Вясковая выдатніца з Дзятлаўшчыны
Абітурыент-2011
Першую радасную вестку атрымала сям'я Ігнацікаў з вёскі Казлоўшчына Дзятлаўскага раёна. Іх дачка Вікторыя, якая сёлета скончыла мясцовую сярэднюю школу, на цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове атрымала 100 балаў.
"Такой выпускніцы, як Вікторыя Ігнацік, у нашай школе яшчэ не было. Вельмі шчырая, сумленная дзяўчынка. Разумніца наша, выдатніца наша! Яна з залатым медалём сёлета скончыла Казлоўшчынскую сярэднюю школу. Калі вучылася — то прымала ўдзел ва ўсіх раённых алімпіядах. Вікторыя па хіміі ў раёне заняла першая месца, па англійскай мове — другое. Мы ёю ганарымся і спадзяёмся, што яна паступіць туды, куды жадае. Такія дзеці павінны паступіць у любую навучальную ўстанову Беларусі", — расказала журналісту настаўніца хіміі Таццяна Аляксандраўна Рак.
Сама Вікторыя прызналася, што сёлета хоча паступаць у Белдзяржуніверсітэт на факультэт міжнародных зносін. "Хачу быць перакладчыцай, вельмі люблю англійскую мову. У школе гэта быў мой любімы прадмет. А яшчэ люблю чытаць нашых беларускіх класікаў Янку Купалу, Якуба Коласа і Уладзіміра Караткевіча", — сказала Вікторыя Ігнацік.
— А хто цябе навучыў роднай мове, што ты так паспяхова здала ЦТ?
— Настаўніцы роднай мовы Наталля Іванаўна Саско і Вера Барысаўна Гародка. Я ім вельмі ўдзячна за дапамогу.
— Вікторыя, а хто ў цябе бацькі, кім яны працуюць?
— Мама па стане здароўя не працуе нідзе, а тата працуе санітарам у Казлоўшчынскім доме-інтэрнаце. Старэйшая сястра вучыцца ў каледжы ў Гродне. Вось такая наша сям'я.
— Хто з выпускнікоў вашай школы сёлета яшчэ атрымаў залаты медаль?
— Летась ніхто, а вось сёлета залаты медаль атрымала я і Карына Юрчык. Вучыцца было нялёгка, але экзамены і тэсты ўжо за плячыма. Таму я чакаю вынікаў цэнтралізаванага тэсціравання па іншых прадметах і мару стаць студэнткай. Хоць вельмі сумую па школе.
Сяргей ЧЫГРЫН. Фота аўтара.