Адышоў у вечнасць

Источник материала:  
Адышоў у вечнасць

Ён заўсёды служыў Беларусі і людзям. Змагаўся за веру і Каталіцкі касцёл. Нягледзячы на ганенні і хваробы, якія праследвалі яго амаль усё жыццё.

Кардынал Казімір Свёнтэк нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 года ў эстонскім Вальку, ахрышчаны быў у Рызе. Калі  Казіміру было ўсяго тры гады, яго сям’ю саслалі ў Сібір. Вырашыўшы пайсці па святарскім шляху, Свёнтэк скончыў у красавіку 1939 года Вышэйшую духоўную семінарыю ў Пінску. У тамтэйшай катэдры быў высвечаны на святара і накіраваны на працу ў Пружаны. Але доўга папрацаваць не ўдалося. З-за праследавання прыхільнікаў якой бы там ні было рэлігіі ён быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Два месяцы знаходзіўся ў камеры смерці. Вайна 41-га перашкодзіла выканаць прысуд. Аднак у 44-м малады святар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў. Шмат прыйшлося перажыць Свёнтэку, калі працаваў спачатку ў Сібіры, а потым за Палярным кругам, у Інце каля Варкуты. Пасля смерці Сталіна ён вярнуўся ў Беларусь. Не зламаны, не надломлены, не азлоблены. Прадоўжыў службу. У тым жа Пінску, дзе ён і стаў святаром. Аднавіў там катэдру. І гэта была ці не адна з першых адбудаваных святыняў на Беларусі.Пастырская актыўнасць Свёнтэка, яго адданасць Касцёлу, незвычайныя арганізатарскія здольнасці, аўтарытэт сярод святароў не засталіся не заўважанымі Апостальскай Сталіцай. Святы айцец Ян Павел ІІ у 1991 годзе прызначыў яго першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай мітраполіі і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. 21 мая 2011 года споўнілася 20 гадоў яго біскупскага служэння. У 1994 годзе Свёнтэк стаў першым беларускім кардыналам з 1798 года — найвышэйшая адзнака, якая можа быць у Касцёле. Гэта прызнанне заслуг не толькі таленавітага святара і біскупа, але і мужнага сведкі веры.У чэрвені 2006 года Папа Бенядыкт XVI прыняў прашэнне аб вызваленні ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, пададзенае Казімірам Свёнтэкам. У тым жа годзе кардынал быў удастоены звання Камандора ордэна Ганаровага легіёна (Францыя). Яшчэ раней, у 2004 годзе, святы айцец Ян Павел ІІ уручыў кардыналу Казіміру Свёнтэку, арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, спецыяльную ўзнагароду “Fidei testis” (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI.У мінулым годзе кардынал атрымаў траўму шыйкі бядра, яму прыйшлося перанесці хірургічныя аперацыі. Беларусы моцна перажывалі за свайго духоўнага пастыра. І здавалася, Свёнтэк пайшоў на папраўку. Аднак стан святара зноў пагоршыўся. І ўчора а дзевятай гадзіне раніцы яго не стала. Выканаўшы сваю місію на зямлі, кардынал адышоў у жыццё вечнае. Заўтра, 23 ліпеня, цела спачылага кардынала Казіміра Свёнтэка будзе прывезена ў мінскую архікатэдру (пл.Свабоды, 9), дзе а першай гадзіне дня распачнецца жалобнае набажэнства, пасля якога пастыры і вернікі змогуць развітацца з памерлым іерархам.Пахаванне кардынала адбудзецца ў  панядзелак,25 ліпеня, у 12.00 у пінскай катэдры (вул.Леніна, 18), адкуль і пачаўся святарскі шлях Свёнтэка. Шлях шчыры, адданы Богу і поўны любові да людзей. Вечны супакой дай яму, Пане!

←Сапраўдны сведка веры для многіх пакаленняў

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика