На сонечным баку Старога Свету
Не ведаю, як вы, а я, пачуўшы аднойчы на ўроку гісторыі, што ўсе дарогі вядуць у Рым, неяк адразу абсалютна шчыра і без сумненняў паверыла, што мая жыццёвая дарога абавязкова калі-небудзь у Вечны горад хоць на невялікі час заверне. Таму, калі, раніцай вылецеўшы з дажджлівай Вільні, пасля абеду таго ж дня стаяла на залітай паўднёвым сляпучым сонцам плошчы Святога Пятра ў Ватыкане (а вакол быў уласна Рым), асабліва не здзівілася і ад захаплення вішчаць не стала. Адразу “запрацавала” пачуццё іншае, вынесенае з далёкіх і блізкіх вандровак, якімі шчодра адарыла жыццё, — як найбольш убачыць, пачуць, запомніць, увабраць у сябе. Каб пасля расказаць іншым, каб карцінкі, гукі, нават пахі краіны Італіі засталіся ў памяці, як сонечныя водбліскі на зялёна-блакітных хвалях, як глыбокая бездань сінюткага неба (а ўначы яно чорнае, бы сажа, з яркімі ўспышкамі знічак, што адна за адной імкнуцца да зямлі), як свята, якое заўсёды з табой...
Парадоксы Вечнага горада
Што расказаць вам пра Рым пасля калег-тэлевізіёншчыкаў ці пасля фільма “Рымскія канікулы”, які, бадай, кожны ведае, лічы, з дзяцінства?.. Хіба такую вось дэталь: на вуліцах горада, асабліва ў самых любімых турыстамі месцах, настолькі тлумна і шумна, што экскурсавод гаворыць у мікрафон, а тыя, каму ён расказвае, знаходзячыся на адлегласці выцягнутай рукі, могуць пачуць яго толькі ў навушніках. Ці яшчэ вось гэту: да “Вуснаў праўды” — барэльефа ў сцяне, пра які легенда гаворыць, што, калі яму ў рот руку пакладзе лгун — без рукі і застанецца, — вялізная чарга. А побач, літаральна ў кроку, — старажытная, здаецца, чацвёртага стагоддзя (!) царква, і ля яе — ні душы...Наогул у Рыме столькі архітэктурных помнікаў розных стыляў і ўзросту, што цяжка запомніць назвы, стагоддзі, аўтараў. Вось лесвіца, якую рабіў Мікеланджэла. А вось тут, у Пантэоне — магіла Рафаэля. А побач з Пантэонам, на той жа плошчы — самы стары ў Рыме гатэль — сярэдзіны XVI стагоддзя. Звонку выглядае, скажу я вам, не вельмі: каб захаваць аўтэнтычны фасад, яго нават фарбаваць не дазваляюць, не тое што тынкаваць. Стаіць сабе занядбаны стары будынак, сваёй занядбанасцю каштоўны. Але затое ўсярэдзіне — сапраўдныя пяцізоркавыя нумары, абсталяваныя па апошнім слове камфорту. І спыняюцца ў іх толькі сусветныя зоркі ды фінансавыя магнаты: іншым проста не па кішэні.А ля фантана дзі Трэвi, таго самага, у які абавязкова трэба кінуць манету, сапраўдны Вавілон. Існуюць строгія правілы, як гэта рабіць, праўда, наконт старажытнасці некаторых можна паспрачацца. Калі, напрыклад, з “правай рукой праз левае плячо” пытанняў не ўзнікае, дык “калі хочаш без праблем развесціся са сваёй палавінай, кінь тры манеты” прыдумалі, падазраю, ужо нашы сучаснікі.Яшчэ адзін парадокс, які ўразіў, бадай што, больш за іншыя. Сабор Святога Пятра, аказваецца, рабілі з камянёў Калізея. І калі б не ўмяшальніцтва нейкага папы ў XVIII стагоддзі, легендарны амфітэатр разабралі б на будматэрыялы дазвання. З купала Пантэона нейкі з правіцеляў узяў ды зняў усе бронзавыя пласціны — таксама для “першапачатковых патрэб”. З таго часу купал ужо не блішчыць... Вам нічога гэта не нагадвае? Гальшанскі замак — готыку XVI стагоддзя — разабралі на цэглу для пабудовы клуба. Кальвінскі збор у Койданаве — 1431 года пабудовы — пасля вайны пайшоў на будматэрыялы для раённай бальніцы... Згодна, паралелі крыху нераўназначныя: адна справа — самы вялікі ў свеце сабор будаваць, зусім другая — местачковы клуб. Але выснова напрошваецца ўніверсальная: манкурты і абыякавыя да мінулага, да таго, што розумам, талентам, уменнем стваралі продкі, ёсць у любым грамадстве. Галоўнае — своечасова схапіць іх за руку, не даць знішчыць тое, што не яны будавалі, якімі б добрымі намерамі яны ні прыкрываліся.
Фігі святога Фердынанда
Наогул паралелі з Беларуссю самі сабой узнікалі даволі часта. Як ні дзіўна, мы з італьянцамі вельмі падобныя: у гэтым сцвярджэнні, якое з вуснаў дасведчаных людзей гучыць даволі часта, давялося пераканацца неаднойчы. Гэта нават словамі не патлумачыш, а калі тлумачыць, дык вось так: ні ў адной краіне, дзе даводзілася бываць дагэтуль, не было так лёгка ў зносінах з людзьмі. А потым давялося ўбачыць, як яны працуюць. Прычым не ў сучасным офісе, а на плантацыях. Правінцыя Пулья, што на паўднёвым усходзе краіны, — самая цёплая ў Італіі, дажджлівых дзён там бывае з дзясятак на год, а зараз гарачыня пад сорак. На плантацыях персікаў і нектарынаў цяпер самы сезон збору ўраджаю. Працуюць на зборы толькі мужчыны — вёдры з костачкавымі фруктамі нялёгкія. Працоўны дзень пачынаецца з пяці раніцы і доўжыцца да адзінаццаці — пасля пачынаецца спёка, у якую рабіць нешта проста немагчыма. Працуюць не гастарбайтэры, як могуць падумаць некаторыя, — мясцовыя жыхары, як напрыклад, гэты каларытны італьянец на фота. У рэгіёне, дзе збору ўраджаю не бывае толькі тыдні два напрадвесні (пасля персікаў пойдзе вінаград, за ім — яблыкі, пасля — апельсіны, мандарыны, ківі), гэта работа для многіх адзіны спосаб прыстойна жыць і карміць сем’і. Спецыялісты, што адказваюць за якасць прадукцыі, — проста апантаныя сваёй работай. З адным такім — Себасцьяна Фразетта — мы пазнаёміліся прама на плантацыі. З такім захапленнем, з такім бляскам у вачах ён расказваў пра тыя ж персікі, што стала зразумела: тое, што пра яго давялося пачуць ад супрацоўнікаў: маўляў, як пойдзе на плантацыі, дык прападае гадзінамі, з персікамі размаўляе, — зусім не жарт. Гэта зараз ён абараніў дысертацыю і лічыцца адным з лепшых спецыялістаў у сваёй справе. А скончыўшы ўніверсітэт, ён пайшоў працаваць... простым зборшчыкам на плантацыю. Толькі адпрацаваўшы тры гады, пазнаёміўшыся з працэсам знутры, ён змог працягнуць сваю кар’еру.У цэху, дзе салодка-фруктоваму тавару надаецца “магазінны” выгляд, працуюць больш жанчыны. Спачатку сабраныя фрукты адпраўляюцца ў велізарныя халадзільныя камеры, ахалоджваюцца да плюс двух градусаў, і толькi потым плады па канвееры праходзяць некалькі этапаў механічнай апрацоўкі: іх мыюць чыстай вадой спецыяльнымі далікатнымі шчотачкамі (ніякага пакрыцця воскам! — з гонарам заяўляюць італьянцы), аўтаматычна ўзважваюць, вызначаючы тым самым калібр, падаюць на расфасоўку. І вось тут, асабліва на лініі, дзе ідзе сярэдні калібр, якога найбольш, пачынаецца ручная праца, цяжкая і карпатлівая. Уявіце сабе: цэлая плынь нектарынаў даволі хутка рухаецца па стужцы. І ты павінен іх схапіць і пакласці ў пластыкавыя ячэйкі скрыні (такія, у якіх мы бачым плады ў магазіне). Ад аднаго назірання за працэсам праз пару хвілін у вачах пацямнела, у галаве “заматылічыла”. А жанчыны-работніцы — нічога, спрытна перабіраючы рукамі, яшчэ і паспявалі пагаварыць ды пасмяяцца, пэўна, з цікаўных іншаземных журналістаў, што разінуўшы раты за іх работай назіралі...Праз тыдзень, ужо дома, прыйшоўшы ў магазін “Еўраопт”, спынілася ля прылаўка з нектарынамі. Цалкам магчыма, гэта былі тыя самыя, што дапамагала зрываць з дрэва ў далёкай Пульі: на той плантацыі ў 45 гектараў спеюць фрукты менавіта для гэтай беларускай таварнай сеткі пад пастаянным кантролем яе ж спецыялістаў. У магазіны “Еўраопта” па ўсёй краіне, дзякуючы прасунутай лагістыцы, фрукты з Італіі без пасрэднікаў трапляюць самае большае за тры дні. Удыхаючы водар “персіка-арэха” (так італьянцы завуць нектарыны), які захаваўся і за няблізкую дарогу (дастаўляюць фрукты ў рэфрыжэратарах пры нязменнай тэмпературы два градусы), кладучы яго ў карзінку, я, бадай, упершыню абурана не падумала: маўляў, за тое, што людзям дастаецца дарам, мы павінны плаціць. Бо ведаю цяпер, што слова “дарам” тут зусім недарэчы....А фігі святога Фердынанда — гэта мясцовы інжыр, які таксама расце на плантацыях. Да нас, на жаль, яго не давязуць, занадта далікатны фрукт. У адрозненне ад інжыра турэцкага ці каўказскага, гэты не фіялетавы, а ізумрудна-зялёны. І мякаць у яго — бы салодкая вата — даўка-мядовая на смак. Пашчасціла пакаштаваць фрукт акурат напярэдадні Дня святога Фердынанда, апекуна той мясцовасці. Гэты дзень лічыцца і святам спеласці “аднайменнага” інжыру. Свята, кажуць, грандыёзнае: італьянцы, як і мы, умеюць не толькі працаваць, але і адпачываць. У чым, дарэчы, падчас паездкі ўдалося неаднойчы пераканацца. (Заканчэнне будзе.)