Цікавыя факты пра колер - Частка ІІ
— Карычневы колер сёння строга асацыюецца з нацызмам. Хоць абраны ён быў нацыстамі не знарок, а па вельмі празаічнай прычыне: калі Германія згубіла свае афрыканскія калоніі пасля Першай сусветнай вайны, на складах засталася вялікая колькасць уніформы карычневага колеру (спецыяльна для афрыканскіх ландшафтаў). Гэтую ўніформу нацыянал-сацыялістычная партыя і набыла вельмі танна для сваіх штурмавых атрадаў.
— Більярд узяў пачатак ад гульняў з палкай і шарамі на вольным паветры і ў нейкай ступені роднасны гольфу і кракету. Таму як даніна традыцыі сукно на большасці більярдных сталоў зялёнае, як і колер травы.
— Многія з нас карыстаюцца зубной пастай з некалькіх палосак (напрыклад, чырвонай, белай і сіняй). Аднак чаму палоскі застаюцца роўнымі, а колеры не змешваюцца? Для гэтага выкарыстоўваецца адмысловы цюбік, запатэнтаваны ў ЗША ў канцы 1950-х гадоў. "Горла" такога цюбіка з'яўляецца падоўжанай трубкай, якая заканчваецца на ўзроўні напаўнення белай асновы пасты. Бліжэй да горла ў гэтай трубцы ёсць маленькія адтуліны, праз якія паступаюць каляровыя напаўняльнікі.
— Іспанская каралеўская сям'я і шляхта ганарыліся тым, што, у адрозненне ад простага народа, яны вядуць свой радавод ад вест-готаў і ніколі не змешваліся з маўрамі, якія пракраліся ў Іспанію з Афрыкі. У адрозненне ад смуглявых прасталюдзінаў, на бледнай скуры прадстаўнікоў вышэйшага саслоўя вылучаліся сінія вены, і таму яны звалі сябе sаngrе аzul, што значыць "блакітная кроў". Адгэтуль гэты выраз для пазначэння арыстакратыі перайшоў у іншыя еўрапейскія мовы, у тым ліку і ў рускую.
— Сцяг Філіпін складаецца з белага трыкутніка, у якім знаходзяцца сонца і зоркі, і дзвюх палос — сіняй і чырвонай. Гэта адзіны ў свеце дзяржаўны сцяг, у якога ёсць два раўнапраўныя варыянты: у мірны час сіняя паласа зверху, а чырвоная знізу, а калі Філіпіны ў стане вайны, то наадварот.
— Сцвярджэнне аб тым, што чалавечы мозг успрымае колер, раскладзены на чырвоны, зялёны і сіні складнікі, няслушнае. Насамрэч справе мозг атрымлівае інфармацыю аб розніцы яркасці паміж белым і чорным, зялёным і чырвоным, а таксама паміж сінім і жоўтым колерамі. Гэта тлумачыць той феномен, што людзі аднолькава ўспрымаюць колер прадметаў пры розных крыніцах асвятлення.
— У эпоху чорна-белага тэлебачання ў камерах часта ўжываліся чырвоныя фільтры, з-за чаго чырвоная памада рабіла вусны на экранах тэлевізараў бледнымі. Таму дыктарак і актрыс грыміравалі зялёнымі румянамі і памадай.
— Першапачаткова ў японскай мове не было адрозненняў паміж сінім і зялёным колерам і для іх абазначэння ўжывалася адно слова — "аой". Адрозніваць сіні і зялёны ў адукацыйных дапаможніках пачалі толькі ў сярэдзіне ХХ стагоддзя, але нават сёння словам "аой" могуць пазначаць колер расліннасці. І ў іншых азіяцкіх мовах нават калі маюцца асобныя словы для гэтых колераў, прыродныя аб'екты, напрыклад лісце, пазначаюцца як сінія, і толькі створаныя штучна зялёныя прадметы — уласна зялёнымі.
— Блакітны колер вачэй — гэта вынік мутацыі ў гене HЕRС2, з-за якой у носьбітаў такога гена зніжаная выпрацоўка меланіну ў радужнай абалонцы вока. Паўстала гэтая мутацыя прыкладна 6-10 тыс. гадоў таму ў паўночна-заходняй частцы чарнаморскага ўзбярэжжа, так што ўсе людзі з блакітнымі вачыма могуць лічыцца сваякамі.
— Доўгі час лічылася, што старажытнагрэчаскія скульптуры з белага мармуру былі першапачаткова бясколернымі. Аднак нядаўнія даследаванні навукоўцаў пацвердзілі гіпотэзу, што статуі расфарбоўваліся ў шырокую гаму колераў, якія з часам зніклі пад уздзеяннем святла і паветра.
— Хоць шматколерны спектр вясёлкі бесперапынны, па традыцыі ў ім вылучаюць 7 колераў. Лічаць, што першым абраў гэты лік Ісаак Ньютан. Прычым першапачаткова ён адрозніваў толькі пяць колераў — чырвоны, жоўты, зялёны, блакітны і фіялетавы, пра што і напісаў у сваёй "Оптыцы". Але пасля, імкнучыся стварыць адпаведнасць паміж лікам колераў спектру і лікам асноўных тонаў музычнай гамы, Ньютан дадаў яшчэ два колеры.
— Ружовая афарбоўка фламінга дадзеная ім не з нараджэння, а набываецца ад ужывання ў ежу маленькіх чырвоных рачкоў або багавіння, у якіх змяшчаецца караціноід.
Падрыхтаваў Іван КУПАРВАС.