Захаваць для нашчадкаў
Нядаўна на Гомельшчыне адбылася цырымонія ўзнагароджання прадстаўнікоў рэгіёна, удастоеных ганаровага звання “Чалавек года”. Дыпломы аб яго прысваенні ўручаны сямі яркім асобам, якія дабіліся ў 2010 годзе прыкметных дасягненняў у прафесійнай і грамадскай дзейнасці, праявілі пры іх выкананні творчы падыход. У ліку лаўрэатаў і дырэктар Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра аддзела культуры Ельскага райвыканкама Яўгенія Шадрына, якая адзначана ў намінацыі “Майстар”.
Яўгенія Аляксандраўна ў поўнай меры адпавядае гэтаму званню, кажуць пра яе ў раёне. Яна ініцыятыўны, дзейны чалавек, які імкнецца зрабіць свой край лепшым і прыгажэйшым, а жыццё сваіх землякоў багацейшым і цікавейшым. Ёю сабрана больш за 400 твораў вуснай народнай творчасці, запісаны і апрацаваны 16 дакументальных фільмаў аб гісторыі закінутых і выселеных вёсак. На базе культурна-спартыўнага цэнтра для падрастаючага пакалення створаны і функцыяніруюць 34 клубныя фарміраванні па інтарэсах. Пра любімую справу, планы, ідэі, новыя творчыя задумы Яўгенія Аляксандраўна гатова, здаецца, расказваць бясконца...— Яўгенія Аляксандраўна, раскажыце, як узнік і ўвасабляўся ў жыццё культурна-этнаграфічны прект “Горад майстроў”, вядомы цяпер і ў краіне, і ў вобласці?— Ідэя стварэння “Горада майстроў” выношвалася на працягу некалькіх гадоў. Яна базіруецца на тым, што на тэрыторыі Зашыр’я і вакол яго пражывае нямала ўмельцаў, рамеснікаў, здольных ствараць сапраўдныя шэдэўры народнай творчасці. Важна не толькі захаваць, папулярызаваць іх уменне, за якім стаяць традыцыі, гісторыя, але і стварыць умовы для таго, каб таленты раскрываліся ва ўсёй паўнаце, каб маладое пакаленне прагнула ў іх вучыцца. Хадзіць далёка за прыкладамі не трэба. Вось, скажам, жыве ў Зашыр’і каваль Мікалай Акуліч. Ён можа выкаваць такія ўнікальныя і непаўторныя рэчы, што дзіву даешся. Адкуль у майстра столькі фантазіі і ўмення? Альбо разьбяр па дрэве Аляксандр Коўшун. З прыроднага матэрыялу, у прыватнасці каранёў дрэў, ён разам з дзецьмі стварае сапраўдныя творы мастацтва.Будучы ў Германіі, звярнула ўвагу на тое, што да народных умельцаў там ставяцца, як да нейкага бажаства. А чым мы горшыя? Чаму б нам не ўзвысіць нашых таленавітых людзей, не арганізаваць вакол іх цэнтры народнай творчасці. А ў “Горадзе майстроў” плануем стварыць некалькі музейных аб’ектаў: ганчарню, кузню, дом рамёстваў, музей-сядзібу з сапраўднай ткацкай майстэрняй, фальклорным кутком, старажытнай беларускай кухняй з забытымі бабулінымі рэцэптамі. Не так хутка, як хацелася б, але планы паціху рэалізуюцца. У прыватнасці, гатовы будынкі пад ганчарню, кузню,стаіць будынак будучага музея-сядзібы.— Наколькі вядома, праект “Горад майстроў” быў адзначаны па выніках конкурсу трансгранічнага супрацоўніцтва?— Так, мы атрымалі спецыяльны прыз такога завочнага конкурсу, што, зразумела, прыемна і важна для нас.— Над чым яшчэ працуе ваш калектыў?— Паралельна з будаўніцтвам “Горада май-строў” арганізуем экспедыцыі па раёне, збіраем матэрыялы пра хутары і вёскі, якія зніклі, пра людзей, якіх ужо няма, але якія пакінулі яркі след на роднай зямлі, пра традыцыйныя народныя рамёствы. Плануем стварыць музей “паміраючых” вёсак Ельшчыны, архіў аб людзях нашага краю.— Якія пачуцці перажывалі, калі з рук губернатара Уладзіміра Дворніка атрымалі дыплом аб прысваенні ганаровага звання, якога, без перабольшання, удастойваюцца выбраныя, бо лаўрэатаў усяго сем?— Сама вестка аб тым, што названа Чалавекам года,была поўнай нечаканасцю. Эмоцыі перапаўнялі мяне. Безумоўна, званне — высокая ацэнка не толькі маёй працы, але і працы ўсяго калектыву Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра. Я ўдзячна маім падначаленым, калегам, проста аднавяскоўцам, якія падзяляюць мае погляды, дапамагаюць рэалізаваць ідэі.