Для католікаў Беларусі прызначаны новы пасол з Ватыкана
Шостым па ліку Апостальскім нунцыем для Беларусі прызначаны архіепіскап Клаўдыё Гуджэроцці. Такое рашэнне 15 ліпеня 2011 года падпісаў папа Рымскі Бенедыкт XVІ. Да гэтага часу на пасадзе нунцыя ў Беларусі працаваў архіепіскап Марцін Відавіч.
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Ватыканам былі ўсталяваныя 11 лістапада 1992 г. Паводле каталіцкага партала catholіc.by, першапачаткова Апостальская Нунцыятура Беларусі была адчынена ў Ватыкане, а ўжо з 1994 года месцазнаходжанне дыпламатычнай місіі было перанесена ў Мінск (сёння — вул. Валадарскага, 6).
Архіепіскап Клаўдыё Гуджэроцці нарадзіўся 7 кастрычніка 1955 г. у г. Верона (Італія). Святарскае пасвячэнне атрымаў у 1982 г. Cкончыў факультэт усходніх моў і літаратуры пры Венецыянскім дзяржаўным універсітэце Ca Foscarі і атрымаў вучоную ступень магістра навукі святой літургіі пры Папскім літургічным інстытуце св. Анзэльма ў Рыме. З 1985 года працуе ў Кангрэгацыі па справах усходніх касцёлаў у Ватыкане.
Да прызначэння Апостальскім Нунцыем у Беларусі працаваў на аналагічных пасадах у Грузіі, Арменіі і Азербайджане. Архіепіскап Гуджэроцці стане шостым па ліку паслом Ватыкана ў Беларусі.
Ілья ЛАПАТО.