Спякота. Хочацца на пляж! Куды?
Карэспандэнт "Звязды" па Віцебскай вобласці ў рабочы час пабываў на пляжах, у зонах адпачынку, але не адпачываў — пастараўся на месцах атрымаць адказ на пытанні: ці адпавядаюць пляжы патрабаванням часу і ці навучыліся мы культурна адпачываць на прыродзе? Дарэчы, а дзе ў Віцебску афіцыйныя пляжы?
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА. Звязаўся з таварыствам выратавання на водах. Маўляў, масквічы ў госці прыехалі, куды з імі можна на пляж схадзіць? Высветлілася, што толькі пляжная зона ў віцебскім парку сямейнага адпачынку імя Савецкай Арміі на беразе Заходняй Дзвіны легальная. Стан пляжа стараюцца даглядаць камунальнікі, тут дзяжураць выратавальнікі. Але ж нармальных умоў, на жаль, пакуль што не стварылі. Так, у самім парку арганізаваныя гандаль і праводзяцца розныя культурныя праграмы. Але ад пляжа да ўсяго гэтага параўнальна далёка. Няўжо па шашлык, квас і гэтак далей я пайду ў глыбіню парку? Аказваецца, ёсць і яшчэ адзін у гэтым жа парку пляж, ды "дзікі", у сэнсе неафіцыйны. Толькі чаму?На беразе Заходняй Дзвіны, недалёка ад каледжа сувязі, пляж, з берага якога добра бачная галоўная плошча Віцебска, зусім не абсталяваны. Ні лежакоў, ні месцаў для пераапранання няма, а дзе прыбіральні? І нічога не змянілася з савецкіх часоў. Чаму б не зрабіць пасля добраўпарадкавання гэты пляж — фактычна ў самым цэнтры горада — платным і не зарабляць на паслугах? Карыстаючыся тым, што людзей тут заўсёды шмат.
А дзе пляж на беразе ракі Віцьба? Так, дзякуй уладам, рэчышча ракі пашырылі, арганізавалі пракат малых суднаў, добры гандаль, і выратавальнікі працуюць, каб не танулі адпачывальнікі. А дзе ж сам пляж? З пясочкам, з тымі ж лежакамі? Дарэчы, нейкая дзіўная сітуацыя: тлумачаць спецыялісты, што афіцыйнага пляжа тут насамрэч і няма. Ды і купацца ў рацэ тыя ж выратавальнікі мне і маім "масквічам" не параілі, бо якасць вады "не ўнушае даверу".
Возера Сосны ў вёсцы Доўжа — адно з любімых месцаў адпачынку. Сярод аўто, прыпаркаваных недалёка ад мясцовай крамы, ёсць машыны і з расійскімі нумарамі. Возера цягнецца ўздоўж транзітнай дарогі ў суседнюю краіну. Наконт умоў для адпачынку, тут зроблена многае: арганізаваны пракат лодак, катамаранаў, ёсць добраўпарадкаваны пляж. Калі параўнаць з тым, што было яшчэ гады два таму, слоў няма — добра. Мо і зараз усяго б гэтага не было, калі б не заклік кіраўніцтва вобласці да мясцовых уладаў — стварыць у вёсцы сучасны турыстычны цэнтр. Нават з верталётнай пляцоўкай. Але ж недахопы ёсць. І пра іх расказалі адпачывальнікі. У прыватнасці, хочацца людзям больш пунктаў харчавання. Ды і чаму б не прымаць турыстаў здалёк з начоўкай? Прама на тым жа пляжы запрасіць у цікавае падарожжа па тэрыторыі раёна з экскурсіяй у сталіцу "Славянскага базару".
Возера Лосвіда — добра знаёмае месца адпачынку не толькі жыхарам Віцебска, ад якога яно недалёка. Пляж на момант майго прыезду быў, мякка кажучы, далёкі ад ідэальнага стану. Ставяць машыны адпачывальнікі недалёка ад берага, у так званай водаахоўнай зоне. Паўсюль — сляды ад вогнішчаў. Хто сочыць за парадкам? Вядома, калі пападзешся пры парушэнні на вочы эколагам, аштрафуюць. Дык не будзе ж за кожным пляжам сачыць прадстаўнік экалагічнай службы?
Пра тое, што, на жаль, большасць пляжаў не адпавядае існуючым патрабаванням, пісалася шмат. І ў выніку? Як расказалі кампетэнтныя адказныя асобы, нярэдка чыноўнікам прасцей зрабіць так, каб пляж такім на паперы не з'яўляўся. Калі няма афіцыйнага пляжа, дык і ламаць галаву не трэба, каб ім займацца. Прыкладаў прыватных пляжаў і зон адпачынку ва ўсёй краіне, на жаль, яшчэ мала. Нявыгадны бізнэс? Дык вывучайце вопыт нават не Турцыі, а суседніх краін Еўрасаюза, дзе дзелавыя людзі і ў глыбінцы зарабляюць па прынцыпе: дзе людзі, там павінны быць паслугі.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.