Стоп, "камуналка". А крэдыт — рублямі?
У краіне існуюць усе падставы для аднаўлення да канца года даходаў насельніцтва да леташняга ўзроўню, аднак для гэтага трэба прыняць шэраг дадатковых мер — такую думку выказаў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Леанід Козік.
Зарплаты "з'елі" цэны
Высокія паказчыкі росту ВУП і заробкаў, нізкі ўзровень беспрацоўя, добрыя тэмпы будаўніцтва жылля — такі малюнак назіраўся цягам апошніх гадоў. Аднак сёлета сітуацыя змянілася. Вынікам значнага павелічэння кошту энерганосьбітаў, вялікай залежнасці эканомікі ад імпарту і дэвальвацыі беларускага рубля стала адчувальнае (на асобныя віды прадукцыі — адразу ў паўтара-два разы і больш) павышэнне цэн у крамах і на рынках. А ў сваю чаргу гэта прывяло да падзення рэальнага зместу даходаў. Так, старшыня ФПБ канстатаваў: адносна снежня мінулага года ў маі рэальныя, з улікам інфляцыі, заробкі грамадзян Беларусі зменшыліся на 17,6 працэнта, а пакупніцкая здольнасць сярэдняй зарплаты — і ўвогуле на чвэрць. Апроч таго, эканамічнае становішча пачало адбівацца на асобных прадпрыемствах: стаў назірацца рост колькасці работнікаў, якія занятыя ў няроўным рэжыме.
Што ж да прычын апошніх праблем, то ў ФПБ не лічаць, што цяперашні "зрыў" у развіцці эканамічных адносінаў і падзенне курса рубля з'яўляецца вынікам даволі хуткага росту заробкаў на працягу мінулага года. "Тое, што адбылося, стала вынікам пралікаў у правядзенні крэдытна-грашовай палітыкі, няправільныя выказванні шэрагу службовых асоб, што прывяло да ажыятажу сярод насельніцтва, а таксама бескантрольнае пераразмеркаванне валютных сродкаў з рахункаў банкаў на асабістыя рахункі ў канцы мінулага — І квартале гэтага годаў, — выказаў меркаванне Леанід Козік. — Гаворка аб распаўсюджанай практыцы выдачы крэдытаў у беларускіх рублях, якія затым абменьваліся на валюту. І, на мой погляд, аналіз гэтай з'явы павінен правесці Дзяржкантроль".
Індэксацыя. Але не ўсім
Урад зрабіў шэраг крокаў. З розных крыніц выдаткавана 70 млрд рублёў на аказанне адраснай сацыяльнай дапамогі, штоквартальна пераглядаюцца памеры дапамог на дзяцей. Сёлета ўжо прымаліся рашэнні аб павелічэнні сацыяльных і працоўных пенсій, пры гэтым іх пераразлікі могуць таксама адбыцца ў жніўні і лістападзе, а плюс да таго — вывучаецца пытанне аб дадатковым павышэнні сацыяльных пенсій. А літаральна днямі, як нагадаў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў, прынятае рашэнне аб выплаце дадатковай падтрымкі атрымальнікам невысокіх пенсій. Адначасова разглядаецца новы варыянт Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі і рыхтуецца кадравая дыягностыка шэрагу прадпрыемстваў, мэта якой — адсачыць магчымыя звальненні.
Таксама ў планах — кампенсацыя выдаткаў наймальнікаў на прафесійную падрыхтоўку работнікаў, якія апынуліся пад пагрозай звальнення. Яшчэ адзін крок — індэксацыя заробкаў бюджэтнікам. Праўда, Леанід Козік адзначыў: сам памер гэтай індэксацыі не дазваляе казаць, што інфляцыйныя страты былі кампенсаваныя цалкам. Асобная тэма — рэальны сектар эканомікі. Тут зарплаты праіндэксаваныя толькі ў 50 працэнтах арганізацый, а 3 працэнты арганізацый выплацілі пэўныя аднаразовыя кампенсацыі. Іншыя прадпрыемствы такіх магчымасцяў не знайшлі. Тым часам сітуацыя на спажывецкім рынку да канца не стабілізавалася: не так хутка, як у маі, але цэны ўсё ж працягваюць расці.
Кантроль лішнім не бывае?
Статыстыка адзначае: павелічэнне ВУП у маі дасягнула ці не самай высокай за апошні час адзнакі — 112,5 працэнта. Паляпшаюцца паказчыкі прамысловай вытворчасці, інвестыцый у асноўны капітал, назіраецца павелічэнне рэнтабельнасці продажаў, захоўваецца актыўны попыт на спажывецкім рынку, знізілася колькасць стратных прадпрыемстваў — на 4,8 працэнта адносна аналагічнага перыяду мінулага года. Такім чынам, даводзіцца канстатаваць, што адбываецца эканамічны рост. І менавіта з улікам гэтага ў ФПБ перакананыя: у дадзены момант на першае месца павінны выходзіць пытанні сацыяльнай абароны. "Пры аб'яданні намаганняў ёсць усе падставы для хуткага аднаўлення паказчыкаў даходаў на ранейшым узроўні, галоўнае — не вырашаць усе праблемы толькі за кошт людзей", — зазначыў Леанід Козік.
Старшыня ФПБ адзначыў: ураду неабходна звярнуць увагу на некалькі праблем. І ў тым ліку на захаванне цяперашніх і стварэнне новых працоўных месцаў — гэтая тэма можа аказацца ўдвая актуальнейшай у сувязі з магчымым паскарэннем прыватызацыі прадпрыемстваў. Пры гэтым, як паведаміў старшыня ФПБ, прафсаюзы распрацавалі шэраг мераў, дзякуючы якім можна выйсці з цяперашняй сітуацыі.
У прыватнасці, першая прапанова ўраду — выпрацаваць канкрэтны план мерапрыемстваў па павелічэнні даходаў грамадзян краіны. Тым больш што цяпер сталі назірацца некаторыя нечаканыя наступствы дыспарытэту ўзроўняў аплаты працы ў Беларусі і суседніх краінах. У прымежных раёнах зноў абвастрылася праблема адтоку кваліфікаваных спецыялістаў, і ў тым ліку з прамысловасці. Некаторыя нават не звяртаюць асаблівай увагі на магчымасць звальнення за прагул, а проста кідаюць працоўныя кніжкі — і з'язджаюць.
Не менш важныя, на думку прафсаюзаў, напрамкі — замарожванне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і паслугі грамадскага транспарту. Як адзначыў Леанід Козік, таксама неабходна абмежаваць рост памераў аплаты за навучанне студэнтаў у дзяржаўных ВНУ. У цяперашніх умовах ёсць сэнс падумаць і аб іншым — вяртанні прынамсі да канца гэтага года 50-працэнтнай зніжкі з аплаты праезду ў грамадскім транспарце студэнтам стацыянарных аддзяленняў падчас семестраў. Апроч таго, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў выказаў думку: урад, асабліва напярэдадні новага навучальнага года, павінен больш актыўна кантраляваць цэны на асноўныя спажывецкія тавары і прыцягваць да адказнасці тых, хто робіць цэны эканамічна неабгрунтаванымі. "Лібералізацыя — гэта добра, але ва ўмовах, калі не хапае культуры гандлю і культуры бізнэсу, неабходны кантроль", — падкрэсліў Леанід Козік.
Да таго ж у ФПБ упэўненыя: урад і Нацбанк павінны даць магчымасць людзям пагасіць беларускімі рублямі валютныя спажывецкія крэдыты, якія браліся пры стабільным курсе. "Маюцца на ўвазе толькі некаторыя віды валютных крэдытаў — на будаўніцтва першай кватэры і набыццё ў яе бытавой тэхнікі, на адукацыю дзяцей і на лячэнне", — удакладніў старшыня Федэрацыі.
Нарэшце, прафсаюзы перакананыя, што нельга ўводзіць новую формулу выплаты ўзносаў на дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне — з павелічэннем тарыфу для работнікаў і змяншэннем тарыфу для наймальнікаў. "Кажуць, што павелічэнне тарыфу для работнікаў будзе кампенсавана ростам іх зарплаты, — заўважыў Леанід Козік. — Але няма ніякай гарантыі, што адпаведны рост зарплаты адбудзецца паўсюль".
Сяргей ГРЫБ.
Расійскі аргумент на нашым полі Без інтэнсіўнага земляробства нам сёння не абысціся. Хочаш мець багаты ўраджай — прымяняй хімпрэпараты для аховы раслін. Такім шляхам ідуць усе развітыя краіны. Каб пракарміць насельніцтва планеты, патрэбны самыя перадавыя тэхналогіі, але...
У нашай газеце быў надрукаваны артыкул "Самалёт кружыў над вёскай..." ("Звязда", 17.04.2010 г.), у якім быў апісаны выпадак гібелі птушак пасля апырсквання "кукурузнікам" палеткаў СВК "Крошын".
Калі я на сваім дачным участку падняў дразда-рабінніка і берасцянку, суседзі — двух вераб'ёў, то ці можна лічыць гібель птушак масавай? Быў факт, а высвятляць, чаму яны загінулі ў нас, напэўна, ёсць каму?
Тады я патэлефанаваў у Баранавіцкі райвыканкам, і начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі нічога канкрэтнага не сказаў. Маўляў, СВК "Крошын" праводзіць падкормку пасеваў, а што датычыцца птушак, то трэба ўстанавіць, па якой прычыне яны загінулі. Усё правільна.
Выйшаў на мясцовую інспекцыю аховы навакольнага асяроддзя, а затым звязаўся з санэпідэмстанцыяй і даведаўся, што экспертызу загінулых птушак у Баранавічах ніхто не робіць. Паступіў сігнал і, напэўна ж, экалагічная інспекцыя і санэпідэмстанцыя ў першую чаргу павінны былі спахапіцца. Не мне ж было везці тых птушак на экспертызу ў Брэст?
Выпадак той забыўся, і раптам высвятляецца, што на палях СВК "Крошын" доследы праводзіць расійскае прадпрыемства ЗАТ "Шчолкава Аграхім", якое падаецца як "расійскі аргумент аховы". І тут міжвольна ў галаву лезуць думкі, а калі ты ўпэўнены, што нічога выпадковага не бывае, то тых загінулых птушак, самалёт над вёскай, доследы... звязваеш у адно цэлае.
Разумееце, над Баранавічамі праводзяцца доследы па ўздзеянні сродкаў хімічнай аховы на расліны, а райінспекцыя аховы навакольнага асяроддзя, як і санэпідэмстанцыя, пра гэта нічога не ведаюць? Прынамсі, калі я тэлефанаваў наконт птушак, пра доследы ніхто не ўспомніў.
Іду ад электрычкі да дачы, а на дарозе — мёртвыя краты. Ад чаго яны загінулі? Ад "сонечнага ўдару" ці ад хімікатаў, якімі апрацоўваюць поле? Ва ўсім павінна быць яснасць!
29 чэрвеня ў СВК "Крошын" прайшоў навукова-практычны семінар, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Брэсцкай, Гродзенскай і Мінскай абласцей, спецыялісты Міністэрства сельскай гаспадаркі, дзяржінспекцый па насенняводстве і ахове раслін... Людзі сабраліся, каб пазнаёміцца з прадукцыяй ЗАТ "Шчолкава Аграхім", яе эфектыўнасцю. Тон размовы задавала кіраўніцтва расійскай фірмы.
Але чаму выбар выпаў на СВК "Крошын"?
— Я тут ужо трэці раз, — расказаў генеральны дырэктар ЗАТ Саліс Каракотаў, — а "Крошын" выбралі таму, што ён знаходзіцца на стыку трох абласцей і на аўтамагістралі "Масква—Брэст". Акрамя гэтага, гаспадарка моцная — тут ёсць што паказаць.
— Наколькі ваша прадукцыя бяспечная? Хімпрэпараты заўсёды выклікаюць насцярожанасць.
— Мы працуем праз ваш навукова-даследчы інстытут. Наша прадукцыя сертыфікавана і зарэгістравана ў Беларусі.
— На беларускім рынку ўдалося замацавацца?
— Прыкладна на 10 працэнтаў. Даводзіцца канкураваць з заходнімі фірмамі. Але Беларусь у аграрным плане — прывабная краіна.
ЗАТ "Шчолкава Аграхім" — магутнае навукова-даследчае і вытворчае прадпрыемства, і яму неабходна заваёўваць новыя рынкі. Дзеянні ЗАТ зразумелыя.
Задаволены і кіраўнік сельгаскааператыва Уладзімір Шчарбацэвіч. У сваім выступленні ён сказаў: "Прэпараты добрыя і танныя. Мы праводзім доследы на нашых палях і добра, што нас уважылі". Старшыня СВК, як чалавек з моцнай гаспадарскай жылкай, выкарыстаў момант і пацірае рукі — дужа танна абыходзіцца сельгаскааператыву ахова раслін. Ячмень, рапс, буракі... на палях гаспадаркі стаяць сцяной, але чаму гінуць краты і птушкі? Мы таксама частка Прыроды, і калі гінуць яны, то чарга можа непрыкметна дайсці і да нас.
Расійскія вытворцы прэпаратаў аховы раслін маюць козыр — іх прадукцыя таннейшая, чым у заходніх канкурэнтаў. Толькі далёка не ва ўсіх гаспадарках аддаюць перавагу таннаму.
На птушкафабрыцы "Дружба" самыя важкія цэнтнеры не толькі ў раёне і тут займаюць сваю пазіцыю.
— На сваіх палях мы ў асноўным, выкарыстоўваем прэпараты заходніх фірмаў і часткова беларускай вытворчасці, — расказаў галоўны аграном "Дружбы" Уладзімір Мазоўскі.
— З чым гэта звязана?
— Таннае не з'яўляецца вызначальным фактарам якасці прадукцыі. Часта бывае наадварот.
Хімічная прамысловасць Расіі рэарганізуецца, і з прадукцыі "халоднай вайны" пераходзіць на мірную.
"Скарлет", "Тытул дуо" — прэпараты эфектыўныя, а хацелася б ведаць, наколькі яны бяспечныя для чалавека і братоў яго меншых?
На семінары ў Крошыне акцэнт на гэта не рабіўся.
— Мы сабраліся тут каб абмеркаваць ахову раслін і на канкрэтным прыкладзе паказаць гэта, — сказала намеснік начальніка дзяржінспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Людміла Яніцкая.
— Складваецца ўражанне, што рэкламуецца прадукцыя ЗАТ "Шчолкава Аграхім".
— Ні ў якім разе, размова ідзе і пра прэпараты іншых фірмаў.
— Наколькі прэпараты, якія выкарыстоўваліся на палях СВК "Крошын", бяспечныя для навакольнага асяроддзя? Адзначана гібель птушак, кратоў...
— Усе прэпараты, якія прымяняліся тут, прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю. А калі нешта там загінула, то прычыны могуць быць розныя, напрыклад, з'елі мінеральных угнаенняў ці была парушана тэхналогія апрацоўкі раслін... Мы займаемся аховай раслін, а за бяспеку адказвае Міністэрства аховы здароў'я, санітарная служба нагляду. Усё рэгламентавана.
Быццам бы ўсе бакі маюць рацыю. Сапраўды, у Крошыне сабраліся тыя, хто зацікаўлены ў эфектыўнай ахове раслін — гэта іх непасрэдная работа. Але калі праводзяцца доследы з хімічнымі рэчывамі, нават і зарэгістраванымі, праца гэтая павінна праводзіцца адкрыта, пад наглядам адпаведных службаў. Здарылася гібель жывых істот — то хіба гэта не прычына для трывогі?
Успомнім Чарнобыль. Узарвалася атамная станцыя, а людзей выганяюць на дэманстрацыю і супакойваюць. Усё, што датычыцца здароўя людзей і экалогіі ў цэлым, павінна быць празрыстым і пад кантролем. Тут выбару няма.
Сымон Свістуновіч. Фота аўтара.