Блог Язэпа Пара-Леановіча. Запіс №1. Магдэбурскае права

Источник материала:  
21.06.2011 16:55 — Новости Общества

Блог Язэпа Пара-Леановіча. Запіс №1. Магдэбурскае права

TUT.BY /
  • Budzma.org
    Як Магілёў страціў і зноў набыў Магдэбургскае права, пра тое, як жылі ў ім госці з Масквы, пра народны гнеў і гарачыя піражкі – пра ўсё гэта можна прачытаць у новым блогу, што ад сёння будзе весціся ў межах праекту "Будзьма тут".

    У блогу магілёўскага бурмістра Язэпа Пара-Леановіча вас чакае шмат смачных апавяданняў пра цікавыя і, што самае галоўнае, дыскусійныя моманты нашай гісторыі.

    9 чэрвеня 1661
    Ледзь разабраўся, як дадаць у пост карцінку. Па шчырасьці, я больш звыклы зброяй махаць, чым па клявіятуры грукатаць, да таго ж, у гарадзкім магістраце спраў у мяне па горла. Але сярод прасунутых грамадзкіх дзеячаў цяпер модна ў інтэрнэце пра сябе пісаць, а хто вам раскажа гісторыю пра гарачыя магілёўскія піражкі, як ня я?

    Блог Язэпа Пара-Леановіча. Запіс №1. Магдэбурскае права

    Рыцар у браме на малюнку – гэта я і ёсьць, Язэп Леановіч, бурмістар Магілёва.
    Як той казаў, ня кожная птушка далятае да сярэдзіны Дняпра, а я б дадаў, што ня кожны бурмістар на герб гораду трапляе *задзірае нос*. А здарылася гэта так.

    Калі ў 1654 годзе пайшла Масковія на Рэч Паспалітую вайною, пачалі мы ўмацоўваць горад ды не пасьпелі, як стала пад Магілёвам варожае войска. Прыстрашылі расейцы спаліць усё начыста, калі не адчынім ім браму, але абяцалі, што ня будуць зла аднаверцам чыніць, калі іх самі ўпусьцім. Шляхціц наш мясцовы, сучын сын і траянскі конь Канстанцін Паклонскі, граматай ад маскоўскага цара перад магістратам трэс, казаў, што ўсё добра будзе.

    Ня надта верылася ў іх абяцаньні, але ня ўбачылі мы іншага выйсьця, як браму адчыніць.
    Вох, ня варта было з ворагамі дамаўляцца! Кветачкамі было тое, што кароль палічыў нашы дзеяньні за дзяржаўную здраду і ў пакараньне пазбавіў Магілёў Магдэбурскага права.

    Наперадзе нас чакалі ягадкі. За сем гадоў, як чужынцы горад займалі, у мяне палова галавы пасівела.Такое ўражаньне было, што ў сваім горадзе мы праводзілі ліцьвінска-маскоўскі чэмпіянат па футболе. Адзінае, што футбалістаў няма, затое панаехала процьма неінтэлігентных маскоўскіх заўзятараў.
    Сталі госьці паводзіць сябе зусім не па-сяброўску: рабаваць, гвалціць да забіваць, а іх жа ня сто чалавек ― іх жа блізу сямі тысячаў.

    Войскі Рэчы Паспалітай да Магілёва падступаліся, але не змаглі нас вызваліць. Зразумелі мы, што трэба самім ратаваць горад ад чужынцаў, але ж ня голымі рукамі гэта рабіць. Трэба было падрыхтавацца. Ня хутка здолелі мы сабраць зброю, тым ня менш сярод усіх насельнікаў гораду не знайшлося ніводнага здрадніка, які б нас выдаў. На мой загад тыя месьцічы, у дамах якіх чужынцы жылі, павыкручвалі ім крэмні са стрэльбаў.

    І вось сяджу я неяк у магістраце, што ў ратушы на Гандлёвай плошчы, дакуманты перабіраю ды паглядаю ў акенца. Той парою зіма стаяла, 1 лютага 1661-га. Як цяпер памятаю ― з вакна Дняпро пад сьнегам бачна і плошчу. На плошчы бабці нашыя сьвежым хлебам ды гарачымі піражкамі гандлююць. Піражкі тыя з капустаю. Я тады яшчэ два штукі купіў па дарозе, як у ратушу ішоў.

    (Дарэчы, і цяпер, як пост набіраю, таксама піражок ем, ну, але гэта неістотна). Дык вось, чую ― раптам крык, енк! Што такое?! А гэта маскоўцы! Як у іх прынята, грош за піражок пашкадавалі і давай старых крыўдзіць ― раскідалі ім кошыкі з хлебам, брыдкімі словамі кабет лаюць, шаблямі пагражаюць і піражкі, разумееце, піражкі нагамі топчуць. А я ж на гэтых піражках вырас, можна сказаць!

    Тут ужо кроў ува мне ўскіпела, сьлёзы на вочы навярнуліся, схапіў я меч, выскачыў з ратушы і крыкнуў "Пара!" Пахапалі магілёўскія месьцічы сабраную зброю і за кароткі час адправілі ўсіх чужынцаў да Абрама на піва.

    Вось так вызвалілі мы горад самі. За гэта кароль і вялікі князь літоўскі Ян Казімір вярнуў Магілёву Магдэбурскае права і надаў гораду новы герб, дзе ў адчыненай браме стаю я ў рыцарскіх дасьпехах з узьнятым мячом. Нада мною ― дзяржаўны герб Вялікага княства Літоўскага, "Пагоня". Тое таксама вялікі прывілей, бо на гарадзкіх гербах дзяржаўных сымбаляў зазвычай не зьмяшчалі.

    Мне асабіста падараваў кароль прыдомак, дадатак да прозьвішча. Як крыкнуў я "Пара!", заклікаўшы да паўстаньня, то завуся цяпер Язэп Пара-Леановіч.

    Так што ня толькі ў Вільнях ды Менсках гісторыя робіцца. Дарэчы, калі давядзецца вам спатканьне каханаму ці каханай у Менску прызначаць, то прызначайце яго ў фантана на плошчы Незалежнасьці, што перад Чырвоным касьцёлам. Вакол фантана ўбачыце вялікія выявы гарадзкіх гербаў Беларусі, дык і мой партрэт там адшукаеце!

    Блог Язэпа Пара-Леановіча. Запіс №1. Магдэбурскае права

    Калі раптам да мяне нейкія пытаньні дзелавыя альбо прыватныя, то пішыце мне на адрас:

    Рэч Паспалітая, ВКЛ, г. Магілёў, пл. Гандлёвая, ратуша.

    Абдымаю, заўжды ваш Язэп Пара-Леановіч, бурмістар магілёўскі.
     
←Беларусь и Израиль договорились о развитии финансового сотрудничества

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика