Стыхія
Больш як палавіна месячнай нормы ападкаў выпала ў ноч на 12 ліпеня ў Мар'інай Горцы: за суткі выпала 49 мм ападкаў, што складае 55 працэнтаў месячнай нормы, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім гідраметэацэнтры.
Найбольшая колькасць ападкаў адзначана таксама ў Бабруйску — 35 мм (40 працэнтаў) і на метэастанцыі "Акцябр" — 30 мм (34 працэнты). Такія багатыя ападкі ў гэтым месяцы назіраюцца ўпершыню. У асобных раёнах прайшлі моцныя ліўні, парывы ветру пры навальніцах дасягалі 14-16 метраў у секунду. У цэлым пазаўчора па рэспубліцы назіралася вельмі цёплае надвор'е з сярэднясутачнай тэмпературай паветра плюс 21-25 градусаў, што на 3-7 градусаў вышэй за кліматычную норму.
Паводле інфармацыі Магілёўскага УМНС, у Бабруйску аказаліся падтопленымі 104 падворкі на 72 вуліцах і завулках. Прыпынены рух тралейбусаў на двух маршрутах. Улады правялі пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях. У горадзе (звесткі на другую палову дня 12 ліпеня) на ліквідацыі наступстваў моцных дажджоў працавалі 26 адзінак тэхнікі, 18 мотапомпаў, 77 чалавек.
Ілона Іванова.