Блог Язэпа Пара-Леановіча. Запіс №2. Высока сяджу, далёка гляджу
Блог Язэпа Пара-Леановіча. Запіс №2. Высока сяджу, далёка гляджу
Budzma.org
А гэта папярэдні будынак, да Другой сусветнай (!) вайны. І ўявіць мне гэта страшна. Як гэта: вайна - ды на ўвесь свет.
А гэта падчас вайны… Балюча мне глядзець на гэтыя здымкі, нібыта на сябра параненага.
Пашкоджаную ў вайну ратушу так і не адрамантавалі, а ў 1957 годзе падарвалі - так напісала мне ў лісце вашая сучасніца.
Сучасны мне будынак, дзе наш магістрат збіраецца, таксама слаўны, хоць і драўляны. Але гісторыя ў яго забаўная.
Жончын дзед за чаркай расказваў, што ў 1577 годзе дасталі магілёўцы Магдэбургскага права ад вялікага князя і праз год пачалі ўзводзіць ратушу. І вось быццам, калі першую ратушу ў Магілёве пабудавалі, зладзілі магілёўцы свята - піва наварылі, мёду. А ратуша вазьмі ды абваліся ў той самы дзень! Што ты будзеш рабіць… Пачалі новую ратушу ўзводзіць - а тая крывая выйшла, што Пізанская вежа! Тады ўжо войт, за тымі часамі Мікалай Войцахавіч Ясенскі, раззлаваўся ды строга забараніў будаўнікам на пушачны стрэл да карчмы падыходзіць, пакуль нармальную ратушу не збудуюць.
На гэтым допіс свой заканчваю, бо неўзабаве паседжанне рады будзе. Баюся, каб не заспелі мяне калегі за ноўтбукам, бо не знасіць мне тады галавы! Суайчыннікі мае такой шайтан-машыны не ведаюць - лягчэй лёгкага могуць мяне за вядзьмарства містру, або, па-простаму, кату аддаць!