ганна, як высветлілася, везла свайго маладога чалавека, які родам з суседняй Украіны, у Беларусь, каб пазнаёміць са сваёй бабуляй. Антон вырашыў падтрымаць размову — і я чамусьці тут жа падумала пра "бедную" бабулю дзяўчыны. Пасля ж вылучыла момант і пацікавілася ў Ганны, няўжо ёй дастаўляе задавальненне слухаць адборны мат. "Ды не, — паціснула тая плячыма. — Проста прызвычаілася. Што ж я магу зрабіць?"
Адразу ж узгадала словы свайго мудрага выкладчыка, які нам, студэнткам, паўтараў, што дзяўчына можа зрабіць так, каб малады чалавек, хоць бы ў яе прысутнасці, не ўжываў непрыстойныя словы. "Менавіта дзяўчына — галоўная сіла, здольная спыніць мацернае слова, — сцвярджаў ён. — Для гэтага ёй не трэба ўступаць ні ў якія дыскусіі. Дастаткова паглядзець на яго (безумоўна, у патрэбны час і ў патрэбным месцы). Ды і погляд павінен быць асаблівым".
Не магу сказаць, што мяне выводзяць з сябе адзінкавыя "калючыя" словы, якія час ад часу вырываюцца ў навакольных у парыве эмоцый. Безумоўна, можна было б без іх абысціся, але ж у каго не бывае. Зусім іншая справа — калі з мацерных слоў складаецца ўся размова. Апошнюю, дарэчы, можна параўнаць з шахматнай гульнёй. У шахматах "мат" азначае, што гульцу няма куды ісці. Тое ж самае і тут: чалавек, які размаўляе на мацернай мове, на нармальнай гаварыць ужо не можа.
Вучоныя лічаць, што мацюкі ў старажытнасці былі сакральнымі словамі. Іх прымянялі падчас рытуалаў для ўмацавання радавой сілы. З дапамогай непрыстойных слоў язычнік-славянін адпужваў таксама нячыстую сілу, бо думаў, што чэрці баяцца мацюкоў. Аднак з часам свяшчэнны глянец знік, і мат стаў проста лаянкай. Нягледзячы на распаўсюджанасць нецэнзурных выразаў ва ўсіх пластах грамадства на ўсіх этапах яго гісторыі, брыдкаслоўе асуджалася і ў пэўных выпадках каралася.
Так, ужо ва ўказе цара Аляксея Міхайлавіча 1648 года падкрэслівалася недапушчальнасць брыдкаслоўя ў вясельных абрадах. Лічылася, што мацерным словам зневажаецца, па-першае, Маці Божая, па-другое, родная маці чалавека і, нарэшце, маці-зямля. Існавала ўяўленне, што мацерная лаянка караецца стыхійнымі бедствамі, няшчасцямі і хваробамі. Яшчэ пры царах Міхаіле Фёдаравічу і Аляксею Міхайлавічу за брыдкаслоўе каралі розгамі на вуліцах. У Расіі традыцыйна існавала табу на выкарыстанне такой лексікі ў друкаваным выглядзе. За нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы нават па заканадаўстве СССР прадугледжвалася 15 сутак арышту. А здзяйсненне двойчы на працягу года такога правапарушэння магло пацягнуць за сабой і крымінальную адказнасць з пазбаўленнем волі.
Сучаснае беларускае заканадаўства таксама прадугледжвае пакаранне за мацюканне ў грамадскім месцы. Так, згодна з артыкулам 17.1 ("Дробнае хуліганства") Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях "нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы, абразлівае прыставанне да грамадзян і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый ці спакой грамадзян і выражаюцца ў яўнай непавазе да грамадства" цягнуць за сабой штраф ад двух да трыццаці базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт. У некаторых выпадках адказнасць можа быць і крымінальная.
Так, нядаўна 16-гадовага падлетка з Барысава асудзілі па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса за апаганьванне будынка цынічнымі надпісамі і псаванне маёмасці. Як распавяла старшы памочнік пракурора Мінскай вобласці Таццяна Калініна, следства ўстанавіла, што днём 22 сакавіка гэтага года падлетак у пад'ездзе жылога дома ў раённым цэнтры маркерам нанёс на шчыце, дзе вывешваюцца аб'явы, а таксама на смеццяпровадзе "надпісы вульгарнага, цынічнага зместу". Пры гэтым была сапсавана камунальная маёмасць, якая знаходзіцца ў грамадскім месцы агульнага карыстання. На судовым пасяджэнні падлетак цалкам прызнаў сваю віну. Па прыгаворы суда Барысаўскага раёна ён асуджаны да 90 гадзін грамадскіх работ. Максімальна ж магчымае пакаранне за дадзенае злачынства — арышт на тэрмін да трох месяцаў.
Аднойчы навукоўцы правялі эксперымент. Яны аблаялі ваду адборным матам, а пасля палілі ёй зерне пшаніцы. Зерне, палітае вадой з матам, прарасло толькі на 48 працэнтаў, палітае ж святой вадой — на 93. Мудрая прырода зрабіла свой выбар. Чаму б і нам не браць ад жыцця толькі лепшае?
Надзея ДРЫЛА.
А вы карыстаецеся нецэнзурнай лексікай?
Арцём Кавалеўскі, паэт:
— Не, гэтую лексіку я не выкарыстоўваю. Але нецэнзурная лексіка можа існаваць як асобны пласт у літаратуры. Напрыклад, пры стварэнні пэўнага вобраза. Гэта дапушчальна, калі з гэтым не перабольшваць. Цікава, што з грамадства гэты пласт немагчыма вытравіць — ён заўсёды існаваў і будзе існаваць. Але не трэба забываць, што слова валодае сілай, таму кожны павінен сачыць за чысцінёй сваёй мовы.
Андрэй Снігур, студэнт Інстытута журналістыкі:
— Выкарыстоўваю, але толькі для перадачы свайго эмацыйнага стану. Напрыклад, у коле сяброў, калі расказваю якісьці анекдот або ў якойсьці стрэсавай сітуацыі — напрыклад, выпадкова стукнуў малатком па пальцы. Але ў іншых выпадках стараюся не лаяцца.
Іван Роўда, дэкан філалагічнага факультэта БДУ:
— Не карыстаюся, мне пасада не дазваляе <І>(усміхаецца. — Аўт.) . Але людзей, якія ўжываюць такую лексіку, я не апраўдваў бы. Па-мойму, трэба шукаць іншыя шляхі выказвання сваіх эмоцый і думак. Можна, напрыклад, глыбока ўдыхнуць і выдыхнуць, паўтарыўшы практыкаванне тры разы. Увогуле, я раіў бы засяродзіцца і падумаць, як выкараніць у сабе гэтую звычку. Больш за ўсё пужае, калі чуеш мат ад падлеткаў 12‑13 гадоў. Часта яны не ўспрымаюць такія словы як нецэнзуршчыну і нават лічаць іх за норму. А гэта самае страшнае — калі чалавек не ўсведамляе адмоўнасці такой з'явы, бо выправіць яе тады вельмі няпроста.
Таццяна Красій, старшы інспектар агітацыі і прапаганды УДАІ Ленінскага раёна сталіцы:
— Ні ў якім разе. Што гэта за прадстаўнік закону на дарозе, які мацюкаецца?! Я ведаю адваротную сітуацыю, калі да нас прыходзяць парушальнікі і пачынаюць лаяцца, праз слова ўстаўляючы мат. Што цікава, часцей за ўсё гэта жанчыны. Калі я працавала ў 102 (тады яшчэ 02), у гэтым плане было яшчэ горш. Людзі часам спецыяльна тэлефанавалі, каб абкласці супрацоўніка міліцыі трохпавярховым матам. Пасля высвятлялася, што людзі на эмоцыях: толькі пасля нецэнзуршчыны яны маглі выкласці сутнасць сваёй справы...
Яніна Карольчык, алімпійская чэмпіёнка ў штурханні ядра:
— Не. Хоць даводзілася чуць гаворку, дзе з дзесяці слоў восем — якраз такая лексіка. Складваецца ўражанне, што ў людзей так закладзена ў мозгу. Але я лічу, што гэты працэс заўсёды можна кантраляваць. Людзі ж стрымліваюцца на афіцыйных мерапрыемствах і візітах. Вось што мяне раздражняе, дык гэта калі лаюцца пры дзецях. Разумею, калі ты адзін ці ў кампаніі сяброў, але калі побач з табою маленькае дзіця, гэта непрымальна.
Ілья ЛАПАТО.