Сціплая абаяльнасць прыхаванага багацця

Источник материала:  

Ларыса ЦІМОШЫК

Лета. Усе абмяркоўваюць адпачынак. Хтосьці ўжо з'ездзіў і дзеліцца ўражаннямі. Хтосьці гэтае лета плануе правесці дома і з зайздрасцю слухае пра чужыя адкрыцці цікавых мясцін за межамі Беларусі. А хтосьці не зайздросціць!.. Таму што самыя нечаканыя адкрыцці зрабіў нікуды не выязджаючы. Наша родная краіна здольная іх падарыць. Справа толькі ў тым, ці гатовыя мы іх прыняць? Сёння ёсць цікавыя экскурсіі па Беларусі. І калі хтосьці вырашыў сэканоміць на адпачынку, але пры гэтым прагне ўражанняў, то гэта менавіта тое, што трэба. Экскурсія па Беларусі каштуе ў межах 100 тысяч на чалавека, людзі могуць дазволіць сабе такую паездку за ўвесь адпачынак. І гатовыя больш актыўна прыглядацца да роднай краіны, лічыць Алесь Варыкіш, кіраўнік фонду "Краіна замкаў", які і сам праводзіць экскурсіі. Мы з ім разважаем пра тое, чым прыцягальная Беларусь.

— За апошнія гады шмат новых маршрутаў было адкрыта, прапануюцца экскурсіі, якія сапраўды цікавыя. Вельмі прыгожыя зараз Астравецкі раён, Мосар, Гродна мяняецца і адбудоўваецца, ля горада адкрыўся цэнтр адпачынку, Каробчыцы былі даробленыя. За апошнія дзесяць гадоў вельмі пераўтварыўся Магілёў, стаў прыгожым, цікавым горадам. Ёсць цудоўнае месца — Пустынкі, якое было вельмі зарослае, запушчанае, а з 2003 года яго пачалі прыводзіць у належны стан — аднаўляецца праваслаўны манастыр, і людзям хочацца ўбачыць дзівосны абраз Хрыста, які праступіў на сцяне. Гэта пакідае моцнае ўражанне. Прыгожы горад Мсцілаў... Ды што казаць? У нас шмат мясцін, вартых таго, каб іх пабачыць.

— Калі вы асабіста сталі адкрываць для сябе Беларусь?

— У студэнцкія часы. У мяне была цудоўная кампанія, з якой мы вельмі шмат ездзілі, абы не сядзець на месцы: у Польшчы, Чэхіі бывалі, па Беларусі ездзілі. У тыя часы ў мяне атрымалася пабачыць вельмі шмат куткоў, якія мяне здзівілі. Я бачыў Любчанскі замак яшчэ ў той момант, калі ім ніхто не займаўся. Ён быў закінуты, зарослы ліпамі, кустамі. І ўвесь час пасля такіх вандровак з'яўляліся думкі: было б класна, каб нехта ўзяў і па гэтых мясцінах зрабіў экскурсійную праграму! Зразумелая справа: калі спадзяешся на некага — значыць, рабі сам. Так атрымалася, што з 2007-га года мы пачалі актыўна працаваць у гэтым накірунку.

Сціплая абаяльнасць прыхаванага багацця— А ў вас самога ёсць любімы маршрут, які б вы параілі іншым?

— Я ў першую чаргу буду раіць экскурсіі з анімацыйнай праграмай. Я бачу, што гэта людзям вельмі падабаецца. Мая любімая праграма называецца "Шляхецкая гісторыя". Калі мы едзем па шляхецкіх дварах, праз Плябань, праз Залессе Агінскіх, праз Кушляны Багушэвіча, далей на Ашмяншчыну. Калі я там экскурсаводам працую, то іграю ролю пана Невяроўскага, і мая задача — прыжаніць майго брата, пана Грабоўскага. Мы да гэтага Грабоўскага едзем у Плябань, з ім знаёмімся, гутарым, пасля ён згаджаецца паехаць на агледзіны, едзем у Залессе — там паненка, закручваецца інтрыга... У гасцей цэлы сюжэт разгортваецца перад вачыма, разварочваецца паралельна тым гістарычным аб'ектам, на якія яны глядзяць. Калі гісторыя пададзена ў тэатралізаванай форме, то яна ажывае на фоне архітэктурных аб'ектаў, пра якія часта даводзіцца чуць, што яны ў нас сціплыя (у параўнанні з іншымі краінамі). Напрыклад, мы выкупілі шляхецкі дом 1918 года, яго рэканструюем, рэстаўруем. Фінальны пункт гэтай праграмы адбываецца ў гэтым доме. Госці штурмуюць двор, дзе заселі жандармы, вызваляюць жаніха, пасля за сталы сядаюць — музыка тых часоў, танцы. Мы робім майстар-клас па старасвецкіх танцах: паланэз, кракавяк, падэспань. Гучаць жарты, тосты шляхецкія, каб адчувалася адпаведная культура, традыцыі, дух.

— Ведаю, што фонд "Краіна замкаў" бярэцца апекавацца нейкімі гістарычнымі будынкамі. Што гэта вам дае, акрамя галаўнога болю? І як рэагуюць на вашу актыўнасць мясцовыя жыхары?

— Мы можам запісаць на свой рахунак тое, што выратавалі тры шляхецкія сядзібы. Адну ў Валожынскім раёне разбівалі, мы яе банальна адбілі. Другую я дапамог чалавеку выкупіць на аўкцыёне — гэта будынак, які хутка збіраліся разбіраць на дровы ці яшчэ на што. Трэці дом таксама чалавек хацеў разбіраць і перавозіць у Смаргонскі раён — я яго выкупіў у гаспадыні. Усе тры аб'екты не мелі ахоўнага статусу. Але ўсе яны даволі цікавыя. Адзін — фальварак канца ХІХ стагоддзя, другі — гіганцкі панскі дом 1828-га года ў Бенюнах, на Ашмяншчыне. Трэці — шляхецкі хутар, пабудаваны ў 1918-м годзе.

Так, узяцца за ўсё адразу даволі складана. Адзін будынак пакуль закансервавалі, але трэба прымаць рашэнне, каб яго цалкам даводзіць да розуму. Мы разумеем, што на нейкую фінансавую дапамогу разлічваць не можам. Але нарматыўныя акты, прынятыя ў краіне, спрыяюць нам. Па-другое: адчуваем прыязнае стаўленне мясцовых адміністрацый. У Валожынскім і Ашмянскім раёнах мы сустракалі пазітыў і канструктыў. У Ашмянскім раёне былі канкрэтныя крокі, каб зэканоміць нашы сродкі, дапамагчы пры адбудове будынка. Маёнтак толькі купілі, а праз дарогу стаяў стары хлеў для кароў. Дык прыгналі трактар, каб яго знесці. Сваімі сіламі мы не змаглі б гэта зрабіць. Разбітая халупа стаяла б і псавала ўвесь выгляд. Мясцовыя жыхары таксама зацікаўлены — з аднаго боку, некаторыя з іх працуюць у брыгадзе на гэтым аб'екце. А з другога — прыязджаюць турысты, ім цікава і грошы зарабляюць.

— Турысты — людзі, якім вы адкрываеце Беларусь. Ці гатовыя яны здзіўляцца нашай краіне?

— Усё залежыць ад таго, як ты ўсё пакажаш, як падасі. Калі ты сам камплексуеш наконт сваёй гісторыі і свайго паходжання, то і іншыя будуць на цябе так глядзець. А калі з гонарам распавядаць, то і гісторыя ўспрымаецца адпаведна. Вось, напрыклад, мы пачалі распрацоўваць шляхецкую культуру: беларуская эліта, гусары, шаблі, — гэта ж рамантыка, паэзія. Але яшчэ трэба зважаць на той момант, што галоўныя нашы турысты — гэта рускія. Некаторыя моманты з нашай гісторыі ім цяжка зразумець. Напрыклад, у праграме "Шляхецкая гісторыя" ёсць некаторыя героі, якія чакаюць прыходу Напалеона. Расіянам цяжка гэта зразумець, як і расповеды пра нашы паўстанні.

— Бываюць ідэалагічныя спрэчкі?

— Час ад часу бывала. Калі мы распавядалі пра касцёлы, заходзілі то ў адзін касцёл, то ў другі, то нам чалавек з Расіі заўважыў, што мы займаемся прапагандай каталіцызму. Была група з Расіі, я сказаў, што некалі на нашай тэрыторыі славяне мяшаліся з балтамі, як у Расіі яны мяшаліся з фіна-уграмі ці татарамі. Да мяне на перапынку падыходзяць: "Навошта вы пра татар кажаце?..." Усю дарогу мы імкнуліся больш мякка падаваць некаторыя факты — паўстанні ды войны з Масковіяй.

А бываюць і кур'ёзы. Аднойчы мы праязджалі Іўе. Расійскія турысты пытаюцца: "Што гэта за назва горада — "Адзін у.е.?" Кажам, магчыма, распродаж... Ці аднойчы ішлі з групай да Нясвіжскага замка, а ехала пані на веласіпедзе. Я кажу: "Госці, расступіцеся, прапусціце, Радзівілы на карэтах едуць". А жанчына са мной параўнялася: "З дарогі, смецце, шляхта едзе!" І паехала задаволеная.

— У расіян звычайна такое меркаванне, што беларусы і рускія — амаль адзін народ. Пасля экскурсій іх уяўленне пра беларусаў мяняецца?

— Гэтае меркаванне ўжо не звычайнае, бо час ідзе. У іх ёсць разуменне, што мы іншы народ, і не толькі наконт мовы, а наконт ментальнасці, звычак, тэмпераменту, традыцый і ўсяго разам. Мне нават казала жанчына, якая вазіла да нас групы з Расіі: "Як пачала да вас ездзіць, зразумела, што вы іншыя".

— Хто больш чуйна рэагуе на нашу гісторыю — расіяне ці беларусы?

— Нашы, дакладна. Для прыехаўшых гэта — забава. А для нас — прыцэл у сэрца. Былі ў мяне такія водгукі, калі людзі казалі: "За адзін дзень маё светаўспрыманне змянілася на 180 градусаў. Мы думалі, што наша гісторыя другасная. А тут аказваецца, што мы багатыя, ды толькі не ведаем пра гэта". Зараз у нашых людзей ёсць голад, прага да слаўнай сваёй гераічнай гісторыі. Нашым людзям цікава дазнацца пра свае карані.

— Хто звычайна ездзіць у такія вандроўкі?

— Калі мы пачалі рабіць анімацыйныя праграмы на экскурсійных маршрутах, то ў іх паехала шмат моладзі. Ездзяць кампаніяй, і ездзяць сем'і, і больш сталыя людзі. Прыемна бачыць, калі паехала моладзь на анімацыю першы раз, а потым паехала на наступную экскурсію, і яшчэ на адну. Таму што ёсць маладыя экскурсаводы, якія могуць цікава распавядаць. Цікавасць людзей залежыць ад экскурсавода, які здольны трымаць увагу. Таму што людзі едуць на адпачынак, а ты мусіш іх перайграць, каб яны перад адпачынкам паслухалі і задумаліся.

— Але ж трэба казаць пра нейкія канкрэтныя гістарычныя факты? Пра іх таксама трэба ведаць экскурсаводу.

— Ёсць тэхналагічныя карты і метадычныя распрацоўкі, якія зацверджаны Нацыянальным агенцтвам па турызме, мы гэтага прытрымліваемся. Ёсць вельмі моцныя спецыялісты, якія дзесяцігоддзямі гэтым займаюцца. Трэба разумець, што ў глыбіні навукі мы ўсё-такі не лезем, мы займаемся папулярызацыяй гісторыі.

— Які з вашых маршрутаў найбольш хітовы?

— Анімацыя. Адзін з іх — "Шлях караля Міндоўга", калі мы едзем у Мір, замак Любча, Навагрудак, Свіцязь. У Любчы мы сустракаем Міндоўга, у Наваградку мы яго карануем, пасля ён гіне. На Свіцязі вольны час, фаер-шоу. Мы пяты год праводзім яго, і ёсць цікавасць. Гэты маршрут ужо сёлета можа стаць міні-фэстам.

— А паездкі да помнікаў, да якіх сёння скіраваная асаблівая ўвага дзяржавы — Мір, Нясвіж?

— Вядома, ёсць. Нават калі іх яшчэ не падымалі, то мы вазілі экскурсіі. У Ружаны ёсць экскурсія, называецца "Архіпелаг Сапегаў". Зараз Косава аднаўляюць, можна паглядзець вакол замка, зайсці ў музей Касцюшкі, пасядзець на востраве кахання, зайсці ў карчму. У Ружанах руіны зараз адкрыты і можна зайсці ў музей, паглядзець экспазіцыю.

— Ёсць меркаванне, што беларуская гісторыя — не вельмі цікавая для турызму глеба, у адрозненне ад прыроды. Ці можа беларуская гісторыя прыносіць прыбытак турызму краіны?

— Наш прыклад, лічу — самы яскравы. Гісторыя прыносіць дывідэнды. На гэтых вобразах, на рыцарах, на старасвецкай музыцы, на дудах, танцах мы трымаемся. У чыноўнікаў можа быць адно меркаванне, у практыкаў — іншае. Гісторыя наогул уражвае. Не ведаю, як трэба чытаць і не разумець, не любіць яе. У нас была свая шляхта, рыцарства, то гетманы, то паўстанцы... Была свая эліта. Столькі захапляльных інтрыг!

Такія вобразы з гісторыі, як у нас, не ў кожнага народа (нават еўрапейскага) ёсць.

←Сегодня ваш день, сони!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика