Жыццё за кадрам, альбо Як здымаюць "Калыханку"

Источник материала:  
07.06.2011 14:01 — Новости Общества

Жыццё за кадрам, альбо Як здымаюць "Калыханку"

  • Ілья ЛАПАТО, фота Марыны БЕГУНКОВАЙ, Звязда

Прасторны павільён Белтэлерадыёкампаніі, дзе "жывуць" Маляваныч і кампанія, ажывае кожны панядзелак а 10-й гадзіне. За дзень тут здымаюць адразу пяць выпускаў праграмы — на ўвесь тыдзень, таму акцёры Іна Ганчар, Эмілія Пранскутэ, Уладзімір Варанкоў, Аляксандр Ждановіч і Алена Бікранёва могуць смела назваць бутафорскі пакой другім домам. Прынамсі, па панядзелках.

— Вось кажуць, што панядзелак — цяжкі дзень, — гаворыць рэжысёр "Калыханкі" Наталля Дандукова. — Для нашай жа каманды ён цяжкі, пакуль мы не дайшлі да студыі (усміхаецца. — аўт.). Там ужо пачынаюцца весялосць, жарты і розыгрышы. Для нас панядзелак — яркі дзень.

Хто ў цераме жыве?

Сёлета якраз "Калыханку" назвалі лепшай праграмай для дзяцей і юнацтва падчас 7-й нацыянальнай прэміі "Тэлевяршыня", і, як трапна пажартаваў тады акцёр Аляксандр Ждановіч (ён жа Маляваныч), "дзякуй, што за 30-гадовую гісторыю "Калыханка" ўсё ж не засталася незаўважанай".

...На здымачнай пляцоўцы 10 сафітаў: у кадры — вечар. Ля мікшарскага пульта нясе вахту гукарэжысёр, мастак па касцюмах нарыхтоўвае чарговыя аксесуары для Яны і Топы. Максімальна сканцэнтраваная рэжысёр (яна пастаянна робіць паметкі ў сцэнарыі) і ўважлівы аператар — вочы праграмы.

Глядач не бачыць, як пад сталом, седзячы на падушках, а часта і проста, на кукішках, лялькамі кіруюць акцёры. Не бачыць гэтых чаравікаў, адстаўленых убок, — нехта з артыстаў пераабуваўся; не бачыць прымацаванага да ножак стала сцэнарыя, па якім арыентуюцца акцёры. Не бачыць мінеральнай вады пад сталом, непрыкметным застаецца і маленькі тэлевізар, па якім акцёры адсочваюць карцінку з камеры. Але адно адчуваюць дакладна — шчырыя эмоцыі і пазітыўны настрой, які ад артыстаў перадаецца і лялькам.

Рэжысёр дае каманду. Хвілінная гатоўнасць. Паехалі.

— Мы часам адну "Калыханку" пішам трыццаць хвілін, а іншы раз — і чатыры з паловай гадзіны, — расказвае "Звяздзе" акцёр Уладзімір Варанкоў, які агучвае мядзведзяня Топу. — Шмат бывае драбязы, якую дэталізуюць сцэнарысты, таму даводзіцца дэманстраваць кожны жэст.

— У мяне кожны сцэнарый за ўсе 20 гадоў, якія я працую ў якасці Топы, пачынаецца са слёз, — працягвае з усмешкай Варанкоў. — Чытаю сцэнарый і дзіву даюся: "На дрэве вісіць Топа галавой уніз і трымае ў лапах арэлі, на якіх катаецца Яна..." Вы ўявілі? — Тут чалавек такое ці зробіць, а трэба, каб лялька. А такі сцэнарый — кожны другі. Нашы сцэнарысты часам настолькі захапляюцца, што забываюць пра акцёраў. "Топа і Яна падыходзяць да шуфляды, выцягваюць яе і пачынаюць там корпацца, а знайшоўшы неабходную рэч, прыносяць яе да стала". Усё добра, каб гэта рабіў чалавек. А ты прапаўзі ракам ад стала да шуфляды, высунь, пакалупайся, дастань і прынясі (усміхаецца. Аўт.). І ты — лялька!

Жыццё за кадрам, альбо Як здымаюць "Калыханку"

Але часамі бывае наадварот: чым цяжэйшыя ўмовы ў сцэнарыі, тым больш нечаканым атрымліваецца эфект:

— Калі аднойчы напісалі, што Сплюшык катаецца на каньках на лёдзе, мы доўга думалі, як гэта зрабіць, — распавядае акцёр. — Бо лялька змайстравана такім чынам, што ногі ў яе не могуць рухацца. Але ў выніку Сплюшык у нас не толькі стаяў на каньках, але і катаўся, і нават падаў.

І рукі, і вочы ў акцёраў падчас здымак занятыя. Таму, каб не вучыць на памяць сцэнарыі да ўсіх пяці выпускаў, акцёры прымацоўваць сцэнарый да ножак стала, а для зручнасці абводзяць у гэтых паперках свае словы фламастарам:

— Мы спрабавалі ўжо за гэтыя гады сцэнарыі вучыць. Але калі стрымліваецца тэкст, знікае імправізацыя. А дзяцей не падманеш — таму, каб было прасцей, тэкст чытаем з лістоў.

"Хто звязвае шнуркі Маляванычу?"

І калі акцёраў, якія працуюць пад сталом, ніхто не бачыць, то акцёр Аляксандр Ждановіч працуе ў кадры. А як ён запамінае свае словы? Маляваныч — стрэляны верабей. Ён свае словы ... прымацоўвае да камеры.

— Зрок у мяне добры, — працягвае акцёр. — Ён і выручае — я вешаю тэкст на самую камеру і падглядаю (усміхаецца.Аўт.). А чытаць так, каб гэтага не заўважылі гледачы, — гэта сапраўднае мастацтва (смяеццаАўт.). За 15 гадоў, якія я правёў у вобразе Маляваныча, гэтым майстэрствам авалодаў цалкам.

Як расказала "Звяздзе" рэжысёр перадачы Наталля Дандукова, акцёры, якія працуюць пад сталом, — вялікія аматары да розыгрышаў.

— Часцей за ўсё, пакуль Маляваныч сядзіць на крэсле, яны прывязваюць яму шнуркі да ножкі стала альбо крэсла — і акцёр устае ўжо разам з крэслам (смяецца. — Аўт.). Вось толькі я ніколі не паспяваю заўважыць, хто гэта робіць: Яна ці Топа...

— У нас заўжды весела, — прызнаецца актрыса Іна Ганчар, якая агучвае лісічку Яну. — А яшчэ сцэнарыі касцюміраваныя!

Сцэнарысты: "Іграць дзяўчат-красунь Маляваныч адмаўляецца"

Сярод сцэнарыстаў "Калыханкі", як ні дзіўна, мужчын няма. Сюжэты да дзіцячай перадачы прыдумляюць жанчыны: Вольга Шчукіна, Ларыса Есарція, Алена Фурсава, Наталля Грэчышкіна і Вольга Асмолава. У кожнай з іх ёсць свой месяцовы тэмплан — 22 сцэнарыі "Калыханкі" на пяцярых. У выніку за месяц кожная падае па шэсць-сем тэм.

— З сямі тэм у аўтара прымаецца 4-5, — праводзіць лікбез Ларыса Есарція, — Дзелім па-брацку: амаль у кожнай з нас раз на тыдзень выходзіць свая тэма. Загадчык аддзела сочыць, каб тэмы не паўтараліся. Выпуск адной "Калыханкі" доўжыцца 14 хвілін. Падводка — тры хвіліны. Гэта значыць, трэба напісаць каля 2,5—3 лістоў у друкаваным варыянце. Але адна рэч — напісаць, іншая — ажывіць на экране, дзе працуюць ужо ўсе разам: і рэжысёр, і аператар, і акцёр.

— А раней працавалі без тэмплана, — узгадвае сцэнарыст Алена Фурсава. — Гэта сёння трэба канкрэтныя тэмы заяўляць. Я часам лаўлю сябе на думцы, што на гэтую тэму я ўжо пісала (смяецца. — Аўт.), але пасля падумаеш і знаходзіш нейкі іншы паварот. Галоўнае, каб маленькім было цікава. Мову стараешся наблізіць — глядзіш на свет вачыма дзіцяці.

Жыццё за кадрам, альбо Як здымаюць "Калыханку"

Жартаўліва ўзгадваюць жанчыны і выпадак з акцёрам Аляксандрам Ждановічам:

— Маляваныч заўсёды просіць: давайце мне вобразы, чаму я ў вас заўсёды такі сухар. Дык мы яго і Кашчэем, і дамавым, і лешым, і піратам... Аднойчы мы загуляліся і... Тэма была "Гуканне вясны". І Маляваныч па сцэнарыі павінен быў пераапрануцца ў дзяўчыну-красуню — з вянком на галаве. Але іграць жанчыну акцёр адмовіўся. Давялося на хаду перарабляць сцэнарый — чучала лялькі зрабілі з саломы...

***

— Калі ў дзіцячым садку ў маёй унучкі пытаюць, ці праўда гэта, што яе дзядуля — Топа, яна адказвае: мой дзядуля толькі дапамагае Топу, — з гонарам адзначае акцёр Уладзімір Варанкоў. — Увогуле, выпускі "Калыханкі" стараюся не прапускаць. А апошнія тры з паловай гады, як нарадзілася ўнучка, прапусціць калыханку нельга зусім: роў па хаце стаіць такі, што ого-го! У такія хвіліны сваю працу люблю яшчэ больш (усміхаецца. — Аўт.)

Топ-5 фактаў пра "Калыханку":

1. Назву "Калыханка" (ад слова "калыхаць") упершыню прыдумала рэдактар галоўнай рэдакцыі "Калыханкі" Ніна Шоба. Кажуць, гэтую назву жанчына прысніла.

2. У кадры герой Маляваныч носіць акуляры, але насамрэч зрок у акцёра Аляксандра Ждановіча добры і акулярамі ён не карыстаецца.

3. Усе акцёры "Калыханкі" маюць прафесійную адукацыю і працуюць у тэатрах.

4. Каб зняць напружанне пасля працоўнага дня, акцёр Уладзімір Варанкоў кожны панядзелак ходзіць у лазню.

5. Некаторы час усе мультфільмы ў праграме перакладаліся на беларускую мову. Але ад гэтай ідэі ў выніку адмовіліся: вельмі цяжка было знайсці беларускамоўных артыстаў, якія маглі б дакладна перадаць тэмбр галасоў вядомых акцёраў Папанава і Лявонава.  

←Минобразования Беларуси разъяснило порядок исчисления трудовых отпусков педработников детсадов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика