Касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску стаў катэдральным
Касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску стаў катэдральным

Перад імшой Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч зачытаў ліст Кангрэгацыі па справах Біскупаў аб абвяшчэнні касцёла Езуса Міласэрнага катэдрай Віцебскай дыяцэзіі. Урачыстую літургію ў новай катэдры ўзначаліў прадстаўнік папы Бэнэдыкта XVI кардынал Робэр Сара, старшыня Папскай рады “Cor Unum”.
Ватыканскі іерарх звярнуўся да прысутных з казаннем. “Катэдральны касцёл — гэта месца біскупскай катэдры. Адсюль біскуп навучае вас веры, каталіцкай веры. Веры, якую вы вызнаеце разам з усім Касцёлам. Таму сёння я знаходжуся сярод вас ад імя Святога Айца Бэнэдыкта XVI, які праз маю асобу ў пэўным сэнсе прысутны тут з вамі”, — адзначыў ён.
Таксама Робэр Сара нагадаў пра нядаўняе мінулае касцёла на Беларусі: “Урачыста абвяшчаючы сёння гэтую катэдру, мы павінны перш за ўсё памятаць гісторыю Касцёла ў Віцебску: пра балючыя і цяжкія выпрабаванні, праз якія ён прайшоў у нядаўнім мінулым, памятаць пра вернасць, з якою ён ішоў за сваім Панам нават у тых сітуацыях, якія знешне здаваліся пустыняй, памятаць пра гераічныя сведчанні веры і любові, дзякуючы якім Хрыстус падрыхтаваў свой народ (пар. Дз 18, 10), памятаць пра ласку, якою Святы Дух шчодра адорваў сваёю моцай і суцяшэннем”.
















