Спораўская арыфметыка

Маленькая вяртлявая чарацянка, якая стала візітоўкай Рэспубліканскага біялагічнага заказніка “Спораўскі”, вабіла арнітолагаў розных краін. Адміністрацыя заказніка вырашыла скарыстаць гэта, пачала інвеставаць сродкі ў развіццё інфраструктуры. Колькасць гасцей павялічылася, і гэта прынесла мясцовым жыхарам работу і дадатковы даход.
Ад экалогіі да эканомікі
Пачыналі з экалогіі — распрацоўвалі спецыяльныя маршруты для правядзення экскурсій. Потым узяліся за эканоміку — абнавілі будынак у вёсцы Высокае Бярозаўскага раёна, адкрылі ў ім экалагічна-асветніцкі цэнтр. А каб гасцям было ўтульна, арганізавалі ў гэтым цэнтры гасцініцу на шэсць месцаў.— Для прыезджых — гэта камфорт, а для заказніка — дадатковы даход, — тлумачыць яго дырэктар Вадзім Пратасевіч. — Толькі летась зарабілі на турыстычных паслугах каля 50 мільёнаў рублёў.З’явіліся грошы для развіцця, за лік пазабюджэтных сродкаў узялі на работу двух мясцовых жыхароў. Збіраюцца завяршыць рамонт будынка цэнтра і адкрыць пакой яшчэ на шэсць гасцей.
Другое дыханне
— Спачатку мясцовыя жыхары ставіліся да прыезду гасцей неяк насцярожана, — узгадвае Вадзім Пратасевіч. — А потым супакоіліся. Зразумелі, што могуць на гэтым зарабіць.Так у невялікай вёсцы, дзе жыве не больш за 80 чалавек, адкрыўся прыватны магазін. Са сваімі таварамі пачалі прыязджаць фермеры, рамеснікі. Гэтае месца заўважылі і іншыя. Напрыклад, адна рэлігійная арганізацыя набыла будынак, размешчаны побач з экалагічна-асветніцкім цэнтрам, пачала на яго базе праводзіць летнікі для дзяцей і падлеткаў. А для мясцовых жыхароў, якія, напрыклад, вырошчваюць гародніну, гэта яшчэ адна магчымасць зарабіць.
Энергетычны праект
Яшчэ больш значная падзея можа адбыцца сёлета. Мясцовыя ўлады перадалі адміністрацыі заказніка былое збожжасховішча. Яго плануюць адрамантаваць і размясціць там лінію па вытворчасці пелет — паліўных брыкетаў.— На арганізацыю вытворчасці з улікам замежнага фінансавання плануецца накіраваць каля 250 тысяч еўра, з якіх толькі спецыяльны камбайн “пацягнуў” прыкладна на 100 тысяч, — расказвае падрабязнасці дырэктар заказніка. — Будзем выкарыстоўваць чарот, лазу, іншую мясцовую сыравіну і вырабляць пелеты, за якія еўрапейцы гатовы плаціць па 70 еўра за тону.Такую вытворчасць можна будзе назваць экалагічным, альбо зялёным бізнесам. Атрыманыя ад продажу прадукцыі сродкі пойдуць на выкошванне поймы Ясельды, каб захаваць для мясцовых жывёл і птушак гарманічнае асяроддзе.А безумоўны эканамічны плюс — мясцовыя жыхары змогуць прэтэндаваць на дванаццаць новых працоўных месцаў, якія плануецца стварыць на прадпрыемстве.Вытворчасць будзе працаваць круглы год. У перыяд, калі птушкі выводзяць птушанят і касіць нельга, лінію перавядуць на перапрацоўку адходаў лясной гаспадаркі.
Як трапіць напрасткі?
Наколькі маштабнымі тэмпамі будзе ў далейшым развівацца гэты куток Бярозаўскага раёна, залежыць не толькі ад адміністрацыі заказніка і мясцовых жыхароў, але і ад абласных, рэспубліканскіх органаў улады. Справа ў тым, што да Высокага няпроста дабрацца. Па-першае, таму, што заасфальтавалі толькі палову дарогі, якая злучае райцэнтр з гэтай вёскай. Па-другое, так атрымалася, што гэту дарогу перасякае траса, якая ідзе з Мінска на Брэст, але з’езду з яе няма. Таму аўтамабілісты мусяць рабіць дадатковы круг амаль 20 кіламетраў. Здаецца, дробязь, а прыток турыстаў стрымлівае. Вяртлявая чарацянка і руплівыя людзі дапамагаюць аднаўленню вёскі. Каб эфект быў яшчэ большым, трэба ім самім дапамагчы.