Прафілактычную акцыю "Хуткасць" праводзяць супрацоўнікі сталічнай ДАІ
Прафілактычную акцыю "Хуткасць" праводзяць з 3 па 13 жніўня супрацоўнікі сталічнай Дзяржаўтаінспекцыі. Як паведаміла карэспандэнту агенцтва "Мінск—Навіны" старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе аддзела ДАІ Ленінскага РУУС Таццяна Красій, у гэтыя дні ў кожным раёне горада будуць дзейнічаць спецыялізаваныя мабільныя групы. У ходзе нагляду за дарожным рухам інспектары дарожна-патрульнай службы маюць намер выкарыстоўваць прыборы фота- і відэафіксацыі парушэнняў. Прычым у поле зроку супрацоўнікаў ДАІ будуць трапляць не толькі ліхачы, але і вадзіцелі-парушальнікі правіл праезду скрыжаванняў і пешаходных пераходаў, абгону і манеўравання. Разам з інспектарамі паблізу нерэгуляваных пераходаў, а таксама ў самых небяспечных месцах будуць несці службу дружыннікі ДАІ.