О, Егіпет!.. Не ўздыхайце: уся экзотыка — на радзіме
"О, Егіпет... Ізіда, Ізіда", — спявала ў роспачы прыгажуня на сцэне — у оперы "Аіда". І так шчыра малілася багіні, што было зразумела: тая абавязкова пачуе. І зладзіць усё, як магло быць у Егіпце ў старадаўнія часы. А гэта значыць — каб людзі жылі, кахалі, ахвяравалі і гінулі... на пацеху багам ці тым, хто ад іх імя прамаўляў (жрацам).
Каб беларусам адчуць экзотыку Егіпта, насамрэч неабавязкова туды ехаць. У Нацыянальным Вялікім тэатры оперы і балета з'явілася пастаноўка, дзе на некалькі гадзін можна адчуць сябе калі не егіпцянінам, то ў Егіпце дакладна: бляск золата, пальмы, пясочныя колеры экзатычнай краіны, маштабнасць пабудоў, рамантычна-маляўнічы Ніл — усё на месцы. І паколькі турысты са стажам ведаюць, што ў Егіпет лепш ехаць восенню, то ў нас усё дакладна так і атрымліваецца: "Аіда" будзе галоўным прэм'ерным спектаклем на пачатку новага сезона. Але ж да яго прагляду можна пачаць рыхтавацца ўжо зараз. Маральна рыхтавацца.
"Егіпецкая" гісторыя Джузэпэ Вердзі ў інтэрпрэтацыі нашага тэатра — гэта не той выпадак, калі дабро перамагае зло. Зусім наадварот. Глядзіш оперу "Аіда" і думаеш: вось жа норавы былі, калі чалавечае жыццё зусім нічога не каштавала. І калі нешта вырашалася па волі вышэйшых сіл, то было абсалютна не важна, ці то рабыня Аіда загіне, ці героя-военачальніка Радамеса прыгавораць да жорсткай смерці — яна раўняе ўсіх. Яна прыйдзе да ўсіх. Нават да пераможцаў. А тыя, хто застаецца жыць, усё роўна прыгавораны да смерці — бо ці ж гэта жыццё? Як вось у дачкі фараона Амнерыс. Ну прыгожая, ну багатая, ну магутная. І што? Зусім адна, бедненькая жанчынка. Таму так сумна-ўрачыста кідае пластмасавыя кветкі ў памяць пра каханага. І на небасхіле ніводнага вартага кавалера... Шкада яе.
Так шкада, асабліва напрыканцы, што пра галоўную гераіню, Аіду, ужо і думаць не хочацца, нягледзячы на пранікнёныя і цудоўныя спевы артысткі (мне пашчасціла слухаць Настассю Масквіну ў гэтай партыі). Аіда ж злучылася з каханым, няхай і жудасным чынам. Але любыя пакуты — шчасце: калі разам, і страху смерці няма... Апошні сказ я дадала ў думках пасля таго, як яны адспявалі разам у чорным квадраціку, згорбленыя і амаль нябачныя. Джузэпэ Вердзі пісаў "Аіду" з нагоды радаснай падзеі — адкрыцця опернага тэатра ў Каіры. І пра радаснае: паказаць, што сапраўднае каханне мацнейшае за смерць. І яно вартае таго, каб памерці разам. У часы Вердзі (опера напісана амаль паўтара стагоддзя таму), напэўна, так думалі. А ў спектаклі, які паставіў Міхаіл Панджавідзэ, няма адчування, што каханне галоўнае. Што тады?..У перапынку пасля першага акта думалася, што галоўнае ў гэтай пастаноўцы — вось гэты шыкоўны і дарагі егіпецкі антураж: аднавілі паводле эскізаў народнага мастака Беларусі Яўгена Чамадурава, зробленых для замежнай пастаноўкі 1953-га года. Сапраўды, выдатны мастак, пра якога варта ўзгадаць. Але ж і гэта можна на сучасным этапе рабіць па-рознаму.
Таму што яшчэ праз пару паўзаў ужо хацелася думаць не столькі пра бляск старажытнага Егіпта, колькі пра сучаснасць беларускага тэатра. Магчыма, не ўсё, што было добра ў 50-я гады, кладзецца на наша разуменне сучаснай оперы сёння. Асабліва калі ведаеш, колькі тэхнічных магчымасцяў ёсць у нашым тэатры пасля рамонту (і гэта выдатна дэманстравалі ў некаторых папярэдніх прэм'ерах), а тут для цябе ладзяць доўгія адпачынкі паміж актамі дзеля таго, каб змяніць дэкарацыі. У выніку жыццё Аіды, ды іншых тэатральных "егіпцян" сапраўды здаецца жудасным выпрабаваннем (спектакль цягнецца амаль чатыры гадзіны), так і хочацца прыспешыць: ну вызваліце іх хутчэй ад гэтай доўгай працы.
Магчыма, такім "сцэнічным вызваленнем" стала смерць фараона. Ну навошта артысту быць на сцэне, калі ў яго "песенька спетая"? І вось чалавек, моцны, багаты і паспяховы, які яшчэ напрыканцы папярэдняга акта бадзёра абяцаў Радамесу руку сваёй дачкі і быў шчаслівы, раптам пасля перапынку ляжыць нерухомы. Сцэна ж неверагодна прыгожая! Такое рамантычнае, прыгожае пахаванне — так сапраўды лёгка паверыць, што смерць — пераход у іншае царства... Але ж праблема ў тым, што Вердзі не мог нават падумаць пра такое арыгінальнае вырашэнне, і ў адной з партый героі пяюць пра фараона як пра жывога (мы гэта разумеем з бягучага радка)...
Тое ж самае з другім татам — Аіды. Правадыр аднаго з афрыканскіх плямёнаў пайшоў вайной на Егіпет, каб уратаваць нявольніцу-дачку. Але сам трапіў у палон. Егіпцяне наладзілі нават парад з гэтай нагоды. Не ведаю, чым тут ганарыцца: чалавек шэсць палонных (затое натуральных афрыканцаў!) павінны былі на сцэне дэманстраваць моц егіпецкай арміі. Але так і думаеш, гледзячы на гэтую купку: з кім змагаліся? Вось правадыр — той усё-такі невыпадкова на сваім месцы. Мы на свае вочы бачым яго геройскую смерць! Аднак аўтары оперы і тут "падвялі" беларускіх пастаноўшчыкаў: у адной з наступных арый нам распавядаюць, як ён загінуў пры ўцёках з іншымі палоннымі...
Падобна, што ў нас прыдумалі сваю версію абставін, у якіх існуюць героі оперы. Не, нічога не маю супраць таго, каб сучасны тэатр рабіў інтэрпрэтацыі. Асабліва калі гэта працуе на пэўную думку, якую імкнуцца данесці са сцэны артысты — а яны са сваёй спеўнай справай цалкам справіліся, як і аркестр пад кіраўніцтвам дырыжора Вячаслава Воліча. Аднак канцэптуальна спектакль вырашае ўсё ж рэжысёр. Галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Панджавідзэ ў прадмове да пастаноўкі ўжыў словазлучэнне "актуальны тэатр". Вельмі важнае словазлучэнне, якое ўказвае на тое, што паралелі ў пастаноўцы трэба ўспрымаць праз сённяшні дзень. Прачытаўшы гэтыя словы, я вельмі старалася ўбачыць паралелі. Убачыла тэму жорсткасці (Вердзі і не думаў), за якой згубілася веліч кахання. Дык, можа, у гэтым актуальнасць: з часоў напісання оперы шмат што змянілася, у тым ліку ў адносінах людзей да таго самага кахання. Яно — ужо не галоўнае, дзеля чаго варта жыць, а тым больш паміраць. Ці гатовыя сучасныя людзі ахвяраваць дзеля яго сваімі жаданнямі, становішчам, планамі? Вечныя пачуцці — заўсёды актуальныя. Калі з гэтага пункту гледжання разважаць.
А калі з другога — то ёсць яшчэ актуальны тэатр, які пра вечныя пачуцці і эмоцыі можа казаць зусім не трывіяльна, можа без размаху і помпы, але так, што сэрца рвецца. Не трэба думаць, што гэта не ў нас, а магчыма, недзе далёка, можа быць у тэатры. У нас таксама можа. Не опера, вядома, — пастаноўкі Яўгена Карняга. Але пачуццяў і ўражанняў даюць на месяцы — памятаю сваё адчуванне пасля спектакля "Не танцы". Вось актуальнасць: ён не проста агучвае думку, ён падкрэслівае яе ў пэўнай форме, магчыма, некаму ў нас яна здасца эксперыментальнай, але ў свеце такі падыход нікога не здзіўляе. Кожная новая праца Карняга, у тым ліку "сёмая" — гэта спалучэнне сэнсавых актуальнасцяў, памножанае на актуальную форму. І эмоцыя, не — шмат чалавечых эмоцый, якія могуць вырывацца з кожнага ў залежнасці ад абставін, падкрэсленыя наўмысным бегам па коле і паўтарэннем пройдзенага. Але ад паўтарэння матэрыял лепш засвойваецца... І набывае форму актыўных ведаў — такіх, якімі чалавек карыстаецца ў жыцці, можа папрацаваць над самаўдасканаленнем. А сам чалавек — гэта заўсёды актуальная тэма ў мастацтве.
Актуальнасць у оперы — больш складаная рэч. Аднак жа таксама бываюць прыклады нестандартнага канцэптуальнага вырашэння, спробы эксперыменту з формай — на тэлеканале "Мецца" ад такіх не адарвацца. Але нашы оперныя густы больш засяроджаны на рэальнасці. І ў "Аідзе" мы бачым амаль рэальны і вельмі грунтоўны Егіпет — як яго ўвасабляюць на тэлеканалах "Гісторыя" ці "Дыскавэры". Цяпер жа мы можам адарвацца ад экрана і пайсці ў тэатр з адчуваннем, што выехалі ў рэальны старажытны Егіпет. О, гэта вельмі актуальна, з пункту гледжання мары!
Ларыса ЦІМОШЫК.