Цяжкія грошы

Источник материала:  

А 5 гадзіне раніцы я з сынам быў у лесе пад Слонімам, куды ў грыбны сезон штогод езджу

Прыехалі збіраць лісічкі, але іх не вельмі каб. Натрапіш на жоўтую плямку, то падымеш лісічак 5-10, а ў асноўным пуста. Вока затрымлівалася на сыраежках ды жоўцевых грыбах. Апошнія маладыя і прыгожыя, і калі нагінаешся, то спадзяешся на сапраўдны грыб, але не сезон...

Цяжкія грошыНапачатку ў лесе, акрамя нас, нікога не было, а калі са Слоніма прыйшоў дызель, то лес напоўніўся людзьмі, але яны прыехалі ў чарніцы.

А ў цэлым даволі сумная карціна, бо збіраюць ягады ўжо пасля таго, калі па чарнічніку прайшлася некалькі дзён (а можа, і тыдняў) таму першая і другая хвалі збіральнікаў. Сям-там ягады засталіся, але назбіраць вядзерца — справа цяжкая. Месцамі з чарнічніку лісце поўнасцю садрана — папрацавалі грабеньчыкамі.

Іншым разам даводзіцца чуць, што грабеньчыкамі спрадвеку карысталіся, і ягады не перавяліся. Некалі чарніцы збіралі найперш для сябе, а на рынку яны цаны не мелі. Некалі на варэнне шкадавалі цукар, і калі кабета паставіла некалькі слоікаў чарнічнага варэння, то і добра было. Сёння чарніцы (як і іншыя лясныя ягады) ідуць на экспарт, і калі за іх тут плацяць 18 тыс./кг, то ў Германіі за 1 кг чарніц можна атрымаць 18 еўра.

Чарніцы збіраюць дарослыя і падлеткі. Напэўна, прыязджаюць сем'ямі, але, каб натрапіць на некранутыя ягаднікі, трэба адысці ад чыгункі больш чым на пяць кіламетраў, а гэта не кожнаму пад сілу, асабліва людзям пенсійнага ўзросту.

Ужо а сёмай гадзіне ў лесе стала горача і ажыла машкара, якая моцна даймала. Можна ўявіць, як гнус будзе дакучаць людзям бліжэй пад абед.

Калі аматары чарніц сустракаліся на кожным кроку, то грыбнікоў відаць не было.

За тры гадзіны ўдалося сабраць 1 кг 700 г лісічак — на дваіх малавата. Атрымалі невялікае задавальненне, а яшчэ ў маразільнік паклалі тры пакеты першых грыбоў. Але каб на лісічках (як і чарніцах) зарабіць грошы, то трэба папацець. І тут ужо не да любавання прыродай і іншых сантыментаў.

Сымон Свістуновіч. Фота аўтара.

←Запрещено купание в Могилеве на реке Днепр и в Печерском озере

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика