Таямніцы роднага маўлення

Источник материала:  
Новая рэдакцыя беларускага правапісу зменшыла колькасць выключэнняў
1 верасня 2010 года набыў сілу Закон Рэспублiкi Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі”. Неабходнасць удакладнення “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” 1959 года ўзнікла ў сувязі з тым, што ў канцы ХХ стагоддзя істотна абнавіўся слоўнікавы склад мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі і на старонках беларускамоўнага друку атрымалі пашырэнне арфаграфічныя варыянты, што не адпавядалі нормам. Было вырашана ўпарадкаваць правапіс, каб пазбегнуць разнабою ў пісьмовай мове, забяспечыць адзінства яе правапісных нормаў і скараціць колькасць выключэнняў.
Спынімся найперш на зменах, звязаных з адлюстраваннем на пісьме акання, адной з вызначальных рысаў мовы.
Раней правільна было пісаць і вымаўляць Чэлюскін, парк Чэлюскінцаў. Аднак ужо даўно заўважана, што ў маўленні замест “э” гучала “а”.
Такім чынам, новы закон і зацвердзіў: ва ўласных імёнах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў у ненаціскных складах гук [э] падпарадкоўваецца агульным правілам акання — пасля цвёрдых зычных ён чаргуецца з [а] і абазначаецца на пісьме літарай “а”. Значыць, па новай рэдакцыі пішам і вымаўляем Чарапавец і Чалюскін, як і Шаўчэнка, Чарнышэўскі.
Пашырылася аканне і на ненаціскныя фіналі -эль, -эр у запазычаных словах. Яны цяпер перадаюцца як -аль, -ар: шніцаль, лідар, камп’ютар, ордар, менеджар, фарватар, альма-матар, кратар.
Аднак ненаціскныя фіналі -эль, -эр ва ўласных імёнах іншамоўнага паходжання перадаюцца нязменна: Ландэр, Одэр, Пітэр, Юпітэр.
Закрануўшы пашырэнне акання на запазычаныя словы, трэба ўзгадаць, што некаторыя іншамоўныя назвы гарадоў, якія раней заканчваліся на “о”, паводле новай рэдакцыі, набылі канчатак –а. І правільна цяпер Токіа, Ватэрлоа, Рыа-дэ-Жанейра і г. д. Тое ж датычыцца і такіх назоўнікаў, як адажыа, трыа, сальфеджыа і падобных, якія раней пісаліся з “о” на канцы.
Замена “о” на “а” адбылася і ў складанаскарочаных словах. Так, паводле новай рэдакцыі беларускага правапісу, правільна прафкам, ваенкам, гарвыканкам.
Такім чынам, многія словы-выключэнні сталі падпарадкоўвацца агульным правілам. А чым менш выключэнняў, тым лягчэй вывучаць мову.

Падрыхтавала
Вераніка Бандаровіч

←САПЕРЫ В БОЯХ ЗА МИНСК

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика