Як жывецца ў доме састарэлых на Пастаўшчыне?
30.06.2011 16:04
—
Новости Общества
Як жывецца ў доме састарэлых на Пастаўшчыне?
Памятаю, як у дзяцінстве ўпершыню ўбачыў дом састарэлых. Яго будынак размяшчаўся ў маляўнічай мясцовасці пад Мінскам, у засені векавых дубоў. Але найбольш запомнілася не прыроднае хараство, а роспач у вачах старых, якія праважалі дадому зазірнуўшых на хвілінку ў госці дзяцей. Цяжкае відовішча…
Прайшло колькі дзесяцігоддзяў перад наступным спатканнем з сацыяльным прытулкам. Калі быў сёлета ў мястэчку Лынтупы, што на Пастаўшчыне, амаль выпадкова зазірнуў у аддзяленне кругласутачнага знаходжання адзінокіх і састарэлых пры Пастаўскім тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яно было адчынена менш за два гады таму.
"Усе мы – адна вялікая сям’я", – сустрэла на ганку выконваючая абавязкі загадчыцы аддзялення Надзея Гатоўская. Што гэта не дзяжурныя словы, упэўніўся вельмі хутка, калі прайшоў з своеасаблівай экскурсіяй па аб’екце. І гэта пры тым, што майго візіту тут не чакалі і загадзя не рыхтаваліся.
Раней тут быў дзіцячы садок, але неўзабаве яго перавялі ў школу, а стары будынак капітальна адрамантавалі. Сёння тут усё радуе вока. І ўтульныя жылыя памяшканні, і пакоі адпачынку, і сталоўка, куды чатыры разы на дзень завітваюць старыя, каб пакаштаваць смачныя стравы мясцовых кухараў.
Калектыў аддзялення складаецца з 13 чалавек, уключаючы медсястру і рабочага па даглядзе тэрыторыі, плюс 30 пастаяльцаў, двух з якіх на лета забралі сваякі. Большасць з саміх Лынтупаў, хаця ёсць людзі і з навакольных вёсак. За пражыванне старыя аддаюць 80% пенсіі. На рэшту можна набыць у краме прысмакаў ці якой садавіны, хаця кормяць тут сытна. Па жаданні ў магазін ці аптэку могуць схадзіць і сацыяльныя работнікі: не кожнаму пад сілу адолець маршрут. Калі дазваляе надвор’е, усе выходзяць на прагулку ва ўтульны дворык. Каля пансіяната ёсць прыгожы лес, так што паветра тут самае чыстае.
Канешне, я не мог не пагутарыць з жыхарамі гэтага ўтульнага будынку. Большасць з іх жылі самотна, у адзіноце. А трэба ж было гаспадарку даглядаць, а здароўе ўжо не тое. Вось і папрасіліся сюды. Для гарадскога жыхара гэта падасца дзіўным, але многія сяльчане толькі тут на схіле жыцця ўпершыню пазнаёміліся з такой "дзіўнай" прыладай, як кран з гарачай ці халоднай вадой, навучыліся карыстацца сучасным туалетам. Надзея Тадэвушаўна адзначае, што амаль на вачах новыя насельнікі папраўляюцца, крэпнуць здароўем.
Так, заслужаная настаўніца Вера Залеская і тут не расстаецца з кнігай. А вось Саламея Гудзель жыла літаральна праз дарогу, але сама папрасілася ў дружны калектыў – хутка ўжо споўніцца 90 гадоў, а побач нікога не было дапамагчы: "Тут добра, чыста, абслуга. Што болей трэба старому?". Аддзяленне рэгулярна з пастырскім словам наведваюць святары: лынтупскі ксёндз і пастаўскі праваслаўны бацюшка. Вясёлыя прадстаўленні на святы прапануюць мясцовыя школьнікі.
Толькі адно, ды і тое жартаўлівае, нараканне пачуў я на адрас "начальства" ад старэнькіх прадстаўніц слабога полу: маўляў, чаму так мала мужычкоў. "Бывае, калі за хлопца і паругаемся". І нездарма, бо на аднаго кавалера прыпадае цэлыя тры мясцовыя прыгажуні! А вось дзядкоў гэта не бянтэжыць. На 8-га Сакавіка кожная з жанчын атрымала ад іх па адмысловай паштоўцы з пажаданнямі і прыгожымі малюнкамі. Прыемна!
Паўторнае наведванне прытулку пакінула зусім адваротнае ўражанне. Аказваецца, і восень жыцця, нават страціўшы ўсіх блізкіх, можна сустрэць у цёплай, душэўнай абстаноўцы павагі і клопату. Так, як гэта атрымалася ў жыхароў лынтупскага сацыяльнага аддзялення.
У час адпачынку. Вера Залеская, Моніка Тацюк, Яніна Раўданік, Мар’ян Бабіч, Саламея Гудзель |