Адлюстраванне аўтара
На супольнай выставе лягчэй разумець мову фотамастакоў
Майстэрства беларускіх сучасных фотамастакоў можна ацаніць у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, дзе працуе выстава "Адлюстраванне". Яе паглядзелі ў Кіеве — праект рыхтаваўся да Дзён культуры Рэспублікі Беларусь ва Украіне. Потым з асаблівым поглядам на свет групы аўтараў фота знаёміліся магіляўчане. Цяпер мовай фотамастацтва размаўляюць з жыхарамі і гасцямі сталіцы Беларусі.
Яна зразумелая ўсім — выява, вобраз — альбо своеасаблівы позірк аўтара ў кожнага з гледачоў народзіць свае асацыяцыі і эмоцыі. Сучасная фатаграфія выходзіць за рамкі звычайнага фота, якое фіксуе людзей, з'явы ці эпізоды жыцця. Яна нясе светаадчуванне аўтара, выказанае з дапамогай не толькі самой камеры, але і з выкарыстаннем розных іншых тэхнік — дадатковай апрацоўкі негатыва, графічных камп'ютарных сродкаў. Фотамастацтва сёння карыстаецца выразнымі сродкамі традыцыйнага жывапісу, графікі і новымі тэхнічнымі дасягненнямі. Фотамастацтва сёння шырока прымяняецца ў стварэнні іншых відаў мастацтва, у кніжнай графіцы, плакаце, рэкламе.
— Гісторыя сучаснай беларускай фатаграфіі з'яўляецца складанай, насычанай мастацкімі падзеямі, а яркія творчыя метады аўтараў неаднаразова адзначаліся крытыкай, — адзначыў куратар і ўдзельнік выставы, мастацтвазнаўца Міхаіл Баразна. — Разам з тым, сам факт наяўнасці фотамастацтва ў Беларусі доўга самім мастацкім асяроддзем па абсалютна суб'ектыўных прычынах не прызнаваўся, хоць у Заходняй Еўропе гэты від выяўленчага мастацтва канчаткова сфарміраваўся ў 1920-я гады. Сярэдзіна 1980-х гадоў была надзвычай важным пунктам адліку развіцця фотамастацтва Беларусі. З гэтага часу беларуская творчая фатаграфія ўдзельнічае ў міжнародных фотавыстаўках, а сама мастацкая сцэна Беларусі без наяўнасці фотамастакоў становіцца немагчымай. Развіццё беларускага фотамастацтва пачатку ХХІ стагоддзя характарызуецца шматграннасцю жанравых формаў, разнастайнасцю творчых метадаў і канцэптуальных падыходаў.Ларыса ЦІМОШЫК.