Кракавяк з лезгінкай. ІХ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур распачнецца сёння канцэртам у Белдзяржфілармоніі
Нягледзячы на тое, што заключны этап свята адбудзецца толькі праз год у Гродне.
Традыцыйна пасля адкрыцця фестывалю ў сталіцы святочныя мерапрыемствы з удзелам нацыянальных дыяспар праходзяць па ўсёй краіне. Журы, у склад якога ўваходзяць спецыялісты ў розных сферах мастацтва, выязджае ў беларускія гарады і вёскі, каб адабраць да ўдзелу ў заключным фестывалі ў Гродне самых яркіх і таленавітых прадстаўнікоў нацыянальных культур, якія пражываюць на тэрыторыі нашай краіны.— Гэты фестываль з’яўляецца адным з самых важных і цікавых у разнастайнай палітры фестывальнага руху. Для нашай краіны ён найбольш актуальны, — лічыць намеснік міністра культуры Тадэвуш Стружэцкі. — У Беларусі пражываюць прадстаўнікі звыш 140 нацыянальнасцей. Амаль кожная з іх мае ўласныя творчыя калектывы, якія, безумоўна, узбагачаюць і развіваюць нашу агульную нацыянальную культуру.